Гамельчукам, якія пад спайсам выразалі вочы сябру, просяць 11 і 14 гадоў

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля завяршаецца суд па справе, калі два маладыя хлопцы пад уздзеяннем спайсаў выкалалі вочы прыяцелю і нанеслі яму іншыя траўмы. 29 красавіка ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў, інфармуе БелаПАН.

Пацярпелы, 23-гадовы Дзмітрый, на адну траціну страціў працаздольнасць, ён цалкам пазбавіўся зроку. Хлопец атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, рэзаныя і ірваныя раны твару, страціў зрок.

Абвінавачаным інкрымінуецца незаконны абарот наркатычных і псіхатропных сродкаў і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Намеснік пракурора Гомеля Дзяніс Мікуш папрасіў прысудзіць абвінавачанага Максіма да 14 гадоў пазбаўлення волі, а Аляксандра — да 11 гадоў пазбаўлення волі. Таксама абвінаваўца папрасіў суд спагнаць з абвінавачаных разам 1 мільярд рублёў. Пацярпелы падаваў пазоў на 1 мільярд рублёў з кожнага абвінавачанага.

Адвакат Аляксандра прасіла апраўдаць яе падабароннага па абвінавачанні ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Яна адзначыла, што няма доказаў, што менавіта ён нанёс траўмы прыяцелю, а ўсе сумневы павінныя трактавацца на карысць абвінавачанага.

Адвакат Максіма папрасіў суд апраўдаць падабароннага па справе аб наркотыках і адзначыў, што па артыкуле аб цяжкіх пашкоджаннях няма дастатковых доказаў віны ягонага падабароннага.

Аляксандр у апошнім слове прасіў прабачэння ў пацярпелага, яго маці і свайго бацькі. Абвінавачаны Максім не прасіў ні ў каго прабачэння. Ён заявіў, што пацярпелы сам і захоўваў, і прапаноўваў іншым спайс.

Нагадаем, што трагедыя адбылася 21 ліпеня 2014 года. Суседзі выклікалі міліцыю на кампанію маладых людзей, якія шумелі, бегалі голыя, кідаліся з акна патэльняй. Хлопцы былі пад уздзеяннем наркотыкаў. На месцы міліцыянты пабачылі хлопца, у якога былі выдаленыя абодва вокі, парэзаны твар. Тым не менш ён адказваў на пытанні праваахоўнікаў, а таксама спяваў песні і казаў, што бачыць белы свет. Яго прыяцелі распавядалі на судзе, што бачылі нейкіх бостваў, Алаха, драконаў, белыя чарапы і г.д.

Прысуд па справе будзе абвешчаны 4 траўня.

Фота — c-z-m.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі