На "Жданах" са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя кропкі

Цягнік з “Мінска-Пасажырскага” да “Лебяжага” амаль пусты, на прыпынку выходзіць усяго дзесятак чалавек. Разам з імі іду да шэрагаў гандлёвых кропак. Яны амаль усе закрытыя. Пенсіянерка Алена гандлюе на “Жданах” 7 апошніх гадоў. Кажа, што апошнім часам пакупнікоў зусім няма:

“Пакупнікі? Пакупнікоў тут ужо даўно няма. Мы ўжо тут хутка развучымся размаўляць з імі. Гэта такое становішча ў краіне, калі ў людзей заробкі панізіліся, калі людзей перавялі на 4-дзёнку, адправілі іх у неаплачваемыя адпачынкі. Якія могуць быць пакупнікі… Даношваюць тое, што ёсць. Цяпер хоць бы камуналку аплаціць і паесці”.

Працоўны дзень Алены цяпер выглядае так: у 9 гадзін едзе на гандлёвую кропку, чытае там сваю электронную кніжку, п’е гарбату, абедае з суседкамі, потым зноў чытае. Гадзін у 17 закрывае кропку і едзе дадому. Пакупнікоў няма. Стаіць на рынку, хутчэй, па звычцы. У дадатак да 1 сакавіка трэба прадаць стары тавар, пакуль на яго не патрабуюць сертыфікатаў.

Каб выйсці ў нуль, прадпрымальніцы трэба прадаць 140 сукенак за месяц

Шыльды "Распродаж" і "Зніжкі" можна пабачыць амаль на кожным куце з таварам.

Віктар, які гандлюе на “Ждановічах” разам з жонкай, таксама скардзіцца на 222-гі Указ кіраўніка краіны:

“Калі будзе прыняты закон, то, значыць, разам усе зачынімся. І ўсё. Дзяржава не атрымае ў бюджэт падаткі, арэнду не атрымае за нашы месцы гандлёвыя. Нам няма чаго рабіць. Закрыемся. Парушаць закон мы не будзем, таму што вялізныя штрафы”.

Падаткаў Віктар плаціць крыху больш за 3 мільёны ў месяц. Яшчэ 7 — арэнда. Агулам каля 10 мільёнаў. Пасля 1 сакавіка трэба заплаціць яшчэ і за сертыфікаты якасці на кожную рэч. Гэта да тысячы долараў за штуку. Калі пытаюся, ці рэальна пацягнуць такую суму, Віктар закатвае вочы і смяецца.

Распрадаюць на "Жданах" не толькі тавар, але і гандлёвыя кропкі.

Непад’ёмнымі сертыфікаты аказваюцца і для пенсіянеркі Алены. Яна расказвае, што за яе тавар — жаночыя штаны і джынсы — трэба заплаціць у сярэднім па 3 мільёны за паперу. Расказвае, што неяк з цікавасці села падлічыць, колькі ўсяго адзінак з яе асартыменту патрабуюць сертыфікатаў. На 40 мільёнах лічыць перастала. Выйсце — гандляваць беларускімі рэчамі. Але яны альбо зусім ніякія, альбо вельмі якасныя, але дарагія. Але людзі слаба купляюць нават адносна танную кітайскую вопратку. Алена гаворыць, што цяпер за шчасце прадаць 1-2 рэчы за дзень:

“Калі ў мяне за дзень нешта набудуць, то я палячу шчаслівая на крылах! Вы такія пытанні задаяце… Я ж гавару, хутка з людзьмі тут развучымся гаварыць. Руху тут ніякага ўвогуле няма. “Ждановічы” лічацца рынкам выходнага дня, сюды больш з-за Мінска прыязджалі людзі. Але цяпер шмат хто і ў выходныя стаіць па нулях. 1-2 рэчы прадаць — гэта ўжо шчасце. Гэта ўжо ёсць, з чым у краму схадзіць, ёсць чым пакарміць сям’ю”.

Пасля 1 сакавіка Алена думае зварочваць бізнэс, а рэшткі тавару павязе прадаваць у Расію — там дзейсныя сертыфікаты, якія беларусы атрымоўвалі, купляючы тавар на маскоўскіх рынках. Калі падасць, пойдзе шукаць працу ў дадатак да 2-х мільёнаў пенсіі.

У Віктара пенсіі няма. Што будзе рабіць пасля 1 сакавіка — не ведае. Працягваць гандляваць не бачыць сэнсу. Кошты на стары тавар разлічаныя сыходзячы з курса ў 11 тысяч за долар. Калі разлічваць з новым курсам, ды яшчэ з коштамі сертыфікатаў, атрымаецца нашмат даражэй. Але людзі цяпер не набываюць рэчы нават па старых коштах. Можна нават тыдзень прастаяць і не прадаць нічога:

“Ніхто не скажа, колькі тут цяпер людзі нагандляваць могуць. Было такое, што тыдні два і па нулях стаялі. У будні ўвогуле нікога няма. Калі адзін чалавек зойдзе памераць нешта, то гэта добра. Людзей няма! Пахадзіце, паглядзіце тут да канца дня. Вы самі ўсё ўбачыце”.

Словы гандляроў пацвярджаюць пустыя шэрагі гандлёвых цэнтраў і распродажы. Прычым, прадпрымальнікі са зніжкамі распрадаюць і тавар, і нават свае кропкі. Заўважаючы мяне з фотаапаратам, гандляры запрашаюць прыехаць на “Жданы” пасля 1 сакавіка. Маўляў, будуць прыгожыя кадры мёртвага закінутага рынка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі