Гарналыжны цэнтр "Сонечная даліна" адкрылі недабудаваным

Цэнтр адкрылі яшчэ ў лістападзе, але калі выпаў снег, высветлілася, што будаўнікі не правялі спецыяльнае абсталяванне.
Горналыжны цэнтр "Сонечная даліна", які пампезна і ўрачыста адчынілі ў Мінску яшчэ ў лістападзе, не працуе. Будаўнікі сарвалі ўсе графікі, і працаваць ён пачне толькі ў наступным годзе.

"Адміністрацыйны будынак яшчэ не адчынены, там вядзецца будаўніцтва, працуе толькі табаган", — распавялі Еўрарадыё ў "Беларускай асацыяцыі гарналыжнага спорту і сноўборда".

Іван Трубачоў толькі два месяцы працуе дырэктарам цэнтра і ўжо паспеў адчуць колькі існуе праблем — будаўнікі зрываюць усе графікі і справа стаіць на месцы.

"Затрымліваюць пастаянна будоўлю. Сарвалі ўсе графікі. Павінны былі раней зрабіць, але не зрабілі. Ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Але тое, што кепская арганізацыя будаўніцтва — гэта сто працэнтаў. Гэта па пляцоўцы відаць. Праекціроўшчыкі таксама не на вышыні тут былі. Робяць доўга, робяць кепска, робяць некваліфікавана".

Паразмаўляць жа з генеральным падрадчыкам будаўніцтва фірмай "Тафік" не атрымалася. Выканаўчы дырэктар фірмы сказаў, што адкрыццё ужо было і ўсё нармальна.

"Па будаўніцтву горак зараз ідзе толькі першы этап, а трэці апошні этап будзе ў наступным годзе".



Чаму ж цэнтр адкрылі недабудаваным, генпадрадчык параіў запытацца ў заказчыка. А заказчык — упраўленне капітальнага будаўніцтва Кастрычніцкага раёна. Яўген Сцяпанаў, старшыня УКБ, спаслаўся на моцную занятасць і размаўляць адмовіўся, прасіўшы патэлефанаваць "калі-небудзь потым".

Што ж датычыцца паўнавартаснага адкрыцця гарналыжнага цэнтра, то чакаць яго можна не раней, як за студзень 2010 года, кажа Іван Трубачоў. Зараз трэба правесці водную сістэму і ўсталяваць снежныя пушкі, а дагэтуль нічога працаваць не будзе. Бо натуральны снег не прыдатны для лыжнага спорту.

"Зараз капаюць акопы і ўкладаюць трубы аснежвання. Вось па гары каб аснежваць трэба правесці ваду і кабель для пушак. Таму адкрыецца не раней за сярэдзіну студзеня, гэта я дакладна кажу".

Нагадаем, што яшчэ 22 лістапада выканаўца абавязкаў старшыні гарвыканкама Мікалай Ладуцька абвясціў, што гарналыжны цэнтр "Сонечная даліна" пабудаваны ў максімальна кароткія тэрміны — 2,5 гады. Гэта было на ўрачыстым адкрыцці цэнтра. Тады працавала толькі рэйкавая траса — табаган. Усё астатняе абяцалі адчыніць да 25 снежня.



Фота: interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі