Гары Паганяйла: Арганізатарам і выканаўцам тэракта пагражае расстрэл
Тых, хто замовіў і арганізаваў выбух у мінскім метро, і іх пасобнікаў будуць судзіць па адным артыкуле, лічыць юрыст.
Два дні прайшло ад выбуху ў мінскім метро. Тэракт забраў жыцці 12 чалавек. Каля 200 чалавек пацярпелі, каля 100 з іх дагэтуль застаюцца ў мінскіх лякарнях.
Па факце здарэння была распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 289 (тэрарызм), якая прадугледжвае вышэйшую меру пакарання. Еўрарадыё абмеркавала гэты артыкул з вядомым беларускім юрыстам Гары Паганяйлам.
“З улікам цяжкасці наступстваў арганізатары і непасрэдныя выканаўцы напэўна будуць прысуджаныя да вышэйшай меры пакарання. Беларусь практыкуе расстрэл. Я мяркую, што гэты надзвычайны выпадак і будзе ацэнены такім чынам”, — лічыць праваабаронца.
Прычым і арганізатараў, і выканаўцаў, і пасобнікаў будуць судзіць па адным артыкуле, працягвае Гары Паганяйла.
“Гэта можа быць ці злачынца-адзіночка, ці група па папярэдняй змове. Арганізатары, пасобнікі, выканаўцы — усе яны падлягаюць адказнасці па адным артыкуле. Як правіла, у такіх выпадках арганізатары і выканаўцы атрымліваюць па максімуме”.
Праваабаронца не можа прыгадаць, каб якое-небудзь злачынства ў найноўшай гісторыі Беларусі было расцэненае як тэрарызм. Хаця выбухі ў Беларусі былі і раней.
“Мы ведаем, што былі выбухі на нафтаправодзе “Дружба”, былі выбухі ў Віцебску. Быў падрыў будынку суда Савецкага раёну ў Мінску, быў выбух уноч на 4 ліпеня 2008 года. Але справы распачыналіся з іншым складам злачынства. Напрыклад, выбух у 2008 годзе быў расцэнены як хуліганскія дзеянні”.
Нагадаем, пасля выбуху ўночы з 3 на 4 ліпеня 2008 года была заведзеная крымінальная справа па артыкуле “злоснае хуліганcтва”. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае абмежаванне волі тэрмінам ад 3 да 7 гадоў. У выніку таго выбуху былі параненыя 54 чалавекі.
Сёлетні ж выбух у метро – гэта класічны прыклад тэракта, які не можа класіфікавацца па-іншаму, мяркуе Гары Паганяйла.
фота: belaruspartisan.org