Генпракуратура не знайшла парушэнняў у выказванні Лукашэнкі пра яўрэяў
Гэта вынікае з афіцыйнага адказу пракуратуры на зварот праваабаронцы Таццяны Равякі.
Генпракуратура не знайшла парушэнняў заканадаўства ў выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра яўрэяў. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу пракуратуры на зварот праваабаронцы Таццяны Равякі.
Нагадаем, выступаючы 29 красавіка са штогадовым пасланнем да народа і парламента, Лукашэнка згадаў, што даў даручэнне старшыні Мінаблвыканкама Сямёну Шапіры "ўзяць у Беларусі ўсіх яўрэяў пад кантроль" (гл. відэа). Таццяна Равяка ў сваім звароце прасіла Генпракуратуру правесці пракурорскую праверку і высветліць: "пад які кантроль кіраўнік дзяржавы даў распараджэнне паставіць дадзеную нацыянальную групу, у сувязі з якімі абставінамі і якой мэтай".
Праваабаронца таксама прасіла даць ацэнку гэтаму выказванню Лукашэнкі з мэтай высветліць, ці не змяшчаецца ў ім прыкмет "распальвання расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці".
У афіцыйным адказе за подпісам намесніка начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры Паўла Елісеева адзначаецца: "Зыходзячы са зместу Вашага звароту, звестак аб парушэнні заканадаўства ў ім не змяшчаецца, прыведзеныя Вамі довады носяць дыскусійны характар. Пры такіх абставінах падставаў для дазволу яго па сутнасці не маецца". Аналагічныя адказы атрымалі яшчэ некалькі грамадскіх актывістаў, паведамляе БелаПАН.
Зісер пра словы Лукашэнкі: Не ведаю, як можна кантраляваць усіх яўрэяў
Лукашэнка пра кантроль яўрэяў, "рускі свет" і баевікоў-беларусаў ва Украіне
Фота: БЕЛТА