Глядзіце на Беларусь з аптымізмам

Здалёк было чуваць беларускую рок-музыку, а над будынкам кінатэатру луналі бела-чырвона-белыя сцягі. У прэстыжным варшаўскім кінатэатры „Муранаў” 20 сакавіка адбыўся паказ найноўшага фільма Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Такім чынам Варшава, а дакладней кіно “Муранаў” ды Зьвяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі адзначылі ўгодкі паўстання намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы. Гэтая плошча для ўдзельнікаў тых падзей назаўсёды застанецца плошчай Каліноўскага. Між іншым, пра гэта вялося і ў фільме Хашчавацкага.

У фае кінатэатру размясцілася фотавыстава, якая прадстаўляла масавыя вулічныя акцыі ў Беларусі. Арганізацыя Amnesty International збірала подпісы пад патрабаваннем звальнення вязняў палітычных.

Гледачы, якіх было болей за 70 асобаў, былі крыху расчараваныя адсутнасцю на сустрэчы рэжысёра. Спадар Хашчавацкі захварэў на бранхіт і прыехаць не здолеў, але пераказаў свае словы гледачам: "Я вельмі прашу, нягледзячы ні на што, глядзець на сітуацыю ў Беларусі з аптымізмам.

Пасля Плошчы я зразумеў, што ў Беларусі з’явілася новае пакаленне, пакаленне свабодных людзей, якія любяць беларускую мову, беларускую культуру. Яны гарантыя суверэнітэту Беларусі і яе адраджэння. Вельмі прашу, глядзіце на Беларусь з аптымізмам!"

Падчас прагляду гледачы смяяліся з беларускага абсурду ды жахаліся з рэаліяў. А пасля завяршэння фільму адбылася доўгая дыскусія пра значэнне намётавага мястэчка для гісторыі, пра беларускіх лідэраў, шляхі развіцця ды шмат чаго іншага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі