Google, Facebook і Microsoft хочуць распавесці пра запыты спецслужбаў
Вядучыя амерыканскія кампаніі лічаць, што ім няма чаго хаваць.
Кампаніі Google, Facebook і Microsoft звярнуліся да амерыканскага ўрада. Яны просяць, каб ім дазволілі раскрыць інфармацыю пра запыты спецслужбаў наконт звестак кліентаў гэтых кампаній.
Нагадаем, што нядаўна была апублікаваная інфармацыя, быццам амерыканскія ўлады атрымалі прамы доступ да сервераў дзевяці найбуйнейшых амерыканскіх тэхналагічных кампаній, уключаючы Google і Apple.
У кампаніі Google заяўляюць, што гэта "няпраўда". І дадаюць, што немагчымасць раскрыць такога роду інфармацыю па існых правілах "падлівае смалы ў агонь спекуляцый".
У заяве Microsoft, якую цытуе ВВС, гаворыцца, што "вялікая празрыстасць наконт агульнага ліку і маштабаў нацыянальных запытаў, якія тычацца бяспекі, у тым ліку і запытаў у адпаведнасці з законам FISA, дапамагла б грамадству зразумець і абмеркаваць гэтыя важныя праблемы".
Прадстаўнік кампаніі Facebook заявіў, што кампанія хацела б падаць "поўную карціну ўрадавых запытаў, якія мы атрымалі, і як мы на іх адрэагавалі".
Усе амерыканскія інтэрнэт-кампаніі адмаўляюць перадачу дадзеных сваіх сервераў амерыканскаму ўраду.
Фота — positime.ru