Гродзенскія памежнікі адпусцілі польскага парапланерыста-нелегала
Паляк, які выпадкова заляцеў на тэрыторыю нашай краіны, за кратамі правёў амаль два тыдні.
Польскі парапланерыст, які выпадкова перасек мяжу з Беларуссю, 3 жніўня вярнуўся дадому, паведамляе “Газета Выборча”. Грамадзяніна суседняй краіны, якому ўсяго 26 гадоў, беларускія памежнікі перадалі сваім калегам на пераходзе ў Кузніцы.
Цяпер пілота-аматара чакаюць непрыемныя размовы з польскімі памежнікамі, яго ўжо паінфармавалі аб неабходнасці з’явіцца ў памежную камендатуру ў Баброўніках.
“Малады чалавек меў з сабой радыёстанцыю, смартфон, ліхтарык, сродкі першай медыцынскай дапамогі, таблеткі, права на кіраванне аўтамабілем, крэдытныя карткі і грошы. Паводле слоў грамадзяніна Польшчы, ён страціў арыентацыю ў паветры”, — гаворыцца ў паведамленні памежных служб. Акрамя арышту, паляка аштрафавалі на суму, прыкладна роўную 650 доларам.
Нагадаем, польскага парапланерыста гродзенскія памежнікі затрымалі на тэрыторыі Беларусі 22 ліпеня з дапамогай мясцовых жыхароў. Ён патлумачыў ім, што вылецеў з Беластока, згубіўся і прызямліўся на беларускай тэрыторыі.