Грузаперавозчыкі: Ля Дома Ураду запішам відэазварот да Лукашэнкі

Хто пацярпеў з-за сістэмы аплаты дарог у Беларусі?

4 лютага грузаперавозчыкі, якія праштрафіліся на платных дарогах у Беларусі, хочуць правесці акцыю ля Дома ўрада. Адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Штода — уладальнік невялікай фірмы, якая мае дзве машыны і мусіць выплаціць штраф у 10 тысяч еўра. Паводле яго слоў, мэта такога збору — запісаць відэазварот да кіраўніка Беларусі. Бо пасля таго, як улады адмовілі фірмам і індывідуальным прадпрымальнікам у абяцанай амністыі па штрафах, станоўча паўплываць на сітуацыю можа толькі прэзідэнт.

Еўрарадыё: Як будзе выглядаць ваша акцыя? Вы паедзеце на плошчу Незалежнасці на фурах ці пойдзеце пешшу?

Сяргей Штода: На фурах не паедзем, і натоўпам ніхто нікуды не пойдзе. Я проста папрасіў сабрацца тых, каго закранула гэтая праблема: менавіта кіраўнікоў арганізацый, і кіроўцаў, якія працуюць як індывідуальныя прадпрымальнікі. Мы проста хочам сабрацца і зрабіць відэазварот да Лукашэнкі. То бок, нічога супрацьзаконнага, кшталту падпальвання колаў ці біцця шкла, не будзе. Мы хочам паказаць, што мы ёсць, што ёсць гэта праблема, і хочам, каб прэзідэнт зразумеў, што ў кабінетах, куды мы звяртаемся цягам 2-х гадоў, чамусьці паказваюць пальцам уверх, і ўсе канцы вядуць да яго. Таму, калі мы не можам дабіцца змены сітуацыі па-іншаму, паспрабуем так.

Еўрарадыё: Колькі фірм пацвердзілі свой удзел у запісе відэа?

Сяргей Штода: Я не лічыў. Але ўсе, каму тэлефаную, пагаджаюцца прыйсці.

Еўрарадыё: Чаму менавіта цяпер вы вырашыліся на гэты крок: праблема існуе паўтара года?

Сяргей Штода: Праблема існуе даўно, але нам абяцалі з ёй разабрацца. Паўтара года мы кантактуем з Міністэрствам эканомікі, юстыцыі, фінансаў, транспарту, і ўсе яны выступаюць за тое, каб пытанне вырашылася. Бо ўсе выдатна разумеюць, што гэта абсурд. Нас запэўнілі, што ніякіх праблем не будзе, і ў прынцыпе, мы так і працавалі ціхенька паўтара года, ведаючы, што ўсё гэта вырашыцца ў любым выпадку, бо наездзіць за 3 месяцы 50 тысяч еўра ці 80 — гэта поўная лухта! Але чаму ад пачатку нельга было паставіць нейкі камп'ютар-робат, як у тэлефонных аператараў, каб прыходзіла смс, маўляў, няма грошай, папоўні баланс, а то адключым. Чаму, калі нуль, яны адразу адключаюць? Навошта яны адмыслова робяць так, каб у чалавека накапілася 80 тысяч еўра штрафу — у Смалявічах ёсць арганізацыя, якая атрымала 170 актаў? Чаму нельга было на 10 акце ім паведаміць, проста "глухара" пусціць, смс даслаць ці ліст на электронную пошту? Сказаць, што ў вас праблемы, спыніцеся, разбярыцеся, таму што фіксуюцца парушэнні? Не. Гэтага ніхто не робіць. Яны чакаюць, калі парушэнняў назбіраецца цэлая гара, калі можна пачынаць усё спусташаць.


Навошта ўсё гэта робіцца? Для чаго? Разарыць? Паставіць на калені? Увесці ў яму, у вакуум усіх перавозчыкаў, каб яны ўсё жыццё былі вінныя? То бок, першапачаткова была высакародная місія — так, мы прыбярэм наяўны разлік, зробім прасцей, не трэба будзе з чэкамі вазіцца. Так, добра. Але наступствы якія? Зрабілі адну добрую справу і 50 кепскіх паралельна. І цяпер даводзіцца ўсё гэта разграбаць: У Мінфіне кажуць, што гэта не мы, гэта Саўмін. Прыходзіш у Саўмін: "Ой, гэта не мы, гэта вам да прэзідэнта". Ну, раз паказваеце пальцам у неба, будзем цяпер звяртацца ў неба.

Мы маўчалі ўвесь гэты час, таму што нас прасілі пачакаць, маўляў, заўтра ўсё вырашыцца. Яны самі кажуць, што трэба было ўводзіць тэставы рэжым. А аўстрыйцы, якія прапанавалі гэтую сістэму, запэўнівалі, што ўсё будзе добра, што ў іх ёсць досвед. Ну, як ёсць досвед? Калі толькі мінус на рахунку, то адразу ўлятаеш на 260 еўра. Едзеш далей — яшчэ 260 еўра, далей — яшчэ. І так людзі ездзяць. Тры месяцы цябе можа ніхто не спыніць, ніхто не папярэдзіць, і ты накатаеш шалёныя сумы.

Еўрарадыё: Што будзеце рабіць, калі вашы патрабаванні застануцца без увагі?

Сяргей Штода: Нашы дзеянні будуць больш рашучымі. Мы і цяпер гатовыя да іх. Але хочацца рашыць усё па-людску.

У Беларусі сістэму платных дарог BelToll запусцілі ў жніўні 2013 года. Тады многія яшчэ не ведалі, як ёй карыстацца, а некаторыя зусім не былі ў курсе, што ім за дарогі трэба плаціць. Тады за першы месяц колькасць парушэнняў была неймавернай. Пад абавязковую аплату трапілі ўсе машыны з замежнымі і транзітнымі нумарамі незалежна ад грамадзянства кіроўцы, беларускія фуры, аўтобусы, грузавыя машыны і мікрааўтобусы, якія змяшчаюць больш за 8 пасажыраў.

За месяц на платных дарогах зафіксавалі 110 тысяч парушэнняў (штрафнік-рэкардсмен наездзіў амаль на 5 тысяч еўра)

За першы месяц пасля ўвядзення аплаты за праезд па дарогах многія аўтаўладальнікі, прыватныя і дзяржаўныя фірмы атрымалі велізарныя штрафы. Спачатку ім абяцалі амністыю. Але ў выніку штрафы давялося плаціць.

BelToll: Нас абвінавачвалі, маўляў, зрабілі сістэму, каб збіраць штрафы

Гэта насамрэч не зусім так. Аплату за праезд па дарогах сабралі больш, чым штрафаў. Толькі 600 тысяч еўра "парушальнікам" вярнулі, прызнаўшы памылку.

З моманту запуску BelToll інспектары сабралі 12,7 мільёна еўра за парушэнні

Але варта адзначыць, што за аплату дарог за гэты час сабралі толькі ў 2 разы больш, чым штрафаў.

Мінфін: У 2014 годзе за аплату дарог у Беларусі сабралі каля $32 млн

Штрафы ідуць у дзяржбюджэт, куды ж пойдуць грошы, сабраныя за дарогі? У новаствораны дарожны фонд.

Куды пойдуць грошы дарожнага фонду і адкуль іх возьмуць (інфаграфіка)

Між тым, платных дарог стане больш. Згодна з дзяржпраграмай, да 2020 года працягласць платных дарог павялічыцца да 1968 км. За 2015-2019 плануюць сабраць 5,7 трыльёна рублёў за праезд па іх.

У 2019-м з'явіцца 520 км новых і хуткасных дарог, 2-я кальцавая — праз год (інфаграфіка)

Увогуле з платнымі дарогамі звязана шмат розных чалавечых гісторый. Нехта змог дамагчыся вяртання грошай, а нехта так і застаўся без сваіх 4 тысяч еўра. Еўрарадыё сабрала самыя цікавыя гісторыі.

Паўгода грамадзянін Славакіі плаціў за беларускія дарогі, заплаціў 250 еўра, а яго яшчэ і аштрафавалі на 2150 еўра. Калі прыбор афармлялі, аператар “Белаўтастрады” зрабіў памылку.

"Супрацоўніца няправільна ўвяла лічбу. Замест RS, гэта значыць Рымаўска-Собата (Rimavska Sobota) — горад у Славакіі, дзе зарэгістраваны аўтамабіль, яна напісала RC".

Гэтую памылку сістэма палічыла неаплатай праезду, хаця грошы з рахунка спісваліся. Падрабязней гісторыю можаце пачытаць у нашым матэрыяле.

Пасля некалькіх публікацый гісторыі ў СМІ славаку вярнулі грошы, але гэта быў доўгі і складаны працэс.

Грамадзяніну Славакіі адмянілі штраф праз памылку прадаўца BelToll

А вось настаўніцы з Гродна Людміле Маціевіч так не пашанцавала. Яе аўтамабіль “Рэно Меган 3” стаіць на штрафстаянцы, а яна заплаціла штраф 3800 еўра. Падрабязна яе гісторыю можна пачытаць у матэрыяле Еўрарадыё.

Настаўніца, якую аштрафавалі на 3800 еўра за платныя дарогі, прайграла суд

У самым пачатку працы сістэмы аўстрыйца спынілі транспартныя інспектары і запатрабавалі штраф. Той плаціць не захацеў і ў адчаі вырашыў прарывацца праз мяжу.

У Брэсце аўстрыец "штурмаваў" мяжу на джыпе

Нядаўна сістэма аплаты дарог пацярпела ад народнага мсціўцы. Праўда, ён пераблытаў камеру BelToll з камерай ДАІ.

Хлопец, які расстраляў камеру BelToll, распавёў пра пакаранне (відэа)

А цяпер пратэставаць супраць штрафаў хочуць аўтаперавозчыкі. Некаторыя з кампаній праштрафіліся на 100 тысяч еўра.

Грузаперавозчыкі гатовыя спаліць свае машыны ля Дома ўраду

Фота: sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі