Guns N'Roses выступяць арыгінальным складам

Былы гітарыст Guns N'Roses Слэш, які на гэты момант з’яўляецца ўдзельнікам гурта Velvet Revolver, прызнаўся, што не выключае магчымасці ўз’яднання са сваім родным гуртом. Але толькі ў арыгінальным складзе і дзеля аднаго-двух выступаў, каб парадаваць прыхільнікаў. Падчас інтерв'ю телеканалу MTV Brazil музыка сказаў, што «гэта было вельмі даўно і, напэўна, ніхто з музыкаў не разглядае магчымасць уз’яднання ўсур’ёз. Гэта класная ідэя – адыграць некалькі шоў у арыгінальным складзе, плюс да гэтага запрасіць яшчэ і Stone Temple Pilots. Гэта была б цудоўная імпрэза! Дзеля забавы — чаму б і не?».

Нагадаю, што Слэш сыйшоў з Guns N'Roses яшчэ ў пачатку 90-х. Праз некаторы час за ім пайшлі басіст Даф Макаген і бубнач Мэт Сорум, якія выступаюць зараз разам са Слэшам у Velvet Revolver.

Такім чынам, у складзе цяперашняга Guns N'Roses адзін першапачатковы ўдзельнік — вакаліст Эксл Роўз. Вакалістам жа Velvet Revolver выступае Скот Вэйланд, былы франтмэн Stone Temple Pilots. Але з пераходам Скота ў Velvet Revolver калектыў перастаў існаваць.

Такім чынам выступ Guns N'Roses і Stone Temple Pilots на адным канцэрце — насамрэч цікавая ідэя. І калі Слэш і кампанія не супраць, засталося толькі дамовіцца з Экслам Роўзам.

Нагадаю, што новы альбом Velvet Revolver «Libertad» выходзіць 31 траўня гэтага году. Яго рэліз будзе падтрыманы сусветным турнэ, якое павінна пачацца да канца вясны.

Цікава тое, што музыкі гурта паабяцалі больш не выконваць на канцэртах песні з рэпертуару Guns N'Roses і Stone Temple Pilots, чым раней займаліся рэгулярна.

Фота webpages.csus.edu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі