Гурт "Дзецюкі" забралі ў міліцыю прама падчас здымак кліпа

У суботу, 8 лістапада, у полі ля Заслаўя гродзенскі гурт Dzieciuki здымаў кліп на песню "Хлопцы-балахоўцы" са свайго адзінага на сёння альбома "Гарадзенскі гармідар". Музыкі былі апранутыя ў ваенную вопратку часоў Грамадзянскай вайны, белых і чырвоных, гойсалі на конях. Тут жа былі гаспадары гэтых коней, гісторыкі-рэстаўратары, здымачная група. Як толькі здымкі скончыліся, прыкладна ў 17.30, на поле прыехаў аўтазак. Усіх прысутных пагрузілі і павезлі ў Заслаўскае аддзяленне міліцыі на разборкі.

"Прадстаўнікі міліцыі нікому нічога не тлумачылі. Яны забралі відэа, цалкам забралі зброю, хаця гэта была не зброя, а муляжы, забралі бел-чырвона-белы сцяг і іншую апазіцыйную атрыбутыку. Я не ведаю, якія будуць наступствы. Хутчэй за ўсё, мы будзем ісці як сведкі, а, магчыма, нас у чым-небудзь абвінавацяць", — разважае лідар "Дзецюкоў" Алесь Дзянісаў.

Адкуль "растуць ногі" ў гэтай гісторыі, Алесь не ведае. Кажа, што ў побытавым плане здымкі нікому не заміналі: яны адбываліся на палях, даволі далёкіх ад горада, ніякіх крыкаў ці шуму музыкі не рабілі. Хіба што, людзі ў вайсковай форме ды яшчэ з кулямётам, прыцягнулі да сябе ўвагу, калі пераходзілі з аднаго поля на іншае праз шасэ:

"Зразумела, відовішча было яшчэ тое: мы ўсе ў вайсковай форме, коні, тачанка з кулямётам "Максім". Таму, можа, хто з мясцовых сапраўды спужаўся і патэліў. А магчыма, проста ад самага пачатку ведалі, што будзе здымацца кліп, а я не адкрыю космас, калі скажу, што размовы могуць праслухоўваць ці праглядаць перапіску".

У аддзяленні міліцыі музыкаў пратрымалі амаль да 21.00. Неафіцыйна ім сказалі, што яны мусілі мець адмысловыя паперы на здымкі кліпа. А без іх здымачны працэс палічылі несанкцыянаванай акцыяй. Усе затрыманыя былі апытаныя. Задаваліся пытанні пра дзейнасць гурта, тэксты і аўтарства песень, да таго ж былі агледжаныя аўтамабілі ўдзельнікаў здымак. Прычым, падкрэслівае Алесь, стаўленне да затрыманых з боку АМАПа, які іх ахоўваў, і іншых супрацоўнікаў, было адэкватнае. Адзняты матэрыял кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён "для высвятлення зместу".

Алесь Дзянісаў не хоча звязваць затрыманне з "чорнымі спісамі", у якія нібыта ўваходзіць і гродзенская каманда. І тым больш музыка не хоча рабіць піяр на апошняй падзеі:

"Можа быць, што гэта ў нейкім сэнсе працяг забаронаў, а можа быць, што гэта проста так супала. Я ніколі не хацеў рабіць піяр на падобных штуках, маўляў, нам забараняюць, значыць, мы крутая каманда. Паўтаруся, мы не хочам рабіць на гэтым піяр і не будзем. Таму што гурт мусіць "браць" не нейкімі забаронамі, а песнямі і музыкай".

Фота са здымак Насты Рубанавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі