Гурт Yellow Brick Road на развітанне дасць “кватэрнік”
Не, гурт не развальваецца, а проста завяршае “беларускі” сезон. Перад канікуламі музыкі дадуць “хатні сэт” з сябрамі, кактэйлямі ды традыцыйнымі запіскамі ад фанаў.
“Беларускі” канцэртны сезон Yellow Brick Road вырашылі скончыць невялікім выступам у сталічным клубе “Кватэра №3”. Да гэтага часу там выступалі, у асноўным, дыджэі і электроншчыкі. А выканаўцы гітарнай музыкі — вельмі рэдка.
“Мы прыкінулі, як будзе выглядаць сцэна, ды вырашылі стварыць там цёплы хатні канцэрт: напалову “unplugged”, напалову лайф, — распавядае Еўрарадыё вакаліст Yellow Brick Road Ян Максімовіч. — Гэта будзе жывы сэт з крыху меншымі аб’ёмамі, але ўсё адно будзе шмат эфектаў, космасу, не так усё проста. Так мы будзем крыху бліжэй да людзей, чым былі на нашым апошнім канцэрце ў “Рэпабліку”. Да таго ж, можна будзе пагаварыць з гледачамі. Зладзім провады ў лета!”
Падчас канцэрта гурт прадставіць некалькі новых кампазіцый, якія самі музыкі ахрысцілі “вельмі дзіўнымі”. А на ўваходзе гледачоў сустрэнуць “чэк-барам” з ромам і колай.
Ужо на наступны пасля канцэрта дзень, 9 траўня, музыкі адправяцца ў гастролі па Еўропе. Таму ўсім прыхільнікам каманды раім не прапусціць канцэрт Yellow Brick Road у “Кватэры №3”. 8 траўня, пачатак у 19:00.