Хакеіст Коваль: Рашэнне ісці ў дэпутаты сябры-хакеісты сустрэлі жартамі

Хакеіст Коваль: Рашэнне ісці ў дэпутаты сябры-хакеісты сустрэлі жартамі

Былы брамнік Нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Віталь Коваль стаў кандыдатам у дэпутаты Мінгасавета ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Навошта ідзе ў палітыку і што будзе абяцаць выбаршчыкам, малады палітык расказвае ў  інтэрв’ю Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Чаму вырашылі пайсці ў палітыку?

Віталь Коваль: Я доўга думаў, узяў нават паўзу ― нічым ўвогуле не займаўся пэўны час… Не ведаю, але я бачу тут нейкую перспектыву для свайго далейшага жыцця. Я не буду абмяжоўвацца палітычным накірункам: верагодна, мая далейшая дзейнасць будзе звязаная і з бізнесам, і са спортам, з хакеем, у прыватнасці. Ну, і ў палітыцы вырашыў паспрабаваць свае сілы. Але, па шчырасці, рашэнне гэтае было недзе спантанным. Я пазнаёміўся з Алегам Гайдукевічам (намеснік старшыні ЛДПБ. ― Еўрарадыё) і нейкі час мы проста час ад часу сустракаліся, размаўлялі на розныя тэмы. А потым ён прапанаваў такім варыянт: паспрабаваць сябе ў цалкам новай справе.

Еўрарадыё: І чым ён вас завабліваў, абяцаннямі якіх перспектыў альбо выгад?

Віталь Коваль: Тут не ў грошах справа. І такіх амбіцый, як, да прыкладу, стаць дэпутатам парламента, у мяне няма. Я быў дзеючым спартсменам і мне шмат чаго не хапае, каб імкнуцца некуды туды наверх ― мне трэба яшчэ працаваць і працаваць, даведвацца нешта новае, усе гэтыя нюансы палітычнай дзейнасці. Галоўным у прыняцці такога рашэнне стала… Ведаеце, я ўсё жыццё аддаў спорту, краіне, нацыянальнай зборнай, і хочацца працягваць у тым жа накірунку ― нейкую карысць прыносіць і краіне, і, магчыма, нейкім людзям простым. Гэта, напэўна, было галоўным.

Еўрарадыё: Як на ваша рашэнне адрэагавалі сябры-спартсмены?

Віталь Коваль: Рэакцыя розная была, і найчасцей ― жартавалі з гэтай нагоды. Але, па-праўдзе, для мяне іх рэакцыя на маё рашэнне ролі не іграе: я прыняў для сябе рашэнне, і пастараюся ў гэтым сябе рэалізаваць. Я прыкладу ўсе намаганні, каб нечага ў гэтым накірунку дамагчыся ― гэта не будзе нейкім піяр-ходам.

Еўрарадыё: Можа, для гарантаванага поспеху на палітычным лёдзе трэба было не ЛДПБ абіраць, а якую праўладную структуру кшталту “Белай Русі”?

Віталь Коваль: Проста, у гэтай партыі шмат добрых, цікавых і адэкватных людзей. Чаму б не развівацца разам з імі? Я лічу, што партыя перспектыўная.

Еўрарадыё: На мінулых мясцовых выбарах ні адзін кандыдат ад гэтай перспектыўнай партыі не стаў дэпутатам. Дзе гарантыя, што гэтым разам нешта атрымаецца?

Віталь Коваль: Гарантый ніякіх. Але гэта не адмяняе і таго, што я сказаў. Я не ведаю, ці стану я дэпутатам, як мой лёс далей складзецца, але на дадзены момант я рашэнне прыняў, і буду яго прытрымлівацца.

Еўрарадыё: А праграму і статут партыі вы ведаеце? Што ў праграме ЛДПБ вам найбольш падабаецца?

Віталь Коваль: Чытаў, вядома. Больш за ўсё мне падабаецца, што гэта партыя такой сацыяльнай, грамадскай скіраванасці. Я заўжды быў простым чалавекам, які вырас у спальным раёне горада Пермі. У вядомай на ўсё былое СССР “Мотавелісе”. І бачыў шмат за час свайго дзяцінства, юнацтва. І вось гэта мяне падкупляе…

Еўрарадыё: Вы нарадзіліся і доўгі час жылі ў Расіі, але без праблем разумееце беларускую мову…

Віталь Коваль: Я доўга пражыў у Беларусі, і мову добра разумею, хоць сам гаварыць па-беларуску і не магу. З вялікай павагай стаўлюся да мовы і магу шчыра сказаць: трэба больш выкарыстоўваць беларускую мову. Не, навязваць мову, як і хоць што іншае, не трэба ― гэта бессэнсоўна. Але трэба яе папулярызаваць, пашыраць яе вывучэнне ў межах школьнай праграмы. І я не думаю, што тут будуць праціўнікі беларускай мовы, здаецца, усе будуць толькі за гэта.

Еўрарадыё: Можа, і самі вывучыце мову так, каб размаўляць на ёй ― папулярызаваць яе такім чынам?

Віталь Коваль: Гэта ніколі не позна ― чаму б і не.

Еўрарадыё: Што цяжэй, стаяць на браме падчас адказнага матча ці сустракацца з выбаршчыкамі?

Віталь Коваль: Хакей ― камандны від спорту, і праца з людзьмі там таксама прысутнічала. І таму мне, магчыма, у палітыцы будзе лягчэй, чым якому іншаму спартсмену, альбо чалавеку, які ніколі публічнай дзейнасцю не займаўся. Праўда, прызнаю: я гэтую дзейнасць пакуль не добра ведаю, тут шмат сваіх нюансаў, шмат новай інфармацыі, і мне цяпер вельмі цяжка.

Еўрарадыё: Кнігу маладога палітыка альбо па аратарскім майстэрстве вам калегі па партыі не прапанавалі?

Віталь Коваль: Не, але калі што, у саратнікаў па партыі удакладняю незразумелае. Прашу парады, як у той ці іншай сітуацыі лепш паступіць. Я хутка вучуся, і думаю, што шмат часу не спатрэбіцца, каб на нейкі пачатковы ўзровень палітыка выйсці.

Еўрарадыё: Якое галоўнае абяцанне вы дадзіце выбаршчыкам вашай акругі, чаму яны павінны за вас прагаласаваць?

Віталь Коваль: Не хочацца нешта такое глабальнае абяцаць. Проста банальныя рэчы, якія хвалююць людзей, буду казаць… Хачу дабіцца, каб ім лягчэй і прасцей жыць было, напэўна.

Еўрарадыё: І што вы плануеце зрабіць у якасці дэпутата Мінгасавета, каб жыхарам вышай выбарчай акругі было лягчэй і прасцей жыць?

Віталь Коваль: Працэс ідзе, праца ідзе, і я думаю, што пакуль мы рушым у правільным накірунку… Не ведаю, нейкіх такіх пустых абяцанняў адразу не хочацца людзям даваць.

Фота са старонкі ў Фэйсбуку Алега Гайдукевіча і sportnaviny.com

Цалкам размову з Віталём Ковалем можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі