Харчовы рынак перадзеляць пад шум бескарысных антысанкцый
Больш за ўсё санкцыі адаб'юцца на гандлі гароднінай і садавіной у самой Беларусі / Еўрарадыё
Праз антысанкцыі ў Беларусі мацней за ўсё павінна адчуцца нястача імпартных сыроў, польскіх яблыкаў і некаторай іншай садавіны. Таксама толькі з Еўропы ўвозіліся жывыя свінні.
Еўрарадыё даведалася, чаму санкцыі атрымаліся бязбольныя для Еўропы і як за кошт беларусаў могуць зарабіць тыя, хто атрымае дазвол на гандаль санкцыёнкай.
Пад забарону на ўвоз на паўгода трапілі мяса, каўбасы і аналагічныя вырабы, малочная прадукцыя (за выключэннем безлактознай), садавіна і гародніна, арэхі, кандытарскія вырабы, тлушч, соль і іншыя катэгорыі. Санкцыі супраць ЕС, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі, Чарнагорыі і Швейцарыі пачнуць працаваць з 1 студзеня.
Пад ударам элітныя тавары
Тавараў з Еўропы на паліцах беларускіх крамаў не так і шмат, адзначае кіраўнік Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў.
— Вядома, ёсць невялікая частка тавараў элітных катэгорый. Але гэта настолькі мізэрны адсотак у абароце, што на яго можна не звяртаць увагі. Муку ўжо дакладна мы з Еўропы не возім і іншыя рэчы. Досыць і ў Расіі. Таму ў абсалютнай большасці пазіцый гэта чыста намінальныя санкцыі. 95% людзей ніякай розніцы не ўбачаць.
Падобную выснову можна зрабіць і са звестак па знешнім гандлі Белстата. Напрыклад, за студзень — верасень Беларусь імпартавала ўсяго, што звязана з санкцыйным мясам і мяснымі прадуктамі, на $128,6 млн. З "забароненых" краін імпарту прыйшло каля чвэрці — на $31,4 млн.
Па многіх пазіцыях асноўныя пастаўшчыкі — Расія і Украіна. Праўда, жывых свіней у Беларусь прывозілі толькі з Даніі (536 штук) і Чэхіі (70 штук).
Малочнай прадукцыі Беларусь купіла на $45,8 млн. З санкцыйных краін — на $8,8 млн. Амаль усе гэтыя грошы выдаткаваныя на сыры і тварог. Мабыць, тыя самыя прэміяльныя.
Малако, вяршкі і маслёнка практычна цалкам прывозяцца з Расіі. А сыры і тварог — з Польшчы, Італіі, Літвы, Францыі, Даніі, Германіі і Нідэрландаў.
Гародніны з ЕС і іншых краін, якія трапілі ў няласку, прывезлі на $40,9 млн. Усяго імпарту было на $114 млн. Хоць гэта значны аб'ём, асноўныя пастаўшчыкі гародніны ў Беларусь — Турцыя і Расія. Польшча на трэцім месцы. За ёй Украіна, Кітай, Нідэрланды і Іспанія.
Большая частка кандытарскіх вырабаў прыходзіць у Беларусь з Расіі, Украіны і Турцыі. Нашмат менш з Польшчы, Германіі і Іспаніі. З агульнага імпарту ў $120,6 млн будучай санкцыёнкі закуплена толькі на $21,8 млн.
Паколькі ў Беларусі ёсць і свая вытворчасць, дэфіцыту тавараў дакладна не будзе. Асабліва звычайнага мяса і малочкі. Нават "кіндары" і "нутэла" могуць не знікнуць з крамаў, бо іх вытворчасць наладжана ў Расіі. А ва ўказе гаворыцца, што забароненыя тавары, "якія паходзяць" з краін беларускага санкцыйнага спіса.
Мяркуючы па звестках Белстата, аб'ёмы санкцыйных тавараў не самыя вялікія нават па мерках Беларусі, а для Еўропы ці ЗША і зусім нязначныя.
Больш за ўсё пацярпіць садавіна, а "сваіх" санкцыі не зачапілі
На думку менеджара па развіцці бізнесу Satio CIVITTA Group, экс-кіраўніка па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen Валянціна Сакалоўскага, для сетак і пакупнікоў у адказе Захаду няма нічога добрага.
— Сеткі да гэтага ставяцца як да яшчэ адной прыкрай ініцыятывы дзяржавы, якая даставіць як мінімум галаўны боль. Калі права ўвозіць асобныя тавары атрымае адна сетка, але не атрымае іншая, то гэта будзе нярынкавы механізм ціску.
Для пакупнікоў найбольш адчувальныя будуць пастаўкі садавіны. Па звестках Белстата, на долю Польшчы прыпадае больш за чвэрць усяго імпарту садавіны і арэхаў у фізічным выражэнні. Найбольш балюча будзе, вядома, без польскіх яблыкаў. Таксама пастаўляюць садавіну і арэхі Турцыя, Расія, Кітай, Эквадор, Ліван. Значную долю па розных пазіцыях займае Іспанія. Напрыклад, у пастаўках апельсінаў.
— Трэба адзначыць, што не пацярпела ні рыба, ні алкаголь. Тыя катэгорыі, якія максімальна адчувальныя для напаўнення бюджэту і "прыкарытных" бізнесаў. А рыба — гэта канёк спадара Машэнскага [бізнесмен, які займаецца імпартам рыбы з Еўропы. — Еўрарадыё]. Думаю, гэтыя пазіцыі не выпадкова выпалі. Гэты спіс зрабілі максімальна бяспечным для патрэбных людзей, — кажа Валянцін Сакалоўскі.
Наступствы антысанкцый для беларусаў не катастрафічныя. Аднак праз тое, што частку таварных патокаў трэба перабудаваць, прапанаванне ў крамах знізіцца, а цэны вырастуць. У асноўным гэта датычыцца садавіны і некаторай гародніны. На думку эксперта, такая перспектыва на найбліжэйшыя паўгода, у якія будуць працаваць санкцыі.
Дзіравыя санкцыі і перадзел рынку
ЕС ужо паведаміў, што не можа аспрэчыць санкцыі, бо нават прааналізаваць эфект ад іх складана. Па заяве ЕС, Беларусь увяла "непразрысты механізм гандлёвых абмежаванняў".
Магчыма, гэта звязана з тым, што санкцыі нельга назваць поўным блакаваннем паставак. Мінсельгасхарч, МАРГ і Белдзяржхарчпрам будуць раздаваць бізнесу квоты на закупкі забароненых тавараў. Напрыклад, на прадукты, патрэбныя для перапрацоўкі і ўласнай вытворчасці. Гэта значыць, польскія яблыкі, патрэбныя для вытворчасці беларускага соку, усё ж могуць патрапіць у краіну, калі верыць пастанове Саўміна.
А хто атрымае квоты, той зможа і дадаткова зарабіць у тым ліку на росце цэн.
— Будуць тэндары. Не абавязкова "гэтым квоты дамо, а гэтым не дамо". Зразумела, што некаторыя гульцы і нейкім іншым спосабам іх набудуць, — адзначае Віктар Маргелаў.
Валянцін Сакалоўскі упэўнены, што квоты — гэта спосаб перадзяліць рынак.
— Хто іх атрымае, вызначаецца двума меркаваннямі: хтосьці сапраўды занадта вялікі гулец і яму неабходна даць квоты, а хтосьці "свой".
Увядуць, умоўна кажучы, ТАА "Белспецзнешсадавінаімпарт", які будзе належаць Алексіну на 48% і Мінскаму гарвыканкаму на 48%. Яшчэ 4% будуць належаць якому-небудзь банку, каб не дапусціць трапляння гэтай установы пад санкцыі.
Ценявы рынак ніхто не адмяняў, а свая вытворчасць не наладзіцца
Апытаныя эксперты лічаць, што санкцыі выйшлі неэфектыўныя. На развіццё ўласнай вытворчасці, як заяўляецца ў пастанове Саўміна, яны таксама не паўплываюць.
— Гэта больш, каб здавацца, а не быць. У Расіі ўсё адрэзалі. І пачалася спачатку дрэнная ўласная вытворчасць, потым нармальная. Цяпер у Расіі можна знайсці стэйкі, якія ніводзін беларускі вытворца рабіць не можа.
У нас рынак настолькі маленькі і санкцыі настолькі крывыя, што карысці ў дзяржаўным маштабе гэта нікому не прынясе. З той прычыны, што перастануць вазіць сыр "Джугас", людзі не пераключацца на "Бярозу". Калі людзі хочуць купіць хамон, яны пачнуць шукаць варыянты накшталт "суполка ў вайберы", праз знаёмых вазіць і гэтак далей, — робіць выснову Валянцін Сакалоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.