Harotnica і N.R.M. выступілі на Open'er у Гдыні (фота)
Выступы беларусаў закрывалі фэст на Alter Stage. З песні N.R.M. "Прамень" пачаўся перфоманс: людзі ў залатых касцюмах пайшлі на мора сустракаць сонца.
Уначы з 6 на 7 ліпеня Harotnica і N.R.M. выступілі на альтэрнатыўнай сцэне буйнога польскага фэста Heineken Open'er. "Дэструктыўны пажарны аркестр" Валерыі Валадзько сыграў паўнавартасны сэт, а трыа Піта Паўлава задаволілася пяццю песнямі. За канцэртам беларусаў назірала блізу 700 гледачоў.
Harotnica трымалася на вялікай сцэне ўпэўнена і парадавала публіку новым гукам, які неўзабаве абяцае прэзентаваць на міні-альбоме.
Падчас выступу N.R.M. вядомы польскі мастак Павел Альтхамер зладзіў перфоманс. Спачатку гледачы, апранутыя ў залатыя касцюмы, проста танчылі пад музыку. А пад песню "Прамень" усе рушылі да мора, каб разам сустрэць світанак.