Хлопец уцёк ад войска ў Венесуэлу
23-гадовы брэстаўчанін спадзяваўся пераседзець службу ў войску на размеркаванні.
Хлопец скончыў Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт і размеркаваўся ў ЗАТ “Белзамежбуд”. Калі яму прыйшла позва ў войска, ён праігнараваў запрашэнне і паехаў на год у камандзіроўку ў Венесуэлу, піша “Вечерний Брест”. Перад ад’ездам малады чалавек усё ж наведаў ваенкамат, але пашпарта пры сабе не меў. Ён патлумачыў, што здаў яго ў амбасаду для адкрыцця візы, а пра свае планы надоўга з’ехаць за мяжу не паведаміў. Прызыўнік атрымаў накіраванне на аналізы для медкамісіі і яшчэ адну позву — на кастрычнік, пасля чаго і з’ехаў у Венесуэлу. Яго наймальнікі таксама не ведалі, што работнік павінен ісці ў войска.
Пакуль хлопец быў у камандзіроўцы, у яго памёр бацька, і малады чалавек быў змушаны вярнуцца ў Беларусь. Ужо на радзіме ён даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу за ўхіленне ад войска. Свой ад’езд малады чалавек патлумачыў неабходнасцю зарабіць грошай на лекі бацьку, аднак следства ў гэтую версію не паверыла.
Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад прызыву і прызначыў 6 мільёнаў штрафу. Таксама маладому чалавеку ўсё ж давядзецца адслужыць ва ўзброеных сілах.