Хроніка падзеяў 25 сакавіка 2007 года
Еўрапейскае радыё падае хроніку падзеяў 25 сакавіка, паводле паведамленняў інфармацыйных агенцтваў і сваіх карэспандэнтаў.
20:49 У Львове адбылося святочнае набажэнства з нагоды Дня Волі2007-03-25 20:49:29
У Львове ў беларускай праваслаўнай царкве, якая належыць да Канстанцінопальскага патрыярхату, прайшла святочная служба з нагоды Дня Волі.
Яе правёў япіскап Васіль. Таксама быў адслужаны малебен за свабоду Беларусі. У набажэнстве прынялі ўдзел беларусы з Львова, Роўна і Івана-Франкоўска.
19:18 Актывістаў з Маладзечна дапытваюць у міліцыі
2007-03-25 19:18:51
Сёння ў Мінску міліцыянты затрымалі трох актывістаў з Маладзечна — Марыну Найдзіч, Яна і Вольгу Лагвіновічаў. Яны мелі пры сабе расцяжку «Маладзечна за свабоду».
Затрыманыя паспелі скінуць SMS-паведамленне, што іх дапытваюць у абласной управе ўнутраных справаў, паведамляе прэс-служба АГП.
19:07 Сёння былі затрыманыя каля 40 чалавек
2007-03-25 19:07:32
Каля 40 чалавек было затрымана па ўсёй краіне 25 сакавіка. Паводле звестак сайта nn.by, у Віцебску міліцыянты схапілі звыш 15 чалавек.
Затрыманні прайшлі таксама ў Гродне, Брэсце, Рэчыцы. У Першамайскім РУУС Мінску знаходзіцца 6 чалавек (раней была інфармацыя пра 20).
Сёння вечарам «Эхо Москвы» паведаміла пра 30 затрыманых у сталіцы і што яны размеркаваныя па розных пастарунках. «Наша ніва» мяркуе, што з улікам затрыманых раней актывістаў агульны лік затрыманых па краіне зараз дасягнуў 80 чалавек.
18:11 У Маскве прайшла акцыя салідарнасці з беларусамі
2007-03-25 18:11:56
Акцыя салідарнасці з беларускімі апазіцыянерамі прайшла ў Маскве. Яе ўдзельнікі перадалі ў амбасаду Беларусі петыцыю з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.
У акцыі прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Яе арганізавалі моладзевыя арганізацыі Змена і Абарона. Моладзь трымала ў руках плакат «За нашу і вашу свабоду», сцягі Расіі, Еўрасаюза і Беларусі, паведамляе «Эхо Москвы».
17:45 Чарговы бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску
2007-03-25 17:45:24
У цэнтры Віцебска на ліхтарным слупе з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Паводле некаторых звестак, яго запусцілі на паветраных шарах, але ён зачапіўся за дрот.
Пасля гэтага міліцыянты расстралялі шарыкі з пісталетаў. Здымалі сцяг супрацоўнікі МНС. На віцебскай плошчы Свабоды затрыманыя Аляксей Гаўруцікаў, Юрась Сцяпанаў і Уладзіслаў Токараў, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
17:41 Затрыманні ў Мінску працягваюцца
2007-03-25 17:41:15
Міліцыя затрымала каля Нацыянальнай бібліятэкі як мінімум двух удзельнікаў святкавання Дня Волі. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Аднак кіраўніцтва мінскай міліцыі адмаўляе, што былі затрыманыя, інфармуе РИА «Новости».
17:32 Відэаздымкі з акцыі 25 сакавіка. Падзеі каля Нацыянальнай бібліятэкі
2007-03-25 17:32:29
Гэтыя аматарскія здымкі, зробленыя з мабільнага тэлефона, даслаў нам адзін са слухачоў. Прапануем іх вашай увазе.
На іх можна пабачыць частку шэсця ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.
17:21 У Мінску пачаліся затрыманні
2007-03-25 17:21:14
Вікторыя Чайкіна: Нашая карэспандэнтка Кася Золатава знаходзіцца ў Менску ля Нацыянальнай бібліятэкі. Што там зараз адбываецца?
Кася Золатава: Людзей спрабавалі абліць з машынаў, якія звычайна мыюць дарогі. Каб схавацца ад патокаў вады, моладзь пачала збірацца на ганку Нацыянальнай бібліятэкі.
Але раптоўна з-за будынку і з самой бібліятэкі пачалі выходзіць міліцыянты ў чорным, сталі адціскаць людзей. Пачаліся брутальныя затрыманні.
Людзей, якія прыйшлі на мірны канцэрт, скандуючы “Канцэрт!”, “Агурбаш”, валілі на зямлю, збівалі і дзяўчын, і хлопцаў. Дакладную лічбу затрыманых назаваць не магу, бо затрыманні яшчэ ідуць па ўсёй краіне.
Па маёй інфармацыі, пасля акцыі хаваецца вядучы мітынгу на Акадэміі Навук Вінцук Вячорка, і лідэр аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч.
Затрыманні цягнуцца па ўсім горадзе. І адбываецца гэта вельмі проста: пад’яжджае непрыкментая машына кшталту савецкіх “Жыгулёў”, адтуль выскоквае некалькі чалавек і брутальна засоўваючы ў машыны, хапаюць былых мітынгоўцаў.
Людзей адціскаюць у бок Уручча, зараз мы ўжо ля станцыі метро “Усход”.
Вікторыя Чайкіна: Што-небудзь вядома наконт канцэрту “За незалежную Беларусь”?Яго сапраўды прыпынілі?
Кася Золатава: Так, гэта адбылося таму, што да месца яго правядзення накіравалася апазіцыйная моладзь.
Вікторыя Чайкіна: Дзе знаходзяцца гледачы гэтага канцэрту? ПА нашых дадзеных, там было даволі шмат людзей?
Кася Золатава: Калі я патрапіла да Нацыянальнай бібліятэкі, засталося некалькі соцень чалавек ля кропкаў грамадскага харчавання.
Мяркую, што людзей проста выціскалі і разганялі, бо насустрач калоне, якая ішла ў бок Нацыянальнай бібліятэкі, ішло даволі шмат людзей нападпітку.
Вікторыя Чайкіна: Гэта значыць, што дэ-факта дзве калоны змяшаліся? Значыць, затрымлівалі і адных, і другіх?
Кася Золатава: Не. Нецвярозых людзей, якіх сярод вяртаючыхся з канцэрту была большасць, не затрымлівалі. Я на ўласныя вочы гэта бачыла.
Вікторыя Чайкіна: Дзякуй, Кася.
17:07 У Віцебску затрыманыя дзесяць чалавек
2007-03-25 17:07:27, Ядвіга Сташэўская, Віцебск
Плошчу Свабоды ў Віцебску з раніцы 25 сакавіка заблакавалі аутамабільнай тэхнікай. Складаецца ўражанне, што кожнаму віцебскаму прадпрыемству загадана было прыпаркаваць на плошчы па адной-дзве машыны.
Большай часткай гэта аварыйныя розных тэхнічных службау ды пасажырскія аўтобусы з аўтапарку.
А палове на дванаццатую міліцыянты затрымалі беспартыйнага актывіста Барыса Хамайду, які рушыў па мосце Кірава з бел-чырвона-белым сцягам. Спадара Хамайду адвезлі ў Чыгуначны РАУС.
Праз паўгадзіны затрымалі яшчэ восем чалавек, якія маўкліва стаялі на рагу плошчы і не трымалі ніякіх плакатаў. Міліцыянты палічыли нават такія дзеянні арганізацыяй несанкцыянаванага пікету і прапанавалі людзям разысціся на працягу 5 хвілін.
Але калі з плошчы людзі рушылі па вуліцы Леніна, яны былі затрыманы за арганізацыю шэсця з выкарыстаннем забароненай сімволікі.
Як забароненую сімволіку міліцыянты ўспрынялі бел-чырвона-белы шалік актывісткі АГП Алены Залескай ды штучныя кветкі ў яе руках. Сярод затрыманых трое непаўналетніх.
У затрыманні прымаў удзел асабіста намеснік кіраўніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Каліноўскі.
17:02 Рэшткі шэсця адціскаюць у бок Маскоўскага аўтавакзалу
2007-03-25 17:02:03
Каля бібліятэкі стаяць чатыры аўтобусы з зацененымі вокнамі і два аўтазакі. Тыя, хто перашоў праз праспект, разышліся. Астатняе шэсце адціскаюць у бок Маскоўскага аўтавакзалу.
16:52 Удзельнікаў шэсця выцясняюць ад бібліятэкі
2007-03-25 16:52:30
Калона дайшла да пляцоўкі, дзе ладзіўся канцэрт. На месца канцэрту прыехалі палівальныя машыны.
У мегафон заклікаюць разысціся, пачынаецца прыборка тэрыторыі. АМАПаўцы атачылі людзей, якія стаяць на пляцоўцы. АМАПаўцы заклікаюць прысутных разыходзіцца, адціскаючы да прыпынку. Грамадскі транспарт спыняецца на прыпынку. Супрацоўнікі АМАП выцясняюць людзей, рассякаючы іх на купкі.
16:32 Каля крамы "Дэльтаспорт" затрымалі трох чалавек
2007-03-25 16:32:09
Пра затрыманых каля крамы “Дэльтаспорт” нам расказаў Ігар Лялькоў:
“ Затрымалі Яна і Вольгу Лагіновіч, Марыю Найдзіч. Спачатку адабралі пашпарты, потым дачакаліся сіняй машыны маркі “Жыгулі”, і ўвезлі. Сказалі, што да РУУС Мінскага раёну”.
16:18 Шэсце набліжаецца да Нацыянальнай бібліятэкі
2007-03-25 16:18:00
Каля бібліятэкі толькі скончыўся афіцыйны канцэрт. Гледачаам прапанавалі ехаць на канцэрт у аэрапорт "Мінск-1".
Па абодвух баках праспекта ідзе каля 500 чалавек. У шэсці відаць бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжку "Верым! Можам! Пераможам!". Каля расцяжкі спыніўся аўтобус з міліцыянтамі, якія забралі хлопцаў разам з расцяжкай.
16:03 Міліцыянты забралі адзін сцяг у шэсця
2007-03-25 16:03:11
На праспекце каля клуба "Лео" спыніўся аўтобус з міліцыянтамі.
Тры міліцыянты выскачылі з аўтобуса, выхапілі апошні бел-чырвона-белы сьцяг у калоне і, нікога не затрымліваючы, заскочылі назад у аўтобус.
Пасля гэтага калона зноў прыпынілася.
15:57 Шэсце прапусцілі ў бок бібліятэкі
2007-03-25 15:57:14
У бок Нацыянальнай бібліятэкі паехалі чатыры ваенныя машыны, набітыя вайскоўцамі ўнутраных войскаў, і тры аўтобусы з зацемненымі вокнамі з людзьмі ў форме.
Пасля гэтага калоне дазволілі ісці далей па праспекце.
15:50 Амбасадары падтрымалі мітынгоўцаў
2007-03-25 15:50:37
Вікторыя Чайкіна: Па нашых звестках, акцыю таксама падтрымалі супрацоўнікі амасады Еўропы, у тым ліку Чэхіі, Эстоніі, Польшчы і Літвы. Яны праехалі па праспекце, выказаўшы сваю падтрымку. Ці вы можаце падзяліцца якой-небудзь інфармацыяй на гэты конт?
Кася Золатава: Машыны большасці еўрапейскіх краінаў, якія прадстаўленыя амбасадамі ў Беларусі, знаходзяцца на Акадэміі Навук. Таксама да іх далучылася машына амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтым яны выказваюць сваю падтрымку дэманстрантам.
Вікторыя Чайкіна: Я так разумею, што перапыняць мітынг і ісці на плошчу Бангалор лідэры і вядоўцы мітынгу не збіраюцца...
Кася Золатава: Гэта так. На Бангалор ніхто ісьці не збіраецца, але як далей будуць развівацца падзеі - невядома.
Вікторыя Чайкіна: Дзякуй! Застаемся на сувязі і чакаем наступных рэпартажаў.
15:42 Калону спынілі каля парку Чалюскінцаў
2007-03-25 15:42:56
Парк Чалюскінцаў зачынены. Супрацоўнікі АМП перакрылі тратуары, не даючы шэсцю рухацца ў бок Нацыянальнай бібліятэкі. Пад'ехалі яшчэ тры аўтобусы з АМАПаўцамі.
15:36 АМАП кантралюе шэсце ў бок бібліятэкі
2007-03-25 15:36:23
Каля 40-50 АМАПаўцаў пад'ехалі да калоны каля крамы "100 дробязяў". Пакуль што актыўных дзеянняў яны не вядуць.
15:28 Моладзь збіраецца ісці да бібліятэкі
2007-03-25 15:28:35
Пасля мітынгу ад Акадэміі навук частка моладзі збіраецца ісці да Нацыянальнай бібліятэкі.
15:23 Канцлер Нямеччыны Меркель: «Еўропа з вамі!»
2007-03-25 15:23:57
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель выступіла з заявай да беларускага народу.
«Еўропа з вамі!» - заявіла палітык, выступаючы на сённяшнім святочным паседжанні кіраўнікоў дзяржаваў-удзельнікаў Еўрасаюзу. Яна нагадала пра Дзень Волі, які адзначаецца 25 сакавіка, і пра тое, што сёння беларусы мусяць цярпець ва ўмовах падаўлення свабодаў.
15:20 Святочны мітынг у Мінску скончаны
2007-03-25 15:20:01
Вінцук Вячорка завяршыў мітынг. На яго пытанне, ці варта ісці на Бангалор, народ гучна адказаў "Не!". Цяпер грае "Магутны Божа", і ўсе пачынаюць разыходзіцца.
14:47 Аляксандр Мілінкевіч: «Сёння мы здалі экзамен як нацыя»
2007-03-25 14:47:56
Карэспандэнт Еўрарадыё запісаў кароткае інтэрв’ю з Аляксандрам Мілінкевічам яшчэ падчас руху адной з калон у бок Акадэміі навук. Вось што сказаў палітык:
«Я казаў і кажу, што ніколі не пойду на Бангалор. Гэта нашае прыніжэнне. Маю думку падзяляюць практычна ўсе актывісты. Я не буду сумаваць.
Калі нам не дадуць правесці мітынг. Мэта наша была не сказаць словы, якія мы чулі не раз. Мэта наша паказаць, што мы ёсць. Што мы аддадзім незалежнасць краіны? Што мы гатовыя за яе змагацца.
Змагацца за праўду і дэмакратыю, і людзі гэта прадэманстравалі. Кулак - гэта праява слабасці. Агрэсія - гэта праява неўпэўненасці. І калі ўлады так сабе паводзяць, гэта азначае, што перспектывы ў іх няма.
Моладзь не з імі. Мы ж прапануем: “Гуляем у шахматы!” А яны ўвесь час хочуць у кікбоксінг. Нам гэта, шчыра кажучы, не цікава. Я супраць гвалтоўных метадаў, але бываюць метады, калі іншага не застаецца. Яны правакуюць.
Мы хацелі б далучыцца да тых людзей, якія сабраліся каля цырку. Нам хацелася б усёж такі правесці мітынг, канцэрт ужо амаль немагчыма. Калі нават не дадуць, я лічу, што мы здалі сёння экзамен як нацыя».
15:18 У Гомелі вывесілі бел-чырвона-белы сцяг
2007-03-25 15:18:17
У Гомелі на вуліцы Барыса Царыкава на балконе шматпавярховага дома быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Яго вывесіў рабочы Іван Адаменка.
Такім чынам ён вырашыў адзначыць Дзень Волі. Міліцыянты патрабуюць ад гаспадара кватэры, каб ён зняў сцяг, бо ён «не падабаецца некаторым грамадзянам».
15:08 Еўрапарламенту і дэмакратычнай Расіі салідарныя з Беларуссю
2007-03-25 15:08:39
Выступіла прадстаўнік Еўрапарламенту Барбара Кудрыцкая. Пачаў выступ старшыня дэмакратычных сілаў Расіі Нікіта Бялых, які выказвае сваю салідарнасць з беларусамі і кажа, што ў Расіі адбываецца тое ж самае.
Міліцыя заклікае ў мікрафон разысціся. Абвяшчаюць, што мітынг на Акадэміі навук недазволены і ўсе ўдзельнікі будуць прыцягнуты да адказнасці.
14:55 Міліцыя пагражае разагнаць мітынг на Акадэміі навук
2007-03-25 14:55:15
Выступіў лідэр дэмакратычных сілаў Азербайджана.
Міліцыя пагражае, што калі народ не пойдзе на Бангалор, яны пачнуць ужываць сілу.
Нягледзячы на гэта ніхто сыходзіць не збіраецца. Па некаторых звестках, з боку Кастрычніцкай плошчы едзе шэраг аўтазакаў.
14:37 Выступіў Мілінкевіч
2007-03-25 14:37:07
Мілінкевіч скончыў сваю прамову. Ён казаў пра палітвязняў, называў іх прозвішчы і месцы знаходжання.
Мілінкевіч: "У гэтым годзе нарадзілася вельмі важнае слова — "Разам!". Усе прысутныя пракрычалі "Разам!" некалькі разоў.
14:32 На святочным мітынгу ідзе запіс у "Малады Фронт"
2007-03-25 14:32:20
Вікторыя Чайкіна: Зноў на сувязі нашая карэспандэнтка Кася Золатава. Кася, што адбываецца зараз?
Кася Золатава: 15 хвілінў таму на Акадэміі навук выступіў Вінцук Вячорка, які павіншаваў сабраўшыхся з Днём Волі, Днём абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
У цяперашні момант тут, па ацэнках міліцыі, знаходзіцца каля 7-8 тысяч чалавек. Яшчэ падыходзяць людзі з боку ЦУМу. Тую калону ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч.
Праходзіла інфармацыя, што ён затрыманы і знаходзіцца ў следчым ізалятары, але яна не пацвердзілася.
Вікторыя Чайкіна: Скажы калі ласка, быў дазволены толькі збор на плошчы каля Акадэміі Навук. Ці ёсць з боку міліцыянтаў спробы накіраваць людзей у бок плошчы Бангалор?
Кася Золатава: Пакуль што ніхто не ўмешваецца, тут праходзіць дазволены, наколькі я разумею, мітынг, бо тут стаіць апаратура, грае музыка. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў і сцягоў Эўразвязу.
Маладыя людзі патрабуюць свабоды палітвязням. Ідзе дэманстратыўны запіс у “Малады Фронт” - у якасці пратэстаў супраць моцнага пераследу гэтай арганізыці, дзесяткі сябраў якой знаходзяцца ў турме.
Вікторыя Чайкіна: Так-так, мы інфармуем пра затрыманні на нашых хвалях і Інтэрнэт-старонцы. Дарэчы, калі вы маеце якую-небудзь інфармацыю пра затрыманых - паведамляйце нам.
А мы будзем працягваць сачыць за падзеямі ў Менску. Цяпер, нагадаю, святочны мітынг ідзе на Акадэміі Навук.
14:26 У Брэсце затрымалі Змітра Шыманскага
2007-03-25 14:26:46
У цэнтры Брэста затрымалі старшыню гарадской арганізацыі Партыі БНФ Змітра Шыманскага. Ён знаходзіўся каля будынка ЦУМа, дзе сацыял-дэмакраты раздавалі бюлетэні-віншаванні з Днём Волі.
У гэты момант да Шыманскага падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і абвінавацілі яго ў незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі.
Нагадаем, 24 сакавіка ў Брэсце затрымалі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна. У той жа дзень у Пінску асудзілі «за дробнае хуліганства» на трое сутак актывіста Канстанціна Чувака.
14:22 Пачаўся выступ Мілінкевіча
2007-03-25 14:22:06
Вячорка скончыў гаварыць, свой выступ пачаў Мілінкевіч.
Каля мітынгу ездзіць аўтобус з рупарам і заклікае ўсіх рухацца у парк Дружбы народаў.
14:15 Чакаецца выступ Мілінкевіча
2007-03-25 14:15:44
Мілінкевіч з'явіўся на мітынгу. Раздаліся апладысменты. Неўзабаве павінен пачацца яго выступ.
14:05 Пачынаецца мітынг
2007-03-25 14:05:37
Калона з Мілінкевічам далучылася да калоны на Акадэміі навук. Пачынаецца мітынг.
Мітынг пачаўся з выступу Вінцука Вячоркі.
13:54 Каля Акадэміі навук рыхтуецца мітынг. Туды ж ідзе Мілінкевіч
2007-03-25 13:54:29
На прыступках Акадэміі навук чакаюць, калі падцягнецца хвост калоны, каб распачаць мітынг. Туды ж пачалі падвозіць абсталяванне для правядзення мітынгу.
Калона на чале з Мілінкевічам, якая ішла па вуліцы Багдановіча, зараз рушыць у бок плошчы Якуба Коласа і збіраецца далучыцца да калоны на Акадэміі Навук.
Мітынг на прыступках Акадэміі навук пакуль не пачынаецца. Чакаюць калону з Мілінкевічам. Абсталяванне падрыхтавана.
13:49 Пабоішча на станцыі "Фрунзенская" не адбылося
2007-03-25 13:49:33
— Што адбываецца ў гэты момант?
— У гэтыя хвіліны я разам з часткай калоны знаходзімся на вуліцы Мельнікайте і кіруемся ў бок станцыі метро Фрунзенская.
Каля кінатэатра «Масква» адзін з арганізатараў сённяшняй акцыі Зміцер Бандарэнка і частка былой арганізацыі "ЗУБР" проста паднялі рукі і казалі міліцыянтам, што, давайце, ладзім пабоішча тут. Гэта будзе вельмі сымбалічна, бо каля кінатэатра "Масква".
Аднак пабоішча не адбылося. Частку людзей выкінулі, і праз двары людзі выйшлі на вуліцу Мельнікайте, цяпер мы кіруемся ў бок станцыі метро Фрунзенская.
— І вы па ранейшаму ачэпленыя міліцыянтамі?
— Мы ачэпленыя міліцыянтамі па-ранейшаму, з усіх бакоў. Вельмі часта здараюцца правакацыі з боку супрацоўнікаў КДБ, таму што гэта людзі ў штацкім, якія становяцца на чале калоны й вядуць калону туды, куды ім трэба.
Такім чынам, людзі, якія кіраваліся ад ГУМа ў бок Нямігі праз Раманаўскую Слабаду, разбітыя на чатыры часткі, і ўвесь час побач з намі вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі.
— Гэтае перасоўванне можна назваць стыхійным, ці аднак ёсць нейкія лідэры, якія кантралююць сітуацыю і валодаюць інфармацыяй пра тое, дзе знаходзяцца цяпер большыя часткі людзей?
— Лідэры стыхійныя з'яўляюцца ў кожнай з групаў, якую рассякаюць і разбіваюць. Цяпер гучаць нейкія новыя папярэджанні на чале калоны, якая кіруецца па Мельнікайте.
На жаль, мне не чуваць, што вяшчаюць міліцыянты. Ці гэта міліцыянты, ці гэта зноўку з нейкімі заклікамі выступае Мікіта Сасім.
— Зразумела. Дзякуй вялікі, Каця, будзем стэлефаноўвацца й будзем трымаць слухачоў у курсе падзеяў. Нагадаю, сёння 89-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
13:41 Каля Акадэміі навук сабралося каля 7000 чалавек
2007-03-25 13:41:34
Калона зараз на Акадэміі навук. Спыняюцца на прыступках. Прыкладны памер калоны 7000 чалавек.
13:35 Мілінкевіч ідзе на Бангалор
2007-03-25 13:35:30
Шэсце набліжаецца да кінатэатра “Кастрычнік”. Побач едуць пустыя амапаўскія аўтобусы.
Па праспекце Незалежнасці едзе 5 аўтобусаў з міліцыянтамі. Дарэчы, аўтобусы бел-чырвона-белыя.
Калона з праспекта Машэрава рушыцца па вуліцы Багдановіча на плошчу Бангалор. Наперадзе калоны ідзе Мілінкевіч.
13:32 Сябры КХП-БНФ усклалі кветкі да помніка Багдановічу
2007-03-25 13:32:03
Сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ усклалі кветкі да помніка Максіму Багдановічу. Іх было 50-70 чалавек.
Далей яны рушылі па вуліцы Багдановіча да плошчы Бангалор.
13:29 Праспект перакрылі МАЗамі
2007-03-25 13:29:58
Паводле звестак Інтэрнэт-супольнасці "Мінск-Бай", у Менску вялікая колькасць спэцназаўцаў перакрылі праспект Скарыны (цяпер Незалежнасці). Сярод міліцыянтаў заўважаны Дзмітрый Паўлічэнка, якога вінавацяць у палітычных выкраданнях і забойствах.
Праспект перакрываюць таксама зялёныя МАЗы. Людзі скандуюць “Ганьба!”, “Жыве Беларусь!”. Павольна дэманстранты перамяшчаюцца ад цырку да пл. Перамогі.
Вельмі шмат людзей у раёне вуліцы Захарава, дарога перагароджаная турнікетамі, а таксама гарадзкім аўтобусам №18 і машынай "хуткай дапамогі". Людзі скандуюць “Забойцы!”, "Ганьба!".
Большая частка дэманстрантаў — паводле некаторых ацэнак, ад 5 да 10 тыс. чалавек — на пляцы Коласа. Лідэры апазыцыі знаходзяцца менавіта там, аднак рашэння, куды рухацца далей, няма.
Другая калона знаходзіцца на вуліцы Мельнікайтэ. Каля станцыі мэтро "Фрунзенская" спрацаваў выбуховы пакет. Менавіта тут АМАП акружыў калёну колькасьцю каля паўтары тысячы чалавек. Як паведамляюць удзельнікі акцыі, чакаецца хапун.
13:22 Шэсце на праспекце Машэрава разагналі
2007-03-25 13:22:26
На праспекце Машэрава ўсіх разагналі. Напачатку ў калоне было каля дзвюх тысяч чалавек.
Каля дзесяці пустых аўтобусаў і аўтазакаў накіроўвацца з праспекта Машэрава ў цэнтр гораду. Калона прыкладна з 500 чалавек зараз рушыць па Мельнікайтэ.
13:16 Плошчу Свабоды ў Віцебску заблакавалі
2007-03-25 12:16:20
У Віцебску заблакавалі грузавымі аўтамабілямі галоўную плошчу горада. Затрыманы вядомы актывіст Барыс Хамайда.
Ён ішоў з бел-чырвона-белым сцягам да плошчы Свабоды, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
13:11 У канцы калоны пачаўся "хапун"
2007-03-25 13:11:39
Зараз калона спынілася на Плошчы Якуба Коласа. Чакаюць, калі падцягнецца хвост шэсця.
Наперадзе калоны вельмі шмат моладзі.
Паступіла інфармацыя, што ў канцы калоны пачалі хапаць людзей.
Праз некалькі хвілінаў шэсце зноў рушыла да Акадэміі навук. Амапаўцы падагналі пустыя аўтобусы і прапаноўвалі падвесці да санкцыянаванага месца.
13:05 Мілінкевіча збілі
2007-03-25 13:05:02
Кася Золатава: Я бачыла, як збівалі Аляксандра Мілінкевіча. Бачна, што на твары драпіны, але сур’ёзных травмаў няма. Я спрабавала адразу паразмаўляць з ім, але пакуль што да лідэра апазіцыі не падпускае ахова.
Але перад тым Аляксандр Мілінкевіч у размове з намі адзначыў, што такія акцыі патрэбныя, бо ва ўмовах поўнага эканамічнага раздраю людзі павінныя штосьці рабіць, павінныя выходзіць на вуліцы і паказваць, што ім не абыякава, што ім баліць.
Вікторыя Чайкіна: Я разумею, што колькасць людзей ацаніць таксама амаль немагчыма? Калі напачатку лічба была прыблізна каля дзвюх тысяч, то што зараз?
Кася Золатава: Я іду на пачатку калёны, якую ўвесь час рассякаюць, частку людзей забіраюць, збіваюць. З падваротняў увесь час выбягаюць новыя людзі ў чорным, якія вельмі агрэсіўна паводзяць сябе ў дачыненні да дэманстрантаў.
Вікторыя Чайкіна: Паспрабуй усё ж такі ацаніць, колькі людзей у той калёне, у якой ідзеш ты?
Кася Золатава: Мне бачна, магчыма, не ўсю частку калёны, але прыкладна каля паўтары тысячы чалавек ля "Макдональдса" на Нямізе.
Вікторыя Чайкіна:І куды вы кіруецеся?
Кася Золатава: Пакуль мы рухаемся да гандлёвага дома "На Нямізе". Аляксандр Мілінкевіч заклікае ісці ў бок цырка. Але куды прявядзе нас гэтая крывая сьцежка - пакуль невядома.
Вікторыя Чайкіна: Дзякуй. Кася Золатава проста з месца падзеяў спецыяльна для Еўрарадыё.
12:59 Міліцыя пагражае сілай
2007-03-25 12:59:07
Каля Палаца спорту міліцыя папярэдзіла, што калі на працягу 4 хвілін усе не разыйдуцца, праваахоўныя органы пачнуць прымяняць сілу.
Праз 4 хвіліны міліцыяны пачалі адцясняць народ у двары за кінатэатр "Масква".
12:54 Калона падыходзіць да плошчы Коласа
2007-03-25 12:54:48
Усе падыходзяць да плошчы Якуба Коласа. Калона расцягнулася ад вуліцы Казлова да філармоніі.
Ідуць па адныму баку праспекта Незалежнасці. Шмат амапаўцаў ідуць ззаду натоўпа. Гарадскі транспарт на прыпынках спыняецца. Значна павяліылася колькасць украінскіх сцягоў.
12:47 Калона нясе расцяжкі ў абарону палітвязняў
2007-03-25 12:47:40
Калона расцягнулася ад пачатку вуліцы Казлова да іняза. Народу стала значна больш. Гучыць: «Свабода Казуліну!» і «Далучайся!». Шмат расцяжак «Свабоду Дашкевічу», «Свабоду палітвязням».
Адбыўся вельмі кароткі выступ Мілінкевіча. Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ісці на Бангалор — гэта ганьба. Група, якая ішла з Мілінкевічам ідзе ўверх па Машэрава да Палаца спорта. Другую групы адганяюць да Акадэміі навук. Ім не даюць злучыцца.
12:22 Спецназ рассякае натоўпы
2007-03-25 12:22:17
Каля цырку сабраліся 2 тысячы чалавек. Яны стаяць па абедзве часткі праспекта Незалежнасці. Іх спрабуе рассякаць спецназ. Пад’ехалі два аўтобусы. Спецназ выціскае людзей у бок плошчы Перамогі.
Каля ГУМа спецназаўцы таксама рассякаюць натоўпы. Частка людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі адціснутая ў бок будынка КДБ.
12:12 Падыходы да Кастрычніцкай плошчы перакрытыя
2007-03-25 12:12:05
Усе падыходы да Кастрычніцкай плошчы і плошчы Свабоды ў Мінску перакрытыя міліцыяй. Найбольш дэманстрантаў сабралося каля ГУМа і «Макдональдса».
Спецназ у чорным не дае ім аб’яднацца. А 12-й гадзіне пачаліся сутычкі каля крамы «Лакомка». Людзі спрабавалі прарвацца да ГУМа.
12:03 Аблілі кіслатой аўтамабіль Мілінкевіча
2007-03-25 12:03:53
Невядомыя аблілі кіслатой аўтамабіль Аляксандра Мілінкевіча. Здарэнне адбылося ўначы на 25 сакавіка.
Паводле словаў прэс-сакратара палітыка Паўла Мажэйкі, пашкоджаная фарба і перасоўвацца на гэтым аўтамабілі зараз немагчыма. Аляксандр Мілінкевіч расцэньвае здарэнне як «слабасць нерваў у беларускай улады».