ili Клуб: Мы зробім рок-лабараторыю і адкрытыя дзверы для лакальных рок-тусовак
26 лютага каля станцыі метро “Усход” у Мінску адкрыўся новы клуб, які атрымаў назву "ili". Яго стваральнікамі сталі дырэктар студыі гуказапісу “ОСМАС” Павел Юрцэвіч, які цяпер выконвае ролю арт-дырэктара, і гітарыст гурта “Красные Звёзды” Яўген Бялоў, цяпер дырэктар клуба. Еўрарадыё размаўляе з хлопцамі падчас перакуру паміж падвешваннем рознакаляровых шчытоў на сцяне клуба. Хутка адкрыццё. Праз гадзіну прыедуць музыкі і пачнецца яго генеральная рэпетыцыя. Таму хлопцы трошкі нервуюцца, шмат паляць і распавядаюць пра планы на Бар ili Клуб.
Еўрарадыё: Давайце пачнём з агульнай канцэпцыі клуба.
Павел Юрцэвіч: Як мы і казалі раней, гэта клуб для слухачоў і музыкаў, камфортны і для адных, і для другіх, у рэжыме рок-н-рольнага клуба, практычна са штодзённымі канцэртамі. Будзем выходзіць на такі фармат.
Еўрарадыё: Кожны раз, калі ў Мінску адкрываюць новы рок-клуб і стваральнікі кажуць пра жывую музыку, канцэрты і гэтак далей, не мінае і паўгода, як клуб пераўтвараецца ў меку кавер-бэндаў… Ад вас таго ж чакаць?
Павел Юрцэвіч: Кавер-бэндаў у нас не будзе. Катэгарычна.
Яўген Бялоў: Я да гэтых слоў стаўлюся з асцярогай…
Павел Юрцэвіч: Не-не, Яўген, тут каверы не патрэбныя, яны тут ніяк не прыжывуцца. Кавер-бэнды — фармат клуба з кухняй, дзе народ сядзіць, жарэ, п’е і слухае любімыя мелодыі ў выкананні музыкаў. Тут жа ў нас танцпол, пасадачных месцаў практычна няма і амаль ніколі не будзе. І ежы багата тут не будзе, максімум — закускі ды піва. То бок такі рок-н-рол. А хто пойдзе танчыць пад кавер-бэнды? Я, напрыклад, нават не ўяўляю.
Яўген Бялоў: Тут можна ўзгадаць, адкуль увогуле ў нас з’явілася такая колькасць кавершчыкаў. Калі да нас прыехаў Арцемій Троіцкі, ён пасля напісаў вельмі цёплы і станоўчы водгук пра Мінск. Адзінае, што ў апошнім абзацы, ён пашкадаваў, што ў нас вельмі мала месцаў, куды можна пайсці паесці і паслухаць жывую музыку. Праз месяц у Мінску ўжо было 10-15 кавярняў з каверамі, і з тых часоў іх колькасць толькі павялічваецца. Такой колькасці кавер-бэндаў, як у нас, няма нават у Маскве.
Павел Юрцэвіч: Карацей, я кажу пра тое, што ў нас гэта наўрад ці прыжывецца, да таго ж, мы самі гэтага не жадаем!
Еўрарадыё: А як тады будзеце "закрываць" штодзённыя канцэрты? Нейкі план ужо ёсць?
Яўген Бялоў: У нас ёсць рэсурс, які мы хочам выкарыстоўваць і які мы ўкладаем у нашу ідэалогію. У нас існуе неверагодная колькасць лакальных тусовак — дрон-сцэна, індзі-сцэна, стоўнэр-сцэна і іншыя. Яны ўсе варацца ў сваім соку, яны малайцы, яны стараюцца, у іх ёсць нейкі рух ўнутры. Але яны вельмі рэдка выходзяць на сцэну, якая шырэйшая за іх звычайную тусоўку, якая і так пра іх добра ведае. Мы плануем зрабіць адкрытыя дзверы для такога роду праектаў і гуртоў. Але гэта пакуль на стадыі распрацоўкі, а пакуль праца не зробленая, пра яе лепей нічога не казаць.
Але праз месяц-два канцэрты будуць праходзіць штодзень, і па магчымасці яны будуць разнесеныя па вось гэтых стылях, у якіх цяпер так добра разбіраецца моладзь (усміхаецца).
Так што, калі ласка, прыходзьце, у нас тут адкрытая прастора, у прамым сэнсе адкрытыя дзверы для ўсіх. Такая рок-лабараторыя ў лепшым сэнсе слова рок. Каб памяшканне не прастойвала, мы плануем аб’яднаць дзве існуючыя практыкі (па якой працуе клуб “Графіці” і па якой працуе TNT Rock club) гэта будуць і ганарары, і адкрытая конкурсная аснова, і канцэрты з вольным уваходам.
Еўрарадыё: А калі ў гурта няма запісаў, але матэрыялу хапае на паўнавартасны сэт, то як будзеце іх праслухоўваць?
Яўген Бялоў: Напрыклад, у аўторак у нас будзе адбор гуртоў, якія будуць выконваць па 2-3 песні. У каго не атрымаецца прайсці, проста больш не будзе з намі супрацоўнічаць, а пойдзе вучыцца, мы яму што-небудзь параім, як-небудзь дапаможам.
Павел Юрцэвіч: Ці проста няхай ідуць што-небудзь іншае робяць, у сферу IT, ці іншае што (усміхаецца). А тых, хто нас зацікавіць, хто больш-менш з сябе што-небудзь уяўляе, мы будзем адкладаць у скарбоначку. І пасля дамо ім прафесійную сцэну.
Яўген Бялоў: Абсалютна прафесійную сцэну, апарат, святло! І вось тыя, у каго атрымалася сыграць праграму, хто не губляецца на сцэне, мае цікавы матэрыял, праз два-тры тыдні у залежнасці ад агульнай стылістыкі з некім падобным па духу адыграюць канцэрт са сваёй праграмай. З нашай дапамогай, а мы будзем над гэтым працаваць, запрашаць людзей для гэтых мэтаў, працаваць з імі. Калі далей усё будзе добра ісці, то мы зладзім які-небудзь канцэрт па выніках, напрыклад, сезона.
Еўрарадыё: То бок не толькі канцэртная пляцоўка, але вы плануеце ўзяць яшчэ і пэўныя прамоўтарскія функцыі?
Павел Юрцэвіч: Так!
Існуе формула агульнафіласофскага характару — культура расце знізу ўверх
Еўрарадыё: Вяртаючыся, да размовы пра штодзённыя канцэрты. Той жа “Графіці” сапраўды кожны дзень мае мерапрыемствы, але добры іх адсотак нельга назваць шматлюднымі…
Яўген Бялоў: У іх быў перыяд, калі яны займалі дамінуючую пазіцыю сярод канцэртных клубаў. Усё роўна ў нас цяпер не хапае канцэртных пляцовак. Для горада з насельніцтвам у два мільёны у нас вельмі мала пляцовак. Я за два гады праехаў амаль усю Расію з канцэртамі, дык вось, напрыклад, у Новасібірску, дзе мільён насельніцтва, клубаў у чатыры разы больш. А людзі там не багацейшыя і не бяднейшыя, чым у нас.
Еўрарадыё: То бок вас не пужае перспектыва, што будзе прыходзіць 20 чалавек і ўсё?
Яўген Бялоў: Мы будзем старацца прапаноўваць людзям цікавыя канцэрты і праграмы. Чаму ў “Графіці” быў гэты “залаты перыяд”? Бо яны прапаноўвалі людзям тое, што тыя жадалі ўбачыць. І што вельмі важна, прапаноўвалі гэта сістэмна. І кожны раз быў не менш цікавы за папярэдні. Можа, нейкія канцэрты былі правальныя, ледзь выходзілі “у нуль”, але усё працавала на агульны імідж клуба. І ў яго прагнулі трапіць і музыкі, і слухачы.
Павел Юрцэвіч: Ты малюеш негатыўную карціну, а мы аптымісты. Хоць ніхто не ведае, што насамрэч будзе заўтра. Але нам жа ўдалося зрабіць тое, пра што нават не думалі яшчэ паўгода таму. Але вось зрабілі, і ўсё аказалася не так складана. І калі мы вырашылі гэтую праблему, то іншую праблему, у якой фактычна мы варымся ўжо гадоў дзесяць, мы таксама вырашым.
Яўген Бялоў: Існуе адна формула агульнафіласофскага характару, якую я буду прымяняць у гэтым клубе. Культура расце знізу ўверх. На глебе збіраецца сапраўдны матэрыял. Ён можа быць непрычасаны, ён можа быць не вельмі меладычны, не вельмі фарматаваны пад падачу праз радыё, тэлебачанне ды і той жа інтэрнэт. Але ён сапраўдны, бо ствараецца сёння і цяпер і тымі людзьмі, якія ў гэты момант перажываюць пэўныя эмоцыі і жадаюць іх куды-небудзь выплюхнуць. А ў працэсе перацякання ўверх гэта ўсё крышталізуецца, рафінуецца, набывае форму… і, калі нехта дацягваецца да верху, то атрымліваецца той самы дыямент, які мы чуем з кожнага праса.
І вось гэтае трансфармаванне ад самай глебы у Беларусі амаль ніяк не прадстаўленае, існуе, але гэтага не бачна. Каранёў у гэтага ўсяго можа быць шмат, але мы жадаем зрабіць хоць адну галінку, адну лесвічку, па якой можна будзе ўздымаць людзей, а ў выніку, магчыма, і ўся наша культура стане больш цёплай.
Браць грошы за якасць я абсалютна не баюся.
Еўрарадыё: Ёсць яшчэ адна беларуская фішка — бясплатныя канцэрты сваіх музыкаў. Іх праходзіць шмат і яны заніжаюць узровень нашых музыкаў. Пра гэта кажуць самі гурты. Маўляў, навошта набываць квіток на выступ беларускага гурта, калі праз месяц яны будуць лабаць бясплатна?
Яўген Бялоў: Складанае пытанне. Я разумею пра што ты кажаш, але… У нас адзіны мінус — тое, што памяшканне малаватае. Я баюся, што не заўсёды мы здолеем рабіць адкрытыя дзверы. Колькасць месцаў абмежаваная, і мы проста мусім рабіць нейкую валідацыю, напрыклад, грашовую, праз квіткі. Але браць грошы за якасць я абсалютна не баюся. Напрыклад, Akute выступалі ў нас на “Адборышчы”. Была тая ж публіка, якая прыходзіла да іх на сольнік у Re:Public. Паразмаўляўшы з тымі, хто быў там, я магу сказаць, што гучалі ў нас яны не горш, а нават лепш. Так, там іншае памяшканне, яно вялікае і глядач там атрымлівае зусім іншыя плюшкі… іншай якасці задавальненне, іншыя эмоцыі нават на адным і тым жа выканаўцы.
Еўрарадыё: Дык усё ж вы супраць бясплатных канцэртаў, ці не?
Яўген Бялоў: У нас будуць бясплатныя дні і мы не баімся, што адбяром у кагосьці выручку. Ці якія-небудзь музыкі будуць адмаўляцца ў нас выступаць, бо ў іх праз месяц-два-тры канцэрт за грошы ў Мінск-Арэне і яны яго могуць не сабраць… Гэта розныя паняцці. Адна справа — у тым жа “Графіці” паслухаць Аляксея Шадзько пад гітару, а іншая — таго ж Шадзько паслухаць у Палацы спорту.
У ранішні і дзённы час тут будуць праводзіцца запісы
Еўрарадыё: Я так разумею, што гэта не толькі “Бар ili Клуб”, а яшчэ і нейкая пляцоўка для працы з гукам?
Павел Юрцэвіч: Так! Тут, у прынцыпе, базуецца частка студыі “ОСМАС”. У ранішні, дзённы час тут будуць праводзіцца запісы.
Яўген Бялоў: Памяшканне зробленае такім чынам, што за нязначны час увесь клуб пераўтвараецца ў тон-зал. Тон-залаў такога памеру ў Мінску няма, наколькі я ведаю. Толькі на Беларусьфільме, куды ўмяшчаецца сімфанічны аркестр. Наша памяшканне зробленае так, што яго можна пераўтварыць у памяшканне для любога запісу. Можна барабаны прапісаць, можна галасы. Усё лёгка падлучаецца, камутуецца, у нас ёсць асобная мантажная студыя.
Еўрарадыё: Вось вы адкрыліся, і як будзе працаваць клуб у бліжэйшыя месяц-два?
Павел Юрцэвіч: Гэта ўжо пытанне атрымання гастролькі, але я думаю, што першы канцэрт будзе недзе праз тыдзень-два.
Яўген Бялоў: Пакуль працуем пад канкрэтныя канцэрты. Мы адкрытыя, таму прапануйце свае варыянты.
Павел Юрцэвіч: І трэба разумець, што варыянтаў ужо шмат. І ў прынцыпе, ужо можна казаць, што мы маем даты мерапрыемстваў ад сёння і да пачатку лета. Ужо ёсць гурты, якія праездам з Расіі, Украіны будуць у Мінску, даведаліся пра новы клуб і цікавяцца, як тут і што. Так што, усё паступова будзе, а першы канцэрт — максімум праз два тыдні.
Магу сказаць, што цяпер я заняты менавіта тым, што фармую пэўны пул беларускіх артыстаў, якія тут будуць граць сістэматычна. Так бы мовіць, рэзідэнтаў клуба. Напрыклад, з Сашам Памідоравым мы ўжо дамовіліся.
Еўрарадыё: А што наконт коштавай палітыкі на мерапрыемствы?
Яўген Бялоў: Мне трыццаць з нечым гадоў, і ўсё жыццё я жыву ва ўмовах, калі кошты толькі растуць. Таму казаць пра нейкую фіксаваную суму не даводзіцца. Скажу сто тысяч, а заўтра гэтыя сто ператворацца ў пяцьдзясят… Таму беларусам немагчыма падлічыць гэты сярэдні кошт.
Павел Юрцэвіч: Насамрэч, я думаю, што асноўны першапачатковы квіток на большасць мерапрыемстваў будзе ніжэй за дзесяць долараў. Улічваючы, што будуць пэўныя эксклюзіўныя рэчы. Ну і, як мы ўжо казалі, будуць і бясплатныя мерапрыемствы.
Лічу, што 50-60 тысяч за беларускае піва — свінства!
Еўрарадыё: А што наконт коштаў у бары. Таксама пытанне шмат якіх новых клубаў. У якасці заманухі першы месяц бар і кухня падаецца даступнай, а потым за бакал беларускага піва патрабуюць 60 тысяч. Можаце паабяцаць, што у вас так не здарыцца?
Яўген Бялоў: Не-не! Гэта кошт, які пралічаны нашымі бармэнамі, якія разумеюць, што людзі мусяць быць задаволеныя.
Павел Юрцэвіч: Думаю, гэта не пра нас, бо я сам лічу, што 50-60 тысяч за беларускае піва — свінства. Яно проста не можа столькі каштаваць.
Яўген Бялоў: Напэўна, на гэта ёсць прычыны.
Павел Юрцэвіч: Напэўна. Спадзяюся, што ў нас падобных прычын не будзе.
Еўрарадыё: Наконт ежы. Пакуль у вас такі зусім невялічкі спіс. Будзе ён пашырацца ці не? І зноў, жа па коштах зарыентуйце.
Яўген Бялоў: У нас вельмі таленавіты шэф. Ён вельмі добра гатуе і распрацоўвае стравы літаральна на вачах. Хутка, з густам, дакладна і што характэрна, атрымліваецца зрабіць нядорага. Па меню, якое ў нас было на “Адборышы”, гэта было заўважна і нам пра гэта казалі. Так што, меню будзе ўвесь час рухацца, але не будзе нарошчвацца да нейкіх касмічных маштабаў. Яно будзе трансфармавацца. Ад паўфабрыкатаў мы будзем адмаўляцца і пераходзіць на нармальныя стравы.
Фота і відэа з адкрыцця "Бар ili Клуб": rdnv.me