Інфармацыя пра выкананне прысуду можа прыйсці праз некалькі месяцаў

111130 StefanovichS.mp3

Еўрарадыё: Мы вырашылі паразмаўляць пра поле для манеўра для гэтых хлопцаў, якім цяпер застаецца, хіба, толькі абскардзіць гэты прысуд. Будуць яны гэта рабіць, ці не? Як вы мяркуеце?

Стэфановіч: Напэўна, будуць. Адзіная праблема, што прысуд вынесены Вярхоўным судом, а гэта найвышэйшая судовая інстанцыя Рэспублікі Беларусь і прысуд абскарджанню ў канстытуцыйным парадку не падлягае. Адзінае, што можна зрабіць – падаць заяву на імя генеральнага пракурора РБ, а больш унутраных прававых механізмаў няма.

Еўрарадыё: Колькі часу яны будуць мець на гэта? То бок, калі, паводле прысуду, яны павінны быць расстраляныя?

Стэфановіч: Законам не ўстаноўлены такі тэрмін. На практыцы гэта можа заняць час да года, хоць ёсць выпадкі, калі гэта адбывалася хутчэй. Па справе Марозава, напрыклад, прысуд быў выкананы даволі хутка пасля яго вынясення – прыблізна пяць-сем месяцаў.

Еўрарадыё: Ці зацікаўленая дзяржава, наогул, марудзіць з гэтым? Бо зараз будзе, напэўна, нейкая рэакцыя Еўрасаюзу або якіх іншых міжнародных структур.

Стэфановіч: Нагадаю, што два апошнія прысуды былі прыведзеныя ў выкананне, дарма што былі распачатыя папярэднія механізмы абароны. Таму што асуджаныя звярталіся з індывідуальнымі зваротамі. Паводле працэдур, служба паведамляе пра такія звароты, а ўрад не мае права выканаць прысуд, пакуль гэтыя звароты не будуць разгледжаныя камітэтам па правах чалавека ААН. Беларусь ужо выканала ранейшыя прысуды, праігнараваўшы свае ж уласныя міжнародныя абавязкі. На пытанне, чаму было так зроблена, адказ быў такі, што Беларусь жыве па сваіх нацыянальных законах, а не па законах ААН. Тут, як той казаў, каментары – недарэчныя.

Еўрарадыё: Падсумоўваючы тое, што мы цяпер сказалі – яны застаюцца на ласцы кіраўніка дзяржавы. Як казаў Аляксандр Лукашэнка, ён асабіста будзе вырашаць лёс гэтых хлопцаў.

Стэфановіч: Ну, фактычна – так. Ад яго залежыць, будзе прысуд прыведзены ў выкананне, ці не. А ўвесь гэты час хлопцы будуць знаходзіцца ў камерах смяротнікаў. Цяпер яны пераведзеныя на Валадарку і там утрымліваюцца. Менавіта там прыводзіцца ў выкананне смяротны прысуд.

Еўрарадыё: Гэта камеры-адзіночкі, ці не?

Стэфановіч: Там знаходзяцца асуджаныя на пакаранне. Іх не вельмі шмат, таму яны там прабываюць паасобку. Калі было больш асобаў, бывала, што ў камеры было і па двое вязняў. Я ведаю, што Бурдыка знаходзіўся там разам з іншым вязнем, які і дагэтуль чакае выканання смяротнага прысуду і сёння ён там адзін. Калі людзей пабольшае, хтосьці, магчыма, будзе ўдвух, а хтосьці – асобна.

Еўрарадыё: А вось як адзінка – чалавек, які асуджаны на смяротнае пакаранне, якія правы ён мае? Ці можа ён атрымліваць пасылкі, ці ён – зусім выключаны з сістэмы кантактаў з вонкавым светам?

Стэфановіч: Мае права на спатканні з роднымі і з адвакатамі, паводле агульных правілаў знаходжання ў СІЗА. Мае права таксама на перадачы.

Еўрарадыё: А праз які час пасля выканання прысуду родныя атрымліваюць звесткі пра гэта? Бо цела не атрымоўваюць…

Стэфановіч: Цела не атрымоўваюць, як і інфармацыі пра пакаранне. А інфармацыю пра прывядзенне прысуду ў выкананне, звычайна, сваякі атрымоўваюць пазней, як гэта адбываецца. Напрыклад, па справе Жука – праз два-тры месяцы прыйшло пісьмовае паведамленне, пра тое, што прысуд выкананы. У графе “прычына смерці” стаіць прочырк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі