Ініцыятыва “За ўратаванне Курапатаў”: Мінкульт перайшоў усе маральныя нормы
Пра гэта ў сераду падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла ўдзельніца ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты” Ганна Шапуцька.
Ганна Шапуцька: “Мы абвінавачваем Міністэрства культуры Беларусі і навукова-метадычную раду міністэрства ў тым, што яны парушылі ўсе нормы маралі і сумлення і далі дазвол на будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў ахоўных зонах мемарыялу”.
Таксама ўдзельнікі ініцыятывы настойваюць на зносе ўсіх будынкаў забаўляльнага комплексу каля Курапатаў і заяўляюць пра незаконнасць такога будаўніцтва.
Парушэнне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасці "Курапаты" пры будоўлі забаўляльнага комплексу было выяўлена яшчэ ў лістападзе 2012 года. Тады ж працы па будаўніцтве комплексу былі прыпыненыя. Нагадаем, у часы сталіншчыны ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам савецкія карныя органы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян, а сярод іх найлепшых беларускіх літаратараў, грамадскіх і палітычных дзеячоў, вайскоўцаў.