Інтэрнэт-актывісты вылучаць кандыдатам у прэзідэнты чараўніка Гендальфа
На вылучэнне такога кандыдата іх натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, але не быў зарэгістраваны.
Сацыяльная суполка “Мая краіна Беларусь”, якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Актывісты вырашылі, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен герой кніг Толкіена чараўнік Гендальф, і шукаюць асобу, якая б пераўвасобілася ў гэты вобраз.
Галоўныя патрабаваньні да кандыдатаў — 35 гадоў, беларускае грамадзянства і “дастатковая адэкватнасць”. Стваральнікі суполкі “Мая краіна Беларусь” кажуць, што “праца не пыльная” і абяцаюць будучаму кандыдату дапамогу ў кампаніі і зборы подпісаў.
Гендальф — адзін з цэнтральных персанажаў Джона Р. Р. Толкіена, у прыватнасці, аповесці “Хобіт, або Туды і назад” і раману “Уладар Пярсцёнкаў”.
На вылучэнне Гендальфа ў прэзідэнты натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, але не быў зарэгістраваны. Паводле арганізатараў, Гендальф — добры чараўнік і сябра хобітаў, а хобіты, як вядома, падобныя да беларусаў.
Вылучэнне на прэзідэнцкія выбары Гендальфа, паводле арганізатараў, мае высмеяць рэжым і прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма. Як заявіў адзін з ініцыятараў, які называе сябе Арагорнам, сын Араторна, кампанія будзе пабудаваная на пазітыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцьця, інфармуе Радыё Свабода.