Інтэрнэт-крама Wildberries адмяніла платнае вяртанне тавараў
Патрабаванне прадаўца прызналі незаконным / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Інтэрнэт-крама Wildberries адмяніла платнае вяртанне тавараў. Адбылося гэта на патрабаванне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. Чыноўнікі спасылаюцца на шматлікія звароты грамадзян.
Як паведамляла Еўрарадыё, у жніўні стала вядома, што Wildberries у Беларусі зрабіла для кліентаў платнай паслугу вяртання тавараў на склад — 3 рублі за кожны вернуты тавар (нават калі ён каштаваў менш).
МАРГ прызнаў, што "гэтае патрабаванне прадаўца з'яўляецца незаконным", і ён атрымаў "прадпісанне аб устараненні парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў". І платнае вяртанне тавараў было адменена. Кліентам, якія пасля 16 жніўня аплацілі вяртанне тавараў, рэкамендуецца звяртацца да прадаўца, каб вярнуць грошы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.