Іранскія ракеты не дапамогуць спыніць украінскі контрнаступ
Аператыўна-тактычны ракетны комплекс Fateh-110 / Vahid Resa Alayai
Іранскія высокапастаўленыя чыноўнікі паведамляюць, што Іран, у дадатак да баявых беспілотнікаў, паабяцаў перадаць Расіі ракеты класа "зямля-зямля". Гаворка ідзе пра аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы Fateh-110 і балістычныя ракеты малой далёкасці Zolfaghar. У адкрытых крыніцах пішуць, што максімальная далёкасць "Фатэха" — 300 кіламетраў, а "Зульфікара" — 700 кіламетраў.
Іранскае ўзбраенне едзе ў РФ яўна не для таго, каб стаяць у сховішчах у той час, калі лінія фронту паступова адсоўваецца да расійскіх межаў. Хутчэй за ўсё, гэтымі ракетамі хутка будуць біць па тэрыторыі Украіны. Ці рэальна з дапамогай "Фатэхаў" і "Зульфікараў" кардынальна пераламаць ход вайны?
— Яны не змогуць сур'ёзна спыніць украінскі контрнаступ, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка. — Таму што ён ажыццяўляецца ў рэжыме задзейнічання невялікіх манеўраных падраздзяленняў, знішчэнне якіх у руху немагчымае такім ракетным узбраеннем.
Гэта па аналогіі з "Шахедамі" [БПЛА-камікадзэ іранскай вытворчасці], якія не могуць наносіць удары па аб'ектах, якія рухаюцца. Ім задаюцца каардынаты аб'екта, і калі яны мяняюцца, то "Шахед" ляціць у "малако" [прамазвае]. Калі лагістыка адпрацаваная, як у выпадку з украінскімі войскамі, то гэты ўдар не будзе мець сур'ёзнага эфекту. Біць ракетамі могуць, але крытычнага, глабальнага значэння не будзе.
Не такія страшныя "Зульфікары" з "Фатэхамі", як расказы пра іх
Эксперты не могуць пацвердзіць заяўленыя характарыстыкі іранскіх ракет, бо звестак для аналізу няма, а інфармацыя пра далёкасць палёту і баявую частку бярэцца ў асноўным з заяў "Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі" і іншых праіранскіх крыніц. Напрыклад, міністр абароны Ірана Хусэйн Дэгкан раней казаў пра тое, што Zolfaghar можа ляцець на 700 кіламетраў. Калі гэта праўда, то "Зульфікар" па далёкасці перасягае той жа АТРК "Іскандэр", які расіяне актыўна задзейнічалі для атак па Украіне.
— Тактыка-тэхнічныя характарыстыкі большасці іранскага ўзбраення, якія знаходзяцца ў адкрытых крыніцах — не толькі ракетнага, але і іншых тыпаў тэхнікі, — мякка кажучы, не адпавядаюць рэчаіснасці, — лічыць Аляксандр Каваленка. — Мы ўжо сутыкаліся з іранскімі БПЛА — Shahed-136, Shahed-131, Mohajer-6, Yasir, Ababil-2. І мы бачым, што тыя ТТХ, якія яны давалі ў адкрыты доступ, скажам так, крыху перабольшаныя.
Максімальная эфектыўная далёкасць прымянення таго ж "Шахеда-136" складае прыкладна 170-200 кіламетраў. Потым эфектыўнасць пачынае катастрафічна падаць. Асабліва дакладнасць, праз інерцыяльную сістэму навядзення. Цяпер расіяне дадаткова ўсталёўваюць на іх блокі ГЛОНАСС, што крыху паменшыла баявую частку, прыкладна да 30 кілаграмаў. Але, з іншага боку, падвысіла эфектыўную далёкасць прымянення. Усё залежыць ад рэжыму спажывання паліва рухавіком і гэтак далей. Але калі раней казалі, што "Шахеды" можна выкарыстоўваць ледзь не на 1700–2000 кіламетраў, то на самай справе гэта нават блізка не адпавядае рэчаіснасці.
Такая самая сітуацыя ў іх складваецца і з іншымі відамі ўзбраення. У адкрытых крыніцах пра ракеты Fateh-110 і Zolfaghar гаворыцца, што іх радыус выкарыстання каля сямісот кіламетраў. Але ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Гэта свайго роду несерыйная, невысокатэхналагічная вытворчасць ракетнага ўзбраення старога тыпу. Такога, як было ў Савецкім Саюзе, накшталт АТРК "Эльбрус". Аналагічна мы можам гаварыць пра дакладнасць іранскіх ракет і іншыя характарыстыкі.
Іран паўстагоддзя знаходзіцца пад сур'ёзнымі санкцыямі. Яго ваенна-прамысловы комплекс не мае магчымасці тэхнічна і тэхналагічна развівацца хоць бы на тым узроўні, на якім развіваюцца іншыя краіны. І на прыкладзе беспілотнікаў мы бачым, наколькі гэта саматужная праца.
— Тым не менш гэта зброя, якая мае досыць сур'ёзную баявую частку, — працягвае Аляксандр Каваленка. — Паводле адкрытых крыніц, гэтыя ракеты могуць закідваць вагу прыкладна да 600 кілаграмаў. Гэта сур'ёзны паказчык, калі ён адпавядае заяўленым ТТХ. Гэта пагроза, і, я б сказаў, не столькі для Узброеных сіл Украіны. Я не выключаю, што гэтыя іранскія сродкі паражэння будуць выкарыстаныя менавіта для абстрэлаў гарадоў у глыбокім тыле Украіны на столькі, на колькі ім дазволіць рэальная далёкасць.
Мы бачылі, наколькі актыўна расійскія акупацыйныя войскі ў лютым-сакавіку ўжывалі АТРК "Іскандэр". Потым яны рэзка сталі пераходзіць на савецкія ТРК "Кропка-У". На той момант ім ужо не хапала 9М723 і 9М728 — ракет да "Іскандэраў". Потым сталі выкарыстоўваць ЗРК "С-300", пераналаджаныя на паражэнне наземных цэляў.
І "Кропку", і "С-300" яны не так часта выкарыстоўвалі па пазіцыях УСУ або па ваенных аб'ектах, колькі па цывільнай інфраструктуры. Мікалаеў, Запарожжа, Славянск, Краматорск, Харкаў пастаянна знаходзіліся пад абстрэлам. Гэтае ракетнае ўзбраенне выкарыстоўваецца Расіяй як элемент тэрору і для маральна-псіхалагічнага ціску.
"Не бачу сур'ёзнай праблемы для нашых СПА"
Ёсць меркаванне, што іранскія ракеты будуць складанай цэллю для ўкраінскага СПА і збіваць іх будзе нялёгка.
— Я больш чым упэўнены, што ў выпадку з Fateh-110 і Zolfaghar магчыма выкарыстоўваць зенітныя ракетныя комплексы, якія ў нас ёсць і якія хутка да нас прыбудуць ад нашых міжнародных партнёраў, — лічыць Аляксандр Каваленка. — Варта сказаць, што незалежна ад таго, якое ў расіян будзе ракетнае ўзбраенне — новае або створанае на базе нейкага анахранізму, — усё роўна для ўкраінскіх сістэм СПА яно будзе новым аб'ектам, пад які неабходна адпрацоўваць алгарытмы супрацьдзеяння. У першыя дні, калі тыя ж "Шахеды" выкарыстоўвалі па Адэсе і Адэскай вобласці, СПА іх адпрацоўвала, але не настолькі эфектыўна, як гэта робіцца цяпер.
Я не адмаўляю, што ў першыя дні адсотак эфектыўнага выкарыстання іранскіх ракет будзе вышэйшы, чым у далейшым. Таму што потым будуць распрацоўвацца алгарытмы супрацьдзеяння і перахопы будуць паляпшацца. Я не бачу ў гэтым сур'ёзнай праблемы для нашых СПА.
Украінскія СМІ паведамляюць, што канцэрн "Украбаронпрам" завяршае распрацоўку ўласнага беспілотніка. Магчыма, ён стане аналагам і адказам на іранскія "мапеды" (БПЛА-камікадзэ). "Далёкасць — 1000 кіламетраў, вага баявой часткі — 75 кілаграмаў. Завяршаем распрацоўку. ... Мы практычна нічога вам не расказваем (так трэба, паверце), але гэтае "нічога" паспяхова працуе на полі бою, а яшчэ некаторае "нічога" раз за разам праходзіць паспяховыя выпрабаванні", — піша канцэрн на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
19 кастрычніка ў прэс-службе Паветраных сіл УСУ заявілі, што на гэты момант ва Украіне збіта 223 баражавальныя дроны-камікадзэ Shahed-136. Іх расіяне выдаюць за сваю распрацоўку і пераймяноўваюць беспілотнікі ў "Герань-2".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.