Ірына захварэла на малярыю яшчэ да нігерыйскага палона

Тым часам тэлефон Ірыны праслухоўваецца спецслужбамі, а аперацыя па арышце яе выкрадальнікаў яшчэ працягваецца. Нядаўна вызваленая з палону беларуская грамадзянка Ірына Экпа-Ума рыхтуецца да аперацыі ў лонданскай лякарні. Туды яна была перавезена ў суботу супрацоўнікамі кампаніі COMPASS GROUPE, LONDON.

Бандыты патрабавалі за вызваленне жанчыны 1,2 млн долараў. І нават зараз, пасля яе паспяховага вызвалення, невядома, ці заплацілі за яе выкуп. Але грошы зараз не галоўнае. Стан здароўя беларускі вельмі пагоршыўся. У Ірыны пасля ранення заражэнне крыві і малярыя.

Еўрарадыё датэлефанавалася да прэсавага сакратара кампаніі COMPASS GROUPE Крыса Кінга ў Лондан. Ён паведаміў, што спадарыня Экпа знаходзіцца зараз на лячэнні ў адмысловай больніцы, дзе абслугоўваюцца супрацоўнікі кампаніі. Спадар Кінг пацвердзіў хваробу Ірыны на малярыю, але адзначыў, што захварэла яна яшчэ да палону ў Нігерыі:

“Зараз яна знаходзіцца ў лякарні, дзе абслугоўваюцца ўсе работнікі нашай кампаніі ў Лондане. Для яе будзе праводзіцца лячэнне малярыі, якую яна атрымала яшчэ да палону. Таксама будзе праведзена аперацыя стрэлянай раны, атрыманай падчас выкрадання. Усе астатнія падрабязнасці, наконт лячэння і наконт вызвалення, з’яўляюцца камерцыйнай тайнай кампаніі”.

Звычайна ў Нігерыі справамі вызвалення людзей займаецца Агенцтва па нацыянальнай бяспецы – афрыканскі варыянт беларускага КДБ. У падтрымку версіі наконт вызвалення нашай суайчынніцы спецслужбамі кажа і размова Ірыны са сваім братам. Так, Алег Гівоін паведаміў “Еўрапейскаму радыё”, што Ірына прасіла не даваць нумар яе тэлефона нікому. На яе думку, размовы праслухоўваюцца, бо аперацыя па затрымцы баевікоў яшчэ не скончылася:

“У мінулую суботу яе перавезлі ў Лондан. Сёння будзе першая аперацыя. У яе ёсць інфекцыя ў крыві, да таго ж яшчэ і малярыя. Наконт яе вызвалення – яна папрасіла задаваць менш пытанняў, бо аперацыя яшчэ вядзецца, і нас, на яе погляд, маглі нават праслухоўваць”.

Еўрарадыё патэлефанавала да камісара паліцыі горада Порт-Харкат спадара Каале ў Нігерыю. Але паліцэйскі не пажадаў расказваць журналістам падрабязнасці следства, спаслаўшыся на зацікаўленасць Агенцтва па нацыянальнай бяспецы Нігерыі.

Фота: kp.belkp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі