Каб беларусы выйшлі на вуліцы, узровень жыцця павінен пагоршыцца ўдвая

Ці не закрануць Беларусь еўрапейскія мітынгі і забастоўкі? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да вядомага сацыёлага і былога міністра працы Аляксандра Саснова. Апошнім часам па ўсёй Еўропе пракаціліся грамадскія акцыі пратэсту, якія паралізавалі жыццё заходніх краінаў. Так, Францыю ахапіла агульнанацыянальная забастоўка. Удзельнікі акцыі, арганізаванай прафсаюзамі, пратэстуюць супраць эканамічнай палітыкі Нікаля Сарказі ва ўмовах крызісу і патрабуюць павышэння заробкаў. Падобная сітуацыя назіраецца і ў Нямеччыне. А ў суседніх Літве ды Латвіі забастоўкі перараслі ў масавыя беспарадкі.

Пры якіх ўмовах беларусы гатовыя выйсці на вуліцу для выказвання сваёй сацыяльнай пазіцыі і ці не закрануць нашу краіну еўрапейскія мітынгі і забастоўкі? З гэтым пытаннем Еўрапейскае радыё звярнулася да сацыёлага і былога міністра працы Аляксандра Саснова.

Па словах эксперта, беларускае грамадства сёння не гатовае да падобных дзеянняў. І прычынай таму – запалоханасць нашых суайчыннікаў.

Аляксандр Сасноў: “Думаю, што такая сітуацыя цяпер нерэальная. Таму што запалохана насельніцтва, вельмі запалохана”.

Аляксандр патлумачыў нам, што для таго, каб людзі пачалі выходзіць на вуліцу, патрэбна істотнае зніжэнне ўзроўню жыцця, якога пакуль яшчэ не назіраецца.

Аляксандр Сасноў:“Узровень жыцця упаў нязначна пакуль што. Ён толькі намінальна скараціўся, але з пункту гледжання шараговага беларуса нічога істотна не змянілася”.

Другой прычынай адсутнасці пратэстных настрояў ў грамадстве эксперт называе неразвітасць прафсаюзных рухаў у нашай краіне. Афіцыйны саюз працаўнікоў  “Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі” моцна падпарадкаваны уладам і не гатовы ісці насуперак афіцыйнай палітыкі ўраду.

Аляксандр Сасноў: “Вы ведаеце, што ў Беларусі прафсаюзаў няма, якія могуць падбухторваць людзей на такія дзеянні. Тое што ёсць, чым кіруе Козік, гэта ФПБ так званае, гэта не прафсаюз, гэта аддзел адміністрацыі прэзідэнта, які кіруе працоўнымі людзьмі. Таму там усё зробяць дзеля таго, каб ніякіх выбухаў, ніякіх выхадаў на вуліцу не было”.

На незалежныя прафсаюзы спадар Сасноў таксама спадзявацца не раіць. На яго думку, яны занадта маленькія каб маглі аб'яднаць вакол сябе масы людзей. Адзіная прычына, па якой людзі могуць выйсці на вуліцу – зніжэнне ўзроўню жыцця ў два разы.

Аляксандр Сасноў: “Што тычыцца маленькіх незалежных прафсаюзаў – тое што яны маленькія, не дае ім магчымасці падняць людзей. Таму я думаю, што узровень жыцця павінен скараціцца разы ў два, тады пойдуць”.

Фота: Charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі