Каб не сказалі "пры Лукашэнку было лепш!": 3 сцэнары для эканомікі Беларусі

Сцэнары — адзін горшы за іншы / pixabay
Сцэнары — адзін горшы за іншы / pixabay

Гістарычная місія ўрада пераходнага перыяду — забеспячэнне стабільнасці і прадказальнасці ў эканоміцы, лічыць эканаміст Леў Львоўскі. Гэта меркаванне ён выказаў на канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні.

Чтобы не сказали “при Лукашенко было лучше!”: 3 сценария для экономики Беларуси

— Што неабходна рабіць для гэтага, будзе залежаць ад таго, калі пачнецца гэты транзітны перыяд. Сітуацыя, калі транзіт пачнецца, можа быць вельмі рознай.

Львоўскі прапануе разгледзець тры станы, у якіх пераходны ўрад можа атрымаць магчымасць уплываць на беларускую эканоміку. Першы варыянт: транзіт пачынаецца, калі эканоміка ў стабільным стане.

— У такім выпадку самае галоўнае — не дапускаць іміджавых памылак, дзейнічаць паступова. Не дапусціць таго, каб людзі спужаліся дэмакратычных уладаў у гэты пераходны перыяд.

Другі варыянт пачатку пераходнага перыяду — сітуацыя вялікіх праблем у эканоміцы. Калі пераходны ўрад не можа забяспечыць стабільнасць, ён павінен забяспечыць прадказальнасць.

— У такім выпадку давядзецца дзейнічаць хутка, нельга будзе дазволіць сабе плаўных паступовых рэформаў з упорам на сацыяльнае забеспячэнне людзей, асабліва людзей, якія трапілі пад негатыўную эканамічную хвалю.

Як забяспечыць большую стабільнасць у гэтым сцэнары? Я думаю, што ключ павінен ляжаць у прадказальнасці. Рэформы павінны пачаць прапрацоўвацца ўжо цяпер, людзі павінны ведаць, чаго ім чакаць, — кажа Львоўскі.

Самы цяжкі варыянт той, пры якім пераходны ўрад вымушаны будзе працаваць з нябачным воку эканамічным калапсам.

— Гэта сітуацыя, калі вонкава ўсё выглядае больш-менш стабільна, але ўнутры сістэма згніла. На прадпрыемствах — гіганцкія даўгі, а заводы на мяжы банкруцтва. Гэтая сітуацыя самая складаная, бо многія людзі могуць падумаць: пры Аляксандру Лукашэнку ўсё было стабільна, а банкі не банкрутавалі. Прыйшла Святлана Ціханоўская — банкі закрыліся праз тыдзень.

Упор трэба рабіць на тлумачэнне, на адкрытасць статыстыкі. Трэба тлумачыць людзям, што адбываецца і чаму.

Львоўскі таксама раіць мець "падушку бяспекі", якая змагла б дапамагчы прайсці гэты перыяд хоць бы адносна бязбольна і не дапусціць вострых шокаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі