Качанава сустракалася з прыхільнікамі апазіцыі ў Баранавічах
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустракалася з прыхільнікамі апазіцыі ў Баранавічах, паведамляе nn.by. Сустрэча прайшла 17 чэрвеня ў гарадской бібліятэцы. Былі запрошаны сябры ініцыятыўных груп альтэрнатыўных патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Андрэя Дзмітрыева (іх абтэлефаноўваў старшыня гарсавета). Рабіць фота і відэа не дазволілі.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы пераказаў асноўныя пасылы Качанавай: "такіх людзей, як Аляксандр Рыгоравіч, яна ў жыцці не бачыла, ён круты, і яна з ім да канца... вас вельмі мала, і вы пустым займаецеся... ніякіх фальсіфікацый не было". Калі госці са сталіцы прапанавалі выйсці на вуліцу і апытаць людзей, за каго яны прагаласуюць, Наталля Качанава адмовілася, бо "гэта ж незаконнае сацыялагічнае апытанне". Негатыўна яна выказвалася фактычна толькі пра Бабарыку, якога сёння затрымалі.
Качанава на сустрэчы падкрэсліла, што прыехала па даручэнні Лукашэнкі. "Выглядала гэта так, быццам яна хацела паглядзець нашу рэакцыю, на што мы, з рэгіёнаў, гатовыя, — кажа суразмоўца nn.by. — Як нам падалося, гэта было прамацванне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.