Качанава сустрэлася са студэнтамі БДУ: адлічваюць не за грамадзянскую пазіцыю
У БДУ 3 лістапада адбылася сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай са студэнтамі. Фармальна студэнтаў запрашалі на размову з рэктарам ВНУ Андрэем Каралём, але нечакана высветлілася, што будзе ўдзельнічаць і Качанава.
Качанава заявіла, што чэргі на выбарчых участках 9 жніўня былі створаныя штучна, "каб выказаць пратэст і стварыць нязручнасці для ўлады".
Пра афіцыйныя вынікі выбараў (дзе Аляксандр Лукашэнка атрымаў больш за 80%) яна заявіла: "Тое, як размеркаваліся галасы, — гэта праўда". Паведаміла, што сустракалася з усімі кандыдатамі ў прэзідэнты і дадала: "Для таго каб быць прэзідэнтам краіны, мала прыгожа казаць. Вы павінны разумець, што прэзідэнт краіны павінен быць моцны палітык. Таму што тая краіна, якая ёсць у нас, Беларусь, не мае сваіх рэсурсаў".
У Качанавай спыталіся, чаму ніхто не быў пакараны за фальсіфікацыю вынікаў выбараў. На гэта яна заявіла: "Факты фальсіфікацыі не выяўленыя, адказнасць будзе тады, калі буду факты".
Пра гвалт з боку сілавікоў старшыня Савета Рэспублікі паведаміла наступнае: "Гвалт спараджае гвалт — гэта праўда. Але ж як, калі кідаюцца на хлопцаў, трэба было паступіць па-іншаму? А вы паглядзіце іншыя краіны. Таму як працавалі, так і будзем працаваць".
Яна заявіла, што ніводнага факту згвалтавання затрыманых з боку сілавікоў не было. "Я афіцыйна вам заяўляю: з міністрам аховы здароўя і намеснікам, Каранікам і Піневічам — з кожным размаўляла персанальна, асобна. Ніводнага факту згвалтавання, разрыву маткі ці чагосьці іншага не было зафіксавана. Ніводнага. Калі вы мне не верыце, я запрашу — і ў наступны раз да вас сюды прыедзе міністр аховы здароўя", — падкрэсліла Качанава.
Калі ў яе спыталіся пра збіццё і затрыманне журналістаў на вулічных акцыях, Качанава адказала, што гэтыя журналісты працуюць без акрэдытацыі ды прапанавала не зацыклівацца на гэтай тэме.
Студэнты пацікавіліся, чаму за ўдзел у акцыях караюць двойчы — і арыштам, і выключэннем з ВНУ. Чыноўніца адказала: "Я не ведаю рэкамендацыі Мінадукацыі, але гэта правільная рэкамендацыя. Таму што ўдзел у несанкцыянаванай акцыі незаконны, /…/ і вы гэта ведаеце, але ўсё адно працягваеце ісці".
Студэнтцы, якая пацікавілася, чаму яе грамадзянская пазіцыя адбіваецца на вучобе ў ВНУ, Качанава заявіла: "Калі вы баіцеся, што вас адлічаць, не хадзіце на акцыі. Каб не быць адлічанай з універсітэта, трэба добра вучыцца, не парушаць грамадскі парадак і не хадзіць на несанкцыянаваныя акцыі".
А ў адказ на прапанову студэнта адмяніць абавязковы прызыў у войска старшыня Савета Рэспублікі парыравала: "Мне здаецца, такія людзі, як вы, павінны служыць у войску".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.