"Калі просіць на вуліцы на лячэнне дзіцяці — гэта амаль 100% махляр”

Жанчына просіць грошы на лячэнне дзіцяці / vk.com/pobirushki
Жанчына просіць грошы на лячэнне дзіцяці / vk.com/pobirushki

Спуск да станцыі метро "Плошча Леніна". На прыступках з працягнутай рукой стаіць мужчына гадоў сарака. Да яго падыходзіць жанчына, здымае яго на тэлефон і задае шэраг пытанняў: "Доча твая ўжо вылечылася ад раку лёгкіх? Ужо не хварэе? Засталося на бухло сабраць?"

Працягнутую руку мужчына хавае ў кішэню і моўчкі сыходзіць далей. Жанчына яму, відавочна, знаёмая. Яна ўжо некалькі гадоў вядзе на "Ютубе" блог "з выкрыццём папрашаек-ашуканцаў".

А гэты персанаж — заўсёднік яе канала. Можна знайсці з дзясятак відэа пра тое, як ён жабруе. Раней яго можна было ўбачыць з таблічкай "на дапамогу хворай на рак дачцэ".

Аўтар відэаблога і закадравы ўдзельнік усіх відэа мінчанка Е. расказвае Еўрарадыё, што ніякай хворай дачкі ў гэтага мужчыны няма:

"Неяк раз з ім і супрацоўнікамі ездзілі ў Першамайскае [РУУС], там яго распытвалі. Аказалася, што дачкі няма ў яго".

Адразу ж падбег буйны малады чалавек: "Я табе мазгаўню разаб'ю!"

Падобных відэа на канале Е. сотні. Яе крыжовы паход са смартфонам у руках пачаўся ў 2017 годзе. Тады мінчанка звярнула ўвагу на жанчыну, якая амаль кожны дзень жабравала каля станцыі "Няміга".

"Была такая паненка — Яніна. Яна апраналася то праваслаўнай манашкай, то каталіцкай. Перамотвала сабе то нагу, то руку — кожны раз новы вобраз. І была ў яе яшчэ таблічка "Анкалогія". Еду на работу праз "Нямігу" — яна стаіць, вяртаюся з работы — яна стаіць. Разумею, што чалавек з анкалогіяй 12 гадзін адстаяць не можа. Дождж, снег, мароз — яна стаіць. Падышла да яе спытаць, што ж прымусіла яе так стаяць, на якія лекі збірае. Да мяне адразу ж падбег буйны малады чалавек з крыкам "Я табе мазгаўню разаб'ю!”.

“Если просит на улице на лечение ребёнка — это почти 100% мошенник”
Та самая Яніна

Каб наступным разам справа не дайшла да рукапрыкладства, Е. пачала здымаць папрашаек на відэа.

"Стала прыглядацца і зразумела, што гэта сапраўды бізнес, што ў іх сапраўды ёсць ахова, чалавек, які прыходзіць і збірае грошы ў пэўны час. У іх нават ёсць планёркі, на якіх раздаецца па 10-20 рублёў на ежу. А ў канцы вечара "адбіраецца" ўся выручка", — кажа Е.

Як распазнаць махляра?

Лайфхак ад Е. просты: калі бачыш на вуліцы чалавека, які просіць на лячэнне, — гэта махляр.

"Па-першае, са свайго асабістага досведу скажу: чалавек, які сутыкнуўся з сур'ёзнай праблемай са здароўем, не будзе такім чынам прасіць пра дапамогу. Па-другое, нават калі і будзе прасіць, то на што? У нас у краіне лячэнне бясплатнае. Калі яны будуць гаварыць, што на нейкія лекі, то ў кожнага цяпер ёсць "Гугл" у тэлефоне — можна праверыць.

Бывае такое, што прыедзе жанчына з Украіны і просіць на лекі. Пагугліш, а лекі каштуюць тры рублі. Тут калькулятар не патрэбны, каб палічыць, якія расходы будуць у жанчыны на дарогу з Украіны ў Беларусь дзеля лекаў за тры рублі. Гэта немэтазгодна".

На адным з відэа Е. распытвае жанчыну з Данецка, якая ў Мінску збірае на хворую на рак дачку. Пасля некалькіх пытанняў маці пачынае блытацца ў адказах.

 

Пад прыкрыццём фонду

Некаторыя "бацькі" з відэа Е. спасылаюцца на дабрачынныя арганізацыі, якія нібыта таксама дапамагаюць ім збіраць грошы на лячэнне. Некалькі разоў фігуруе назва фонду "Шанс".

Намесніца дырэктара фонду "Шанс" Наталля Бармакова расказвае Еўрарадыё, што для бацькоў, якія звярнуліся ў фонд па дапамогу, адно з патрабаванняў — адсутнасць паралельных збораў.

"Нават бацькі, якія самастойна [без удзелу фонду. — Еўрарадыё] збіраюць сродкі, як правіла, робяць гэта, так скажам, цывілізаваным шляхам: адкрываюць дабрачынны рахунак у банку. Тыя, хто на вуліцы стаіць і збірае грошы наяўнымі, — гэта амаль сто адсоткаў ашуканцы", — кажа Бармакова.

Два рублі на білет да Оршы

Адзін з самых частых відаў папрашайніцтва — "на дарогу дадому". Е. лічыць, што грошы, якія вы перадасце чалавеку, які не можа даехаць дадому, дакладна не пойдуць на куплю білета.

"Тым, што вы дасце грошы папрашайку, вы яму не дапаможаце. Ён у канцы дня пойдзе сваю выручку прап'е. За ўвесь гэты час некаторыя сталі мне як родныя — я ведаю іх гісторыі. Некаторыя не дажываюць да 30 праз цыроз печані. Чым вы дапамаглі гэтаму чалавеку?”

Старыя-ашуканцы

Асобная каста папрашаек — старыя, якім "не хапае пенсіі на хлеб". Па словах Е., за такімі дзядулямі і бабулямі часта стаіць "сямейны падрад". У старых ёсць і сваё жыллё, і пенсіі. Многіх на "месца працы" прывозяць і забіраюць сваякі на машынах. А за гэта забіраюць сабе частку сабраных грошай.

Самы яскравы прыклад — Іван Пятровіч. Кволага з выгляду старога можна часта ўбачыць у сталічных пераходах. Па словах Е., пажылы мужчына збірае то на лячэнне нагі, то проста на паесці: маўляў, адзінокі і ніхто яго не даглядае.

"Іван Пятровіч — гэта наогул бізнесмен. У яго ў камандзе ёсць унучак і сябар унучка. Унучак яго прывозіць і адвозіць на машыне, здымае выручку. А яго сябар — СММ-спецыяліст, так бы мовіць: скідвае ў розныя суполкі ў сацсетках яго фотку з подпісам а-ля "Вось, бачыў гэтага дзеда там і там. Сядзіць бедны. Дапамажыце яму хто можа". А сам дзед не толькі па пераходах сядзіць, а яшчэ і бегае па офісах — там просіць".

У Івана Пятровіча ёсць пенсія, двухпакаёвая кватэра і двое дзяцей. Папрашайніцтвам ён займаецца, "каб дапамагчы беспрацоўнаму ўнуку і дачцэ". Гэта вынікае з адказу камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, куды наконт пенсіянера звярталася Е.

“Если просит на улице на лечение ребёнка — это почти 100% мошенник”

Адзін з відэазапісаў Е. пра Івана Пятровіча зроблены ў аддзяленні міліцыі яшчэ ў 2018 годзе. Па дзеда прыехаў унук, які заявіў, што гатовы аплаціць штраф. З размовы становіцца зразумела, што ў гэтага дзеда з густой барадой гэта ўжо не першы штраф. Штрафы яго ў прынцыпе не палохаюць — яго па-ранейшаму можна сустрэць у мінскіх пераходах.

Заплаціў штраф і папрашайнічае далей

Што ж пагражае чалавеку, які просіць грошы на лячэнне, у якім не мае патрэбы? Герояў відэа Е. час ад часу прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 10.5 "Дробны крадзеж шляхам махлярства" КаАП.

"З досведу зносін з міліцыянерамі ў розных раёнах горада я зразумела, што ім патрэбны дакладны закон, таму што яны не ведаюць, што з папрашайкамі рабіць. Яны самі кажуць: "А што яны парушаюць? У нас бедная краіна — народ і папрашайнічае", — расказвае Е.

Тым, каго ўсё-ткі забіраюць у пастарунак, пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічынь.

Колькі зарабляюць папрашайкі?

У канцы 2018 года ў Беларусі турэмным тэрмінам скончылася гучная справа ў дачыненні да жыхара Магілёва, які арганізаваў бізнес на міласціне. Яго прызналі вінаватым у вымаганні — пацярпелымі выступілі папрашайкі, якіх ён фактычна трымаў у рабстве. 24-гадовага мужчыну прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Суду ўдалося даказаць, што за паўтара года нелегальнага бізнесу ён прысвоіў каля 47 тысяч рублёў, якія як міласціна былі сабраныя на вуліцах дзевяццю папрашайкамі.

Е. расказвае, што ў 2018 годзе мела зносіны ў сацсетках з адной з пацярпелых:

"Вольга, якой удалося ад яго ўцячы, гаварыла, што яны за дзень "падымалі" па 200 рублёў кожны. Яны працавалі не толькі ў Магілёве, ён прывозіў іх і ў Мінск".

Патрэбен закон аб супрацьдзеянні папрашайніцтву

Закон "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" ад 10 лістапада 2008 года №453-3 уключаў у сябе паняцце "папрашайніцтва". Але з новай рэдакцыі дакумента, прынятай у 2014 годзе, "папрашайніцтва" прыбралі. На думку Е., менавіта пасля гэтага з'ява набыла масавы характар.

У інтэрнэце Е. размясціла петыцыю аб прыняцці закона "Аб супрацьдзеянні папрашайніцтву". Жанчына прапануе ўвесці крымінальную адказнасць за арганізацыю такой дзейнасці. Але ініцыятыва не знайшла водгуку ў беларусаў: петыцыя сабрала ўсяго 148 подпісаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі