“Калі злачынства не раскрытае па гарачых слядах, то працэс будзе доўгім”

“Калі злачынства не раскрытае па гарачых слядах, то працэс будзе доўгім”

Прайшло пяць дзён з моманту забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета — што маем на сённяшні дзень? На жаль, ніякай канкрэтыкі. Нягледзячы на вялікую колькасць розных каментарыяў, выказванняў ды выступаў розных афіцыйных асоб, праваахоўнікаў ды экспертаў і палітолагаў з канспіролагамі.

Але што самае галоўнае, няма затрымання па гарачых слядах.

Шарамета забілі прафесійныя кілеры ці “аматары”?

Нават па гэтым пытанні няма агульнага меркавання. Ва Украіне схіляюцца да таго, што працавалі прафесіяналы. Ці, як найменш, людзі, якія маюць вялікі баявы вопыт. Так, следчы з 20-гдовым стажам, каментуючы ўкраінскім СМІ забойства Паўла Шарамета, адзначае:

“Усе падрывы машын ажыццяўлялі прафесійныя ваенныя. Хутчэй за ўсё, кілер служыў у АТА, меў навыкі выбухатэхніка. Цяпер шмат людзей, якія атрымалі такія навыкі, калі служылі сапёрамі ці разведчыкамі”.

Тым не менш, следчы ўжывае слова “кілер”, што азначае — прафесійны забойца. Але былы кіраўнік аператыўнай секцыі па справах тэрактаў Аддзела па барацьбе з крымінальным тэрорам і забойствамі варшаўскай паліцыі Анджэй Мрочэк ў каментарыі тэлеканалу "Белсат" сказаў, што сумняваецца ў вялікім прафесіяналізме забойцаў беларускага журналіста.

“Шчыра кажучы, яны дзейнічалі нахабна. Непрафесійна. Прафесійна толькі бомбу зрабілі. Выканаўцы працавалі без падрыхтоўкі і разведкі, па-хуткаму. Яны маглі не ведаць пра камеры назірання. Гэта не дзеянні прафесійных дыверсантаў, а, хутчэй, крымінальнікаў”, — канстатуе эксперт.

Што праўда, асабіста мяне прафесіяналізм забойцаў Паўла Шарамета цікавіць выключна з аднаго боку: ці дастаткова яны прафесійныя, каб пазбегнуць затрымання? І тут насцярожвае адсутнасць выніку “па гарачых слядах”.

“Найчасцей сапраўды так бывае: калі здзейсненае злачынства і па гарачых слядах не атрымліваецца яго разблытаць, то можна казаць, што гэта будзе доўгі працэс”, — каментуе сітуацыю крыніца Еўрарадыё ў беларускіх праваахоўных органах.

Па словах майго суразмоўцы, першыя дзесяць дзён з моманту злачынства можна лічыць такім тэрмінам. З моманту забойства Паўла Шарамета прайшло 5 дзён. Праўда, беларускі праваахоўнік раіць не рабіць высноваў пра поспехі следства выключна на падставе інфармацыі ў СМІ.

“Канкрэтыкі я не бачу ніякай: ад іх (прадстаўнікоў праваахоўных органаў Украіны, — Еўрарадыё) ідуць толькі нейкія развагі і высоўванне гіпотэз. Няма канкрэтыкі, што адпрацавалі кола асоб такіх і такіх. А тут жа справа ў тым, што злачынства не шараговае, яно архірэзананснае. Дзе нават кіраўнік краіны пад асабісты кантроль паставіў расследаванне гэтай крымінальнай справы. І тут два варыянты: альбо сапраўды няма нічога значнага, што можна было б расказаць грамадскасці, альбо яны прасунуліся, ёсць затрыманыя па справе, але нічога не расказваюць з меркаванняў захавання таямніцы следства і выхаду на заказчыкаў забойства”.

Адначасова беларускі праваахоўнік папярэджвае: злачынцам дастаткова чатырох гадзін, каб пакінуць тэрыторыю краіны.

 

Асноўная версія — помста за прафесійную дзейнасць

 

З першага дня следчыя пачынаюць адпрацоўваць шэсць версій. Прычым, па словах дарадцы кіраўніка Службы бяспекі Украіны Юрыя Тандзіта, асноўных версіі забойства чатыры: прафесійная дзейнасць, непрыязнасць у адносінах альбо асабістыя матывы, расійскі след, замах на Алену Прытулу. На сёння, па словах Генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі, асноўнай стала версія помсты за прафесійную дзейнасць.

“Калі злачынства не раскрытае па гарачых слядах, то працэс будзе доўгім”
Юрый Луцэнка, фота zn.ua

Такая расплывістая фармулёўка сведчыць, што ў следчых няма канкрэтыкі па справе, кажа крыніца Еўрарадыё ў беларускіх праваахоўных органах. Ну, не за тое ж забівалі, што журналіст! Але менавіта таму, лічыць мой суразмоўца, Луцэнка і кажа, што не адкінутыя і іншыя версіі.

Усе, хто сачыў за тым, што пісаў Шараметам у апошні час, гаварыў з ім ці працаваў сцвярджаюць – у яго апошніх матэрыялах, блогах і выступах па радыё не было нічога такога, за што маглі б забіць. І не рыхтаваў ён ніякага выбуховага матэрыялу, здольнага выкрыць карупцыянераў ці якіх іншых злодзеяў.

“Хаця, не выключана, што яму магло стаць вядомае нешта такое, за што маглі і забіць, каб гарантаваць, што ён ніколі гэтую інфармацыю не агучыць”, — не выключае палітолаг Кірыл Коктыш.

Расійскі палітык Ілья Яшын цвёрда ўпэўнены: за гэтым забойствам відавочна тырчаць “вушы Крамля”. Мэты ў гэтага тэракта, кажа Яшын ў размове з Еўрарадыё, дзве: дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне і…

“Калі злачынства не раскрытае па гарачых слядах, то працэс будзе доўгім”

“Гэта недвухсэнсоўнае пасланне тым расійскім эмігрантам, якія з меркаванняў бяспекі перабраліся ў Кіеў і працягваюць крытыку на адрас Пуціна, крамлёўскай палітыкі. Калі раней мы разумелі, што крытыка Пуціна могуць забіць у цэнтры Масквы, то цяпер мы разумеем, што крытыка Пуціна могуць забіць і ў цэнтры Кіева”.

Ілья Яшын

“Ва Украіне на такое забойства ніхто не мог бы наважыцца пасля забойства Гангадзэ, — упэўнены былы журналіст “Украінскай праўды”, дзе апошнім часам працаваў Павел Шарамет, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Сяргей Лешчанка. — Бо забойства Гангадзэ прывяло да вельмі сур’ёзных палітычных наступстваў і фактычна завяршыла прэзідэнцтва Кучмы. Таму тут трэба шукаць знешні след, а значыць, расійскі. І я думаю, што тут мы маем нейкую спецаперацыю, якая мусіць яшчэ мець працяг. І звязана гэта з украінскімі палітычнымі працэсамі. Мяркую, яго ўзялі не проста як журналіста, а як журналіста, які глыбока інтэграваны ў адно з вядучых незалежных СМІ, і забойства якога выкліча ў грамадстве вельмі сур’ёзны рэзананс. Не толькі таму, што гэта журналіст, які прыехаў з Беларусі, з Расіі, але і таму, што ён — частка ўкраінскага працэсу пабудовы дэмакратыі”.

“Калі злачынства не раскрытае па гарачых слядах, то працэс будзе доўгім”
Сяргей Лешчанка, фота Еўрарадыё

Што праўда, версію “беларускага следу” ў забойстве Паўла Шарамета выключаюць практычна ўсе. І мала веры, што Павел стаў выпадковай ахвярай, а хацелі на самой справе забіць яго грамадзянскую жонку, уладальніцу сайта “Украінская праўда” Алену Прытулу: яе машынай Павел карыстаўся даўно, і калі за імі сачылі, то мусілі гэта ведаць.

У любым выпадку, добра, што дапамагаць украінскім следчым будуць адмыслоўцы з ФБР, кажа Еўрарадыё беларускі праваахоўнік.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі