Калінкіна пра блакаванне “Белпартызана”: Выйшаў артыкул аб расійскай прапагандзе
Рэдакцыя партала “Беларускі партызан” пакуль не бачыла дакумента, у якім тлумачацца прычыны блакавання сайта ў Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё распавяла сузаснавальніца партала Святлана Калінкіна.
Святлана Калінкіна: “Ніякага паведамлення, ні папярэджання, ні заўваг нам не дасылалі. Я звяртаю ўвагу адразу на тры падзеі, якія гэтаму папярэднічалі. Спярша абсалютна ілжывую інфармацыю надрукавалі ў “СБ. Беларусь сёння”, што ўладальнік “Белпартызана” Зміцер Галко ўцёк ва Украіну. Ён не ўладальнік і нават апошнія паўгода не пісаў на наш сайт. Учора мы рабілі прэзентацыю пра тое, што беларускаму кіраўніцтву варта змагацца з расійскай прапагандай. І учора быў матэрыял пра новую расстаноўку сілаў вакол старэйшага сына кіраўніка краіны Віктара Лукашэнкі. Вось гэтыя падзеі папярэднічалі блакіроўцы”.
Святлана Калінкіна дадае, што цяпер збіраецца высветліць, што парушыла рэдакцыя сайта і што павінна выправіць.
Нагадаем, Мінінфарм заблакаваў сайт “Беларускі партызан”, паведамленне пра гэта з’явілася на сайце ведамства 15 снежня. Прычына — “рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя".