Калмыкоў: Прарокі ў сваёй Айчыне гэта не "Experty.by", а "Ляпис Трубецкой"!

Напярэдадні Рок-каранацыі музычны гід “Experty.by” уручыў узнагароды беларускім музыкам, якія цягам мінулага года выдавалі альбомы на беларускіх музычных лэйблах. Тут нічога не нагадвала легендарную "Рок-каранацыю", якая пачала губляць сваю легендарнасць. Тут усё выглядала хутчэй вельмі моцнай альтэрнатывай "Каранацыі", бо “Experty.by” – гэта не хто-небудзь, а Зміцер Падбярэзскі, Алег Клімаў, Зміцер Безкаравайны і Сяргей Будкін. “Experty.by” – гэта адмыслова створаны ў Інтэрнэце музычны гід, які знаёміць беларусаў і не толькі з музычнымі працэсамі, што адбываюцца ў беларускай музыцы, то бок з альбомамі, творчасцю і нават жыццём прадстаўнікоў айчыннага року, этна, попу і г.д.


Эксперт Алег Клімаў

Карацей, усё было сціпла і з густам. Кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны выступаў у ролі вядучага і запрашаў да мікрафона сваіх калег-экспертаў дзеля аб’яўлення чарговага пераможца. Першая чацвёрка ўзнагарод тычылася непасрэдна адзнак “Experty.by” – паводле іх рэйтынгу вызначыліся  пераможцы ў наступных намінацыях:


"Троіца"

1. Лепшы фолк-альбом. Ніхто з прысутных на цырымоніі ўручэння ўзнагародаў ад экспертаў” не сумняваўся ў тым, хто лепш за ўсіх у нашай краіне працуе ў галіне этна-музыкі. Пацверджанне таму – не толькі актыўныя гастролі, але і ажно 2 паўнавартасных мега-альбома, выдадзеныя гуртом “Троіца” у мінулым годзе: “Жар-жар” і “Сон-трава”, які , ўласна, і стаўся лепшым. Цяпер Іван Іванавіч можа спакойна сказаць за мяжой, што музыку “Троіцы” у Беларусі слухаюць!

 Іван Кірчук: “Мы хочам падзякаваць усім. Ведаеце, калі мы бываем за мяжой, у нас пытаюцца пра тое, як на Радзіме ставяцца да нашай музыкі, ці слухаюць яе. Зараз мы скажам, што слухаюць!”


Яўген Калмыкоў

2. Лепшы рок-альбом. Наконт пераможцаў у гэтай намінацыі таксама ніхто не сумняваўся. “Ляпісы” ужо сталі лепшым рок-гуртом 2008-га года ў Расіі. Надыйшоў час атрымаць падобны статус і на Радзіме! Прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў не здзівіўся такому раскладу, выказаў рэспект фону, на якім адбывалася цырымонія ўручэння і параіў прысутным набыць “Энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі” Змітра Падбярэзскага.


Ядвіга Паплаўская

3. Лепшы поп-альбом. Зміцер Падбярэзскі, які ўзнагароджваў пераможцу ў гэтай намінацыі, падкрэсліў, што сярод сярод стандарту, які пануе ў галіне беларускай папулярнай музыкі і за якім няма індывідуальнасці, быў-такі выдадзены альбом, які даў форы астатнім – альбом “Любовь- судьба” Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Спадарыня Ядвіга была прыемна здзіўлена ўзнагародзе, шмат гаварыла, перадала прывітанне ад мужа, які захварэў, і ў выніку з задавальненнем пазіравала нашаму фотакору.

Ядвіга Паплаўская: “Нешта я зноў загаварылася… Ладна. Вялікі ўсім дзякуй, прывітанне ад Ціхановіча, узрадую яго гэтым падарункам і пайду далей працаваць”.


NHS

4. Лепшы дэбютны альбом. Як заўважыў эксперт Сяргей Будкін, у гэтым годзе было з чаго выбіраць адкрыццё сярод маладых і даваць ім аванс на будучыню. Такі аванс атрымаў малады этна-джазавы гурт NHS за дэбютны альбом “700”.


Сяргей Ясючэня. West Records

Лепшым рэкорд-лэйблам быў названы музычны лэйбл “West Records”, што не дзіўна: менавіта гэтая кампанія з’яўляецца асноўным выдаўцом беларускай музыкі.


Спадары Булатнікаў і Безкаравайны

Аднак банальна ўсё не скончылася. “Эксперты” прапанавалі паслухаць усе 59 мінулагодніх беларускіх альбомаў аўтарытэтным прадстаўнікам эфірных і пішучых айчынных і замежных СМІ. У выніку ўзніклі яшчэ дзве ўзнагароды.


"Джамбібум"

Замежныя эксперты, сярод якіх музычны прадзюсар фэсту “Be2gether” Давід Блювштэйн, галоўны рэдактар латышскага музычнага часопіса “Muzikas Saule” Орэстс Сілабрыедзіс, Глеб Лісічкін — былы галоўны рэдактар расійскіх часопісаў “Rolling Stone” і  “Play”, Марцін Полец – галоўны рэдактар польскага музычнага партала “Pro Rock” і аглядальнік украінскага музычнага партала “@music” Джой Тарталья, чарговы раз падкрэслілі ўнікальнасць беларускай этна-музыкі і далі найлепшыя адзнакі менавіта этна-альбомам. Тут і схавалася галоўная неспадзяванка цырымоніі: альбом “Жавароначкі” гурта Джамбібум, які не патрапіў у Топ 10 “Experty.by” , атрымаў найбольшую колькасць балаў у замежных экспертаў.  Наста Хмель, лідэрка “Джамбібумаў” радасна працытавада класіка:  “Дзякуй вялікі, сапраўды нечакана. Замест таго, каб рассыпацца ў падзяках, хочацца сказаць: няма прарока ў сваёй Айчыне”.



Максім Жбанкоў

Наступныя ўзнагароды ў намінацыях “Прыз вялікага журы” (беларускага) і “Лепшы альбом” (паводле 4-х экспертаў) у нейкім сэнсе падзялілі паміж сабой фаварыты цырымоніі: гурты “Троіца” і “Ляпис Трубецкой". “Ляпісам” дастаўся “Прыз вялікага журы”. Падчас уручэння Яўген Калмыкоў жартаваў наконт карупцыі і нармальнага чалавечага стаўлення да “Троіцы”, чым павесяліў прысутных у зальчыку гледачоў:

Яўген Калмыкоў: “Троіца (памахаў рукою ў бок “Троіцы)… Нехта называе гэта карупцыяй, нехта – нармальнымі чалавечымі адносінамі (усе рагочуць). Вялікі дзякуй экспертам, тым больш іх так шмат апынулася.  Вялікі дзякуй. Я на гэта спадзяваўся. Так і адбылося”.


"Ляпісы"

Узнагароду ў галоўнай намінацыі “Лепшы альбом” атрымала плыта “Сон-трава” гурта “Троіца”, які падзякаваў спадару Калмыкову за знаёмства з Андрэем Жукавым і за з’яўленне альбома “Жар-жар”.


Іван Іванавіч

На гэтым, уласна кажучы, цырымонія ўручэння ўзнагарод музычнага гіда “Experty.by” скончылася.  Пачаўся святочны фуршэт, дзе можна было пакаштаваць “Крамбамбулю” ў новай бутэльцы, даць ці ўзяць інтэрв’ю, сфатаграфаваць ці сфатаграфавацца, вядома, паесці, як гэта зрабіла Наста Хмель з “Джамбібуму”: “ Так, “нужное чавканье”… Нарэшце я тут паем. Дагэтуль толькі іграла ў гэтым месцы!”


Зміцер Безкаравайны

Зміцер Безкаравайны не выключае магчымасці, што з цягам часу “Experty.by” стане вядучай музычнай узнагародай у краіне, аднак пакуль размяжоўвае мэты "Рок-каранацыі" і “экспертаў”, і вылучае агульнае:

Зміцер Безкаравайны: “ Рок-каранацыя і “Experty.by” — гэта зусім розныя з’явы. Аднак мы робім адну агульную справу — папулярызуем беларускую музыку”.



Мне ўжо паверылася, што “Experty.by” і ёсць тыя самыя ПРАРОКІ ў нашай Айчыне, аднак гэтую думку аспрэчыў Яўген Калмыкоў:

Яўген Калмыкоў:
" Прашу прабачэння! Прарокі ў сваёй Айчыне гэта не "Experty.by", а "Ляпис Трубецкой"!"


Спадары Юрцэвіч і Булатнікаў

Ядвіга Паплаўская

Зміцер Падбярэзскі

Сяргей Пукст

Этна-трыа "Троіца"


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі