Каля 700 чалавек атрымаюць бясплатныя візы на “Басовішча”

Каля 700 бясплатных віз атрымаюць жадаючыя паехаць на “Басовішча”. Пра гэта Еўрарадыё распавёў каардынатар гродзенскага “Руху за Свабоду” Павал Мажэйка. Павал Мажэйка: “На сённяшні момант ёсць каля сямі соцень заявак. Першая партыя пашпартоў (прыкладна 300) ужо знаходзіцца ў консульстве і бліжэйшым часам будзем іх вяртаць. Таксама будзе яшчэ адна падача пашпартоў. У выніку 600-700 чалавек змогуць з нашай дапамогай патрапіць на “Басовішча”.

Нагадаем, што прыём заявак на бясплатную візу, якую можна атрымаць толькі ў Гродне, працягнецца да 9-га ліпеня. Заяўкі можна даслаць па наступнай схеме:

1. Даслаць на адрас [email protected] сваё імя і прозвішча, нумар пашпарта з пазнакай “РУХаем на БАСОВІШЧА!”
2. Прынесці пашпарт (прымаюцца толькі сапраўдныя пашпарты, тэрмін дзеяння якіх не павінен заканчвацца раней чым 19 кастрычніка 2009 года). Пашпарты прыносім па адрасе: Гродна, Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы). Пашпарты можна прыносіць з 22.06.2009 да 9.07.2009 ад панядзелку да пятніцы з 17.00 да 19.00. Увага! У іншыя дні ды ў іншы час ад пазначаных дакументы прымацца не будуць!
3. Копію 32 і 33 старонак пашпарта.
4. Адзін фотаздымак на польскую візу (фотамайстры ведаюць, дастаткова проста сказаць “на польскую візу”).
5. Запоўніць на месцы анкету на атрыманне польскай візы.
6. Набыць страхоўку на час Фестывалю (страхавая фірма будзе працаваць у гэтыя дні таксама ў памяшканні ТБШ, Будзёнага 48а-44).
7. Дачакацца пашпарта з візай.
8. Паехаць на БАСОВІШЧА!!! :))))

Аднак не ўсе ахвотныя змогуць пабачыць улюбёныя беларускія гурты. Павал Мажэйка кажа, што некаторыя неахайна ставяцца да запаўнення анкет і ўвогуле да правілаў атрымання віз:

Павал Мажэйка: “На жаль, ёсць праблема, што людзі, якія хочуць паехаць на “Басовішча”, вельмі неахайна запаўняюць анкеты на візы, не маюць тых дакументаў, якія патрэбны для атрымання візы. Не ўсе паспяваюць у выніку падаць у той вызначаны час, у які мы збіраем дакументы. Ёсць праблема, якая натуральна не дазволіць усім ахвотным атрымаць візы”.

Нагадаем, сам фестываль адбудзецца 17-18 ліпеня ў Гарадку пад Беластокам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі