Каляндар беларускіх летніх фестываляў

Да лета засталося 38 дзён. Еўрарадыё сабрала 17 беларускіх фэстаў , якія трэба наведаць.

1-2 траўня, фестываль беларускай музыкі “Belarus Alternativе”

Дзе: Вільня, Teatro Arena.

Удзельнікі: Brutto, Neuro Dubel, Skyle і Pomidor/Off (выступаюць у першы дзень). А 2 траўня гледачоў чакаюць кабарэ-бэнд "Серебряная свадьба", Super Besse і Pukstband.

Наведвальнікі маглі атрымаць бясплатныя візы пад канцэрт. Але заяўкі на іх ужо скончаныя.

*******

1 траўня, міжнародны фестываль альтэрнатыўнай музыкі “Першы. Майскі”. Збярэ на сваёй сцэне 6 музычных калектываў з Беларусі, Расіі, Германіі.

Дзе: Клуб “Бруге” (Мінск, Партызанскі праспект, 6а)

Удзельнікі: Kreidler, SØLYST (Германія), Big Debbie (ЗША-Расія), Awott (Расія), “Мроі Пафнуція” і She-Wolf (Беларусь).

*****

9 траўня, фестываль “Фолк у дворыку кавярні “Бітлджус”, з беларускімі гуртамі, беларускай ежай і беларускім кірмашом.

Дзе: Мінск, дворык кавярні “Бітлджус” (Калініна, 7).

Удзельнікі: “Стары Ольса”, Re1ikt, Kriwi, “Нагуаль”, Vuraj.

"Мы збярэмся ва ўтульным дворыку кафэ, каб разам адсвяткаваць гадавіну вялікай Перамогі.У канцэртнай частцы фестывалю прадстаўлена ўсё багацце беларускай музычнай спадчыны. Будзе таксама беларуская кухня на свежым паветры", распавядае гаспадар "Бітлджус" Ян Бусел.
 

*******

22-23 траўня, фестываль музыкі і электроннага мастацтва Mental Force.

Дзе: Studio 67 (Мінск, Партызанскі праспект, 2а)

Удзельнікі: Роберт Хэнке, Тарык Бары, а таксама вядомыя і маладыя беларускія артысты I/DEX, Alexei De Bronhe, Pavel Ambiont & Solar Olga, ISM, Арцемій Калінін.

“Электронная музыка — гэта не проста забава і танцы, але, перш за ўсё, поле для тэхналагічных і эстэтычных эксперыментаў. Гэта фэст не толькі забаўляльны, але і эксперыментальна-адукацыйны: у другі дзень будуць лекцыі і варштаты з удзелам беларускіх і замежных артыстаў”, — кажа Павел Няхаеў, адзін з ініцыятараў форуму, стваральнік лэйбла Force Carriers.

**********

30-31 траўня, “TATTOO FEST 2015" – трэці беларускі фестываль татуіроўкі.

Дзе: Палац Мастацтваў (Мінск, Казлова, 3).

Удзельнікі: Татуіроўшчыкі і мастакі з усёй Беларусі і Расіі.

“Тэматыка фэсту будзе звязаная з беларускімі традыцыямі і культурай, адпаведна канвенцыя будзе адрознівацца ад звычайнай, якая вандруе па гарадах Еўропы”, — інтрыгуе арганізатар фэсту Алесь Таболіч.

*******

20-21 чэрвеня, “Купальскае Кола”: з аднадзённага фэсту ў шэрых сценах клуба Re:Public фэст ператвараецца ў двухдзённы оўпэн-эйр у Дудутках!

Дзе: Музейны комплекс Дудуткі.

Удзельнікі: "Палац", Gods Tower, Litvintroll, "Стары Ольса", украінцы "Трынаццаты бубен", зоркі польскага метала Vader і іншыя.

Па словах аднаго з арганізатараў Алеся Таболіча, у межах фэсту адбудзецца рэканструкцыя свята Купалля, пройдуць шматлікія кірмашы і выступіць каля 30 музычных калектываў.

*********

3 ліпеня, GreenFest: новы фестываль, які паралельна праходзіць у многіх краінах.

Дзе: Аэрадром Баравая пад Мінскам.

Удзельнікі: амерыканцы Papa Roach, расіяне Lumen, літоўцы Colours of Bubbles, эстонцы Elephants From Neptune, беларусы "Дай Дарогу!" і Main-de-Gloire.

“Гэта будзе гучна, жыва і энергічна — і ніякай музыкі для хіпстараў”, — абяцаюць арганізатары.

*****

15 ліпеня, “Жывое неба Браслава”, адбудзецца трэці раз пад патранажам мясцовых музыкаў-аматараў.

Дзе: Замкавая гара ў Браславе.

Узяць удзел у фэсце могуць мясцовыя гурты і выканаўцы, якія граюць “рок ва ўсёй яго рознабаковасці”. А набрацца досведу яны змогуць у сталічных рокераў, якія стануць хэдлайнерамі івенту.

*****

17 ліпеня, “Космас наш” — маштабны фестываль электроннай музыкі.

Дзе: Востраў кахання на Мінскім моры

Удзельнікі: Пакуль невядомыя

“Гэтая ноч будзе лепшай”, — перакананыя арганізатары фэста, які святкуе сёлета 10-ты Дзень нараджэння.

******

17-18 ліпеня, “Басовішча”: фестываль музыкі маладой Беларусі

Дзе: мястэчка Гарадок непадалёк ад беларускай мяжы (пераход Бераставіца-Баброўнікі)

Удзельнікі: BRUTTO, Yegor Zabelov Trio, Dziecuki, Lao Che, Ostrov і іншыя (арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце ўвесь спіс).

Сёлета на "Басовішча" вернецца конкурс маладых выканаўцаў і з'явіцца пляцоўка, якая будзе называцца "БАСмежжа".

"БАСмежжа" — гэта наш праект, створаны для людзей. Хочам, каб гэта было такое месца, дзе і музыкі, і гледачы маглі б сустрэцца і пагутарыць. То бок, каб намётавае мястэчка было не толькі месцам, дзе начуюць людзі, а месцам сустрэчы, дзе можна зраніцы выпіць кавы".

Апроч таго, у планах арганізатараў зрабіць арт-праект, прысвечаны "Басовішчу", на адной з гарадоцкіх сцен. "Гэта такая наша мара — запісаць "Басовішча" назаўсёды ў Гарадок. Каб людзі памяталі пра фэст не толькі ў ліпені, але і цягам года", — смяецца арганізатарка фэста Ганна Пекарская.

********

25 ліпеня, арт-пікнік Freaky Summer Party

Дзе: Востраў на Камсамольскім возеры

Удзельнікі: Будуць аб’яўленыя ў сярэдзіне траўня

“Гэта будзе лепшы дзень лета ў Мінску, — абяцае арганізатар Дзяніс Трусіла. — Мерапрыемства абяцае быць яшчэ больш жыццярадасным, чым у мінулым годзе, і мы хочам сабраць самую пазітыўную аўдыторыю Мінска”.

*******

8 жніўня, Mirum Music Festival

Дзе: Мір, каля замка

Удзельнікі: Onuka, Ніно Катамадзэ & Insight + струнны квартэт N. Астатніх музыкаў арганізатары аб'явяць у сярэдзіне траўня.

Чакаецца, што на другім па ліку Mirum Music Festival у Міры выступяць джазавыя гурты з Беларусі, Заходняй Еўропы, Украіны і Расіі. "У аўры таго месца ўсе выступы атрымліваюцца асаблівымі. Артысты бачаць гледача ў святле Мірскага замка — гэта не можа не натхняць. Мы вельмі чакаем жніўня, і робім усё, каб гэтым летам фэст быў яшчэ цяплейшым і больш музычным ", — кажуць арганізатары.

*******

15-16 жніўня, Metal Crowd Open Air-2015, 11-ты міжнародны фестываль цяжкай музыкі.

Дзе: Рэчыца, СК “Надзея”, Светлагорская шаша.

Удзельнікі: Digimortal (Russia), Calm Hatchery (Poland), Voltumna (Italy), Mojra (Poland), Die Apokalyptischen Reiter (Германія), Berserker (Літва), Trubetskoy (Belarus) і іншыя.

Славуты фэст экстрэмальнай музыкі з 11-гадовай гісторыяй. За 2 дні на яго сцэне выступае больш за 40 каманд з усяго свету.

*****

Жнівень, “Дружба”: летась шумна прайшоў на хутары Шаблі, а цяпер плануе перабрацца бліжэй да Мінска.

Удзельнікі: пакуль невядомыя

Дзе: недзе каля Мінска, дакладнае месца невядомае

"Мы хочам улічыць пажаданне публікі — усё ж было цяжка дабірацца да Шаблёў, таму хочам палепшыць фэст у гэтым кірунку і разглядаем пляцоўкі, якія знаходзяцца недалёка ад горада. Застаецца ўсё, як і ў мінулым годзе: тыя ж дзве сцэны і тыя ж артысты — беларускія і замежныя", — распавядае арганізатар фэсту Аляксандр Шугаеў.

****

5 верасня, міжнародны фолк-фэст “Камяніца”

Удзельнікі: пакуль невядомыя

Дзе: Музей народнай архітэктуры і быту ў Азярцы.

“Адзінае, будзем, магчыма, раней заканчваць, каб улічыць мінулагоднія моманты, звязаныя з цяжкасцямі вяртання публікі ў горад”, — дадае Сяргей Чагрынец.

***********

11-13 верасня, фестываль альтэрнатыўнага мастацтва на Дзень Горада

Удзельнікі: пакуль невядомыя

Дзе: На пляцоўках горада

“Група незалежных прамоўтараў плануе аб’яднацца і зрабіць класную альтэрнатыўную праграму на Дзень горада Мінска і паказаць, што Мінск – еўрапейскі горад, і нам ёсць што паказаць”, — кажа прамоўтар Міла Котка.

*********

Верасень, другая версія стрыт-арт фестывалю Vulica Brasil

Дзе: Вуліцы Мінска

Удзельнікі: Пакуль невядомыя

Арганізатары зноў маюць намер прыемна здзівіць Мінск яркімі творамі бразільскіх і беларускіх мастакоў. “Фэст адкрыты для прапановаў, і калі ў вас заваляўся лішні рубель, можаце інвеставаць яго ў вулічнае мастацтва роднай сталіцы”, — намякаюць арганізатары.

Фэсты, лёс якіх невядомы ці якія не адбудуцца:

1.    Альтэрнатыўны фестываль I need, які звычайна адкрываў сезон і ладзіўся напрыканцы траўня ў гасцінічным комплексе “Фестывальны” пад Мінскам, не адбудзецца. Па-першае, арганізатары мяркуюць, што не набяруць патрэбных гуртоў, а па-другое:


“Ну і фінансаванне… Карацей, куча праблемаў. Ну і ўся каманда раз’ехалася. Я тут адзін застаўся, і нешта рабіць — наўрад ці”, — каментуе Павел Волкаў.


2.    Фестываль “Пікнік”, які па чэрвенях збіраў вялікую тусоўку беларускіх артыстаў, пад пытаннем. Калі, дзе, хто выступіць – арганізатар Нік Маторын кажа коратка:


“Пытанняў на гэтыя адказы не існуе!”


3    На паўзу пастаўлены знакамітыя Beathles Shabli і “Вольнае паветра”. Прычына — заснавальнік фэсту і ўладальнік хутара Уладзімір Шаблінскі хоча нарэшце пабудаваць дом замест старога, які згарэў два гады таму:

"Хутар зачынены для масавага наведвання. Плюс, эканамічны крызіс, які здарыўся пад Новы год, толькі замацаваў мяне ў гэтым меркаванні".

4    “Мост” — таксама пастаўлены на паўзу. Замест яго кампанія “Атам Інтэртэймант” выводзіць на рынак GreenFest (гл.вышэй). Што будзе з “Мастом” у будучым, пакуль невядома.


5. “Рок за Баброў” — не адбудзецца. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў офісе кампаніі Heiniken. Праўда, не ўдакладнілі, чаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі