Каманда сына Лукашэнкі выйграла фінал гарадскога турніру "Залатая шайба" (фота)

Каманда сына Лукашэнкі выйграла фінал гарадскога турніру "Залатая шайба" (фота)

У Мінску 23 лютага завяршыліся гарадскія фінальныя спаборніцтвы "Залатая шайба" сярод хакеістаў 2003-2004 гадоў нараджэння. Перамогу атрымала каманда "Грыфоны" з Цэнтральнага раёна сталіцы. У вырашальным матчы яна выйграла ў "Беркута" з Фрунзенскага раёна з лікам 8:1, перадае БЕЛТА.

Менавіта ў "Грыфонах" гуляе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай. Як паведамлялася раней, ён, як і бацька, гуляе ў чорным шлеме і пад нумарам 1.

Мікалай Лукашэнка і Цімафей Ганчар былі прызнаныя найлепшымі гульцамі фінальнай сустрэчы ў камандзе "Грыфоны". У "Беркута" найлепшымі сталі Іван Ліхтаровіч і Даніэль Скоў.

Арганізатары таксама раздалі прызы найлепшым гульцам гарадскога турніру "Залатая шайба". Найлепшым брамнікам быў прызнаны Максім Кавалёў з каманды "Мядзведзь" Маскоўскага раёна, абаронцам — Мікіта Мархель ("Алімпія", Першамайскі раён), нападнікам — Данііл Сержановіч ("Беркут"). Найлепшым бамбардзірам стаў Мікалай Лукашэнка.

Каманды "Грыфоны" і "Беркут" як фіналісты мінскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" ў малодшай узроставай групе згуляюць у вырашальнай стадыі турніру ў дывізіёне "А". Іх сапернікамі стануць найлепшыя каманды з шасці абласцей Беларусі. Спаборніцтвы пройдуць з 14 па 17 сакавіка на лёдзе малой пляцоўкі "Чыжоўка-Арэны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі