Камбэк года: “Куклы” вяртаюцца і абяцаюць новы альбом!

Еўрарадыё адшукала колішняга лідара і вакаліста каманды Сяргея “Санкі” Дубовіка. 10 чэрвеня ён завітаў да нас у студыю і распавёў, што цягам амаль 5 гадоў жыў у Кітаі. “Куклы” тым часам нікуды не падзеліся, а дачакаліся вяртання свайго фронтмэна ў арыгінальным складзе. І нават час ад часу рэпетавалі праз Skype!

“Гэты творчы працэс ніколі не спыняўся, проста не было канцэртаў”, — тлумачыць Еўрарадыё Сяргей.

Цяпер гурт прыступае да актыўнай канцэртнай дзейнасці ды плануе запісаць новы альбом. А нагадаць пра сябе музыкі вырашылі “зэ бэстам” з лепшых кампазіцый, які выдадуць ужо летам. Плануецца, што ў пласцінку ўвойдзе каля 25 (!) перамайстраваных кампазіцый.

Адраджаецца і легендарны рух, які заўжды існаваў побач з “Кукламі” — творчая тусоўка Sanki Crew. У 2005 годзе сябры і фанаты гурта нават зладзілі ўласны фестываль — “Sankicrew Fest”!

“Фатографы, акцёры, мастакі, музыкі — усе гэтыя людзі нас падтрымлівалі і хацелі браць удзел у нашых перфомансах. І цяпер мы б хацелі абвясціць, што рух Sanki Crew адраджаецца і вяртаецца! І калі нейкія людзі хочуць да нас далучыцца, мы вас чакаем! Звяртайцеся, заяўляйце пра сябе, мы рады падтрымліваць зносіны з аднадумцамі і знайсці новых сяброў”.

Першы канцэрт адноўленыя “Куклы” сыграюць 21 чэрвеня у “Дрымлэндзе” падчас адборачнага туру на фестываль “Соседний мир”. Неўзабаве на Еўрарадыё — вялікае інтэрв’ю  з Сяргеем “Sanki” Дубовікам!

Нагадаем, гурт “Куклы” з’явіўся ў 1997 годзе. Музыкі запісалі 4 альбомы і адыгралі больш за 600 канцэртаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі