Камера — спрошчаная версія свету: Эдуард Бабарыка даў першае інтэрв'ю за 2 гады

Эдуард Бабарыка / babariko.vision
Эдуард Бабарыка / babariko.vision

Турма можа быць месцам, якое крадзе жыццё, а можа зрабіцца ўнікальнай магчымасцю для развіцця сябе, мяркуе Эдуард Бабарыка. Ён даў "дыстанцыйнае" інтэрв'ю аднадумцам з камеры СІЗА, у якой знаходзіцца ўжо больш за два гады. Поўны тэкст публікуе каманда Віктара Бабарыкі.

Адказваць на пытанні, звязаныя з палітычным парадкам дня, Бабарыка адмовіўся, бо не лічыць неабходным пераводзіць сябе са статусу "закладніка" ў статус "палітыка". Але расказаў, як праходзяць яго дні ў зняволенні.

"Філасофія дня" ў камеры ці ў вялікім свеце нічым не адрозніваецца. Гэта заўсёды пра выбар — паляжаць або ўстаць, паддацца слабасці або пераадолець сябе. Гэта заўсёды пра ўзровень усвядомленасці — жыць на аўтамаце "інертна" або пражываць кожную секунду ва ўсёй яе раскошы. 

Гэта заўсёды пра асэнсаванасць — тупа існаваць або вышукваць унікальныя для сябе сэнсы ў кожным канкрэтным моманце. Гэта заўсёды пра адносіны з людзьмі — спрабаваць падпарадкаваць або перарабіць ці ж дапамагаць іншым у раскрыцці іх патэнцыялу, радуючыся унікальнасці кожнага з нас.

Бабарыка кажа, што турэмная камера здаецца яму спрошчанай версіяй вялікага свету, "бо абараняе ад бясконцай колькасці раздражняльнікаў, якія адцягваюць нас ад сябе і самога жыцця".

Эдуард Бабарыка быў уцягнуты ў перадвыбарчую кампанію бацькі, Віктара Бабарыкі, крыху больш, чым на месяц. Ён утрымліваецца ў СІЗА з 18 чэрвеня 2020 года — ужо больш за два гады.

Бабарыка праходзіць абвінавачаным па дзвюх крымінальных справах. Першую з іх вядзе КДБ, паводле яе Бабарыку падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры. Канчатковае абвінавачванне па гэтай справе дагэтуль не прад'яўленае, а справа не перададзеная ў суд.

Другую справу вядзе цэнтральны апарат Следчага камітэта. Бабарыку прад'явілі абвінавачванні ў "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" і арганізацыі масавых беспарадкаў. Па гэтым артыкуле яму пагражае да 20 гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі