Камітэт ААН прапанаваў Расіі ўстрымацца ад дэпартацыі Яны Пінчук у Беларусь
Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расіі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця, недатыкальнасці да разгляду ім скаргі беларускі. Гэта першы выпадак умяшальніцтва гэтай структуры ў справы аб дэпартацыі з РФ беларускіх апазіцыянераў, сказала "Бі-Бі-Сі" адвакат Пінчук Марыя Бяляева. Дагэтуль праваабаронцы спрабавалі прыпыніць падобныя дэпартацыі з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека. Аднак пасля выключэння Расіі з Савета Еўропы Масква адмовілася выконваць яго рашэнні. І тады ўзнікла надзея на ААН.
Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года, і з таго часу яна знаходзіцца за кратамі. Дзяўчына жыла ў Расіі і не падазравала, што беларускія сілавікі абвясцілі яе ў вышук за ўдзел у пратэстах. У РФ яна працавала афіцыянткай.
Рашэнне аб экстрадыцыі прыняла расійская пракуратура. А 1 чэрвеня 2022-га Гарадскі суд Санкт-Пецярбурга дазволіў выдаць Пінчук у Беларусь. Падчас пасяджэння быў зачытаны ліст з Генпракуратуры Беларусі з гарантыямі, што дзяўчыну не будуць... катаваць на радзіме, што выклікала смех у зале. На радзіме Яне Пінчук за "распальванне сацыяльнай варажнечы", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" і іншае пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі за адміністраванне "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў.
Апеляцыю грамадзянкі Беларусі на рашэнне першай судовай інстанцыі аб яе дэпартацыі 13 ліпеня павінен быў разгледзець 2-гі апеляцыйны суд у Пецярбургу, але яго перанеслі на 21 ліпеня. Тым часам Камітэт па правах чалавека ААН таксама прапануе Расіі даць Пінчук доступ да працэдураў прадастаўлення часовага прытулку, аб якім яна прасіла. Раней расійскія ўлады ёй у гэтым адмовілі.
Яна Пінчук прызнаная ў Расіі палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.