Кампаніі Маска дазволілі выпрабаваць мазгавыя чыпы на людзях
Чыпы Neuralink / twitter.com/neuralink
Улады ЗША дазволілі кампаніі па вытворчасці мазгавых імплантатаў Neuralink правесці клінічныя выпрабаванні на людзях. Пра гэта кампанія Ілана Маска паведаміла ў Twitter.
Ухвала выпрабаванняў з боку Упраўлення па кантролі за прадуктамі харчавання і лекамі ЗША (FDA) "уяўляе сабой важны першы крок, які аднойчы дазволіць нашай тэхналогіі дапамагчы многім людзям", — гаворыцца ў паведамленні Neuralink. Там таксама ўдакладнілі, што набор удзельнікаў для клінічных выпрабаванняў пакуль не адкрыты. Калі гэта здарыцца, будзе абвешчана дадаткова.
Раней Ілан Маск казаў, што мазгавыя імплантаты дапамогуць людзям, якія пакутуюць на цэлы шэраг захворванняў. Напрыклад, на параліч, слепату, аўтызм, дэпрэсію і шызафрэнію. Каб пераканаць грамадскасць у бяспецы прылад, бізнесмен казаў, што гатовы імплантаваць чыпы сваім дзецям.
Reuters нагадвае, што гэта не першая спроба Neuralink атрымаць ухвалу FDA. Першая была пададзеная ў пачатку 2022 года, і тады яе адхілілі. Спецыялісты палічылі, што могуць быць праблемы з літыевай батарэяй прылады, а таксама бяспечным даставаннем чыпа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.