Кандрацьеў: У Рэнана Брэсана пакуль няма "канкрэтных прапановаў"
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі распавёў пра тое, як шукае новы клуб беларускі бразілец.
"Трымаю сувязь з агентам Брэсана, — цытуе словы Георгія Кандрацьева "Прессбол". — Сам гулец пакуль у Бразіліі. Канкрэтных варыянтаў працягу кар'еры ў яго пакуль няма. Трэба працаваць у гэтым кірунку. Бо губляць гульца такога ўзроўню проста непрымальна. Але, думаю, усё ў Брэсана будзе добра. Цяпер яны з агентам разглядаюць варыянты і з далёкага замежжа, і з блізкага, і з Беларусі".
Нагадаем, у сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што былы гулец БАТЭ 24-гадовы Рэнан Брэсан скасаваў кантракт з "Аланіяй" з Уладзікаўказа. Фінансавы стан клуба аказаўся катастрафічным — некалькі месяцаў футбалістам не плацілі заробкі.
У выніку, Рэнан Брэсан у аднабаковым парадку скасаваў кантракт з "Аланіяй", "з-за грубага парушэння клубам фінансавых умоваў пагаднення". Футбаліст скарыстаўся пунктам у рэгламенце ФІФА, які дае права легіянеру спыніць дзеянне дамовы, калі запазычанасць па зарплаце складае больш за тры месяцы.
Брэсан паведаміў пра сваё рашэнне кіраўніцтва "Аланіі" і Расійскага футбольнага саюза, а таксама адаслаў дакументы ў ФІФА для атрымання статуса свабоднага агента. Сам жа Рэнан Брэсан паляцеў да сваіх бацькоў у Бразілію.
Фота — eurosport.ru