Карпянкоў расказаў, чым займаюцца "крэатыўныя" бандыты

"Атрутныя рэчывы", якія прывёз прадпрымальнік / Тэлеканал АНТ​
"Атрутныя рэчывы", якія прывёз прадпрымальнік / Тэлеканал АНТ​

У свежым інтэрв'ю газеце "На страже" начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС палкоўнік Мікалай Карпянкоў, той самы, які 6 верасня разбіў гумовай дубінкай шыбу ў кавярні O'Petit, каб затрымаць пратэстоўцаў, якія схаваліся там, расказаў пра затрыманні "крэатыўных" бандытаў.

— ...якія незаконнымі спосабамі завезлі ў краіну моцнадзейныя атрутныя рэчывы і планавалі выкарыстоўваць іх падчас пратэставых акцый супраць міліцыянераў. Пры гэтым "забывалі" пра тое, што самы нязначны павеў ветру панёс бы гэтыя атрутныя пары ў адваротны бок. Зрэшты, тады галоўнымі злачынцамі назвалі б людзей у форме, якіх абвінавацілі б ва ўжыванні небяспечных рэчываў.

Магчыма, Карпянкоў меў на ўвазе выпадак Сцяпана Латыпава. 15 кастрычніка споўніўся роўна месяц з моманту затрымання жыхара "плошчы Перамен" — прамысловага альпініста і змагара з баршчэўнікам. Сцяпана забралі, калі ён разам з іншымі мужчынамі абараняў ад сілавікоў мурал з дыджэямі. У той жа дзень у доме Латыпава адбыўся ператрус.

Крыху пазней у эфіры дзяржаўнага тэлеканала паказалі сюжэт з гаража, дзе знаходзіліся каробкі з флаконамі і ёмістасці. На іх былі налепленыя апісанні змесціва і заводскія этыкеткі: напрыклад, каністра з канцэнтратам гіпахларыту натрыю. Тады ж з экранаў прагучала, што Латыпаў "меў намер апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх [супрацоўнікаў міліцыі. — Еўрарадыё] зямельныя ўчасткі і лецішчы, распыліць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПа і ўнутраных войскаў падчас пратэставых акцый, каб вывесці тых са строю, як ён сам выказаўся, каб "зайшліся ванітамі".

Але, запэўнівае Карпянкоў, у МУС яшчэ задоўга да пачатку поствыбарных пратэстаў адчулі, што ў краіне рыхтуецца паўнавартасная "каляровая рэвалюцыя".

"На нашы аўтобусы нападалі, разбівалі шыбы, кідалі "кактэйлі Молатава" — усё гэта было", — цытуе словы Карпянкова "На страже".

Карпенков рассказал, чем занимаются “креативные” бандиты
Мікалай Карпянкоў з гумовай дубінкай / TUT.by

Пры гэтым, сцвярджае палкоўнік міліцыі, у адносінах да зусім не мірных пратэстоўцаў міліцыя выкарыстала ўмераную сілу замест дазволенага законам усяго арсенала прыёмаў, спецыяльных сродкаў і зброі. "Разлік быў на тое, што тыя адумаюцца і зразумеюць памылку. Хтосьці ўсё зразумеў і сышоў з вуліц, цяпер там засталася найбольш радыкальная частка натоўпу".

15 кастрычніка суседзі Сцяпана Латыпава правялі прысвечаны яму вечар. Плошча збіраецца кожны дзень, нягледзячы ні на што. Ніякага суда, які б устанавіў віну Сцяпана ў тым, што ён збіраўся распыляць на міліцыянераў яды, дагэтуль не было.

Сцяпану Латыпаву — 40 гадоў, ён займаецца прамысловым альпінізмам. У яго рэдкая для Беларусі спецыяльнасць — арбарыст.

Латыпаў працуе ў камандзе, якая даглядае дарослыя дрэвы і лечыць іх, а калі яны паміраюць — пілуе іх. Пяць гадоў таму арбарыстаў у Беларусі было ўсяго 50 чалавек. Сцяпан родам з-пад Іванава. Калісьці ён адвучыўся ў Лондане, а потым вярнуўся на радзіму і заняўся даволі незвычайным бізнесам — барацьбой з баршчэўнікам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі