"Каскад не здаўся": адміністратар пратэставага мінскага чата пра веру ў перамогу
Сілавікі ў пратэставым ЖК "Каскад" / Еўрарадыё
"Збоку можа здацца, што мінскія раёны "здуліся". Гэта не так. Калі ў "Каскадзе" не вісяць сцягі — гэта ўсяго толькі значыць, што мы не вар'яты". Пра эміграцыю, бяспеку актывістаў і чаканні Еўрарадыё паразмаўляла з адміністратарам чата пратэставага мінскага мікрараёна "Каскад".
Успрымалася як гульня
— З чаго пачалася пратэставая актыўнасць у "Каскадзе"? Як вы з суседзямі даведаліся адно пра аднаго?
— Усё здарылася на вуліцы, вельмі інтуітыўна. Пачалі камунікаваць у двары яшчэ да выбараў. Пасля падзей 9–11 жніўня ў агульным чаце раёна "Каскад" пачаліся актыўныя абмеркаванні палітыкі. З'явілася група людзей, якая спісвалася паміж сабой у асабістых. Пазней мы, аднадумцы, зрабілі першы закрыты чат.
Людзей станавілася ўсё больш. Мы ўжо разам куплялі тканіну ў ЦУМе для сцяга, мясцовая швачка шыла сцягі [раён "Каскад" вядомы сваімі велізарнымі БЧБ-сцягамі, з якімі пастаянна змагаліся сілавікі. — Еўрарадыё].
— Калі прыйшло ўсведамленне таго, што за чаты могуць пасадзіць?
— Спачатку ўсё гэта ўспрымалася як гульня. Мы не рэвалюцыянеры, ніхто нас гэтаму не вучыў. Усё было інтуітыўна. Потым наш раённы "актыў" разросся да велізарнай колькасці людзей. Вы памятаеце, як сілавікоў літаральна выганялі крыкамі з вокнаў, калі яны да нас прыходзілі?
Пачаліся першыя затрыманні, арышты, тады мы сталі больш рацыянальна падыходзіць да акцый. Бяспека кожнага суседа — вышэй за ўсё.
Ператрусы, арышт, эміграцыя
— Вы самі трапілі пад рэпрэсіі?
— Так, былі ператрусы, арышт на 15 сутак. Акрэсціна — гэта далёка не санаторый, такая псіхалагічная трагедыя. Пасля выхаду адтуль складана пазбегнуць наступстваў. Але што цікава — нават у ІЧУ сустрэўся работнік, які рабіў паблажкі і казаў, што "супраць змагароў нічога не мае".
Яшчэ адзін супрацоўнік Акрэсціна пры гутарцы сказаў мне расчаравана: "Што вы ўсё ходзіце? Нічога не атрымаецца ў нас, мы нацыя алкаголікаў".
— Пасля гэтага вы з'ехалі за мяжу?
— Так, пасля ператрусаў, арышту быў страх, што зноў пастукаюць у дзверы. Прыйшло ўсведамленне, што я магу зрабіць больш, знаходзячыся ў бяспецы. Рэжым памыляецца, думаючы, што беларусы ў эміграцыі — гэта пазбаўленне ад праблемы. Не, з-за мяжы таксама можна дзейнічаць, змагацца з рэжымам.
— Як вы ўдзельнічаеце ў пратэставай актыўнасці, знаходзячыся за мяжой?
— Мы вядзём чаты, каналы, удзельнічаем у замежных акцыях, прыдумляем акцыі для Беларусі.
“Каскад” здзьмуўся?
— Ёсць адчуванне, што мінскія мікрараёны ўжо здаліся.
— Так, вонкава ўсё так і выглядае. Але гэта не так. За мяжу з'ехала прыблізна дзесяць адсоткаў ад агульнай колькасці актывістаў. Астатнія — гатовыя дзейнічаць, чакаюць моманту, іх на самай справе шмат. Мы кожны дзень падтрымліваем сувязь, прыдумляем акцыі. Нават калі не ў "Каскадзе", то ў Мінску, іншых раёнах.
Цяпер першасная — бяспека чалавека. Выйсці выкрыкнуць — гэта выдатна, але атрымаем мінус аднаго чалавека. Ёсць інфармацыя, што да сённяшняга дня за кожным пратэставым домам замацаваны "сматрашчы".
А ў нашым мікрараёне і зусім жыве кіраўнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын. Зусім нядаўна ён, дарэчы, асабіста бегаў сярод белага дня па "Каскадзе" з нажом і зразаў стужачкі. Хай ён ведае, што "Каскад" сочыць за ім. За кожным яго крокам.
— Якія ў вас чаканні?
— Настроеныя вельмі пазітыўна. Верым у план "Перамога". Нават калі здаецца ўсё бесперспектыўным, рэжым сам уключыў праграму разбурэння. Таму я спадзяюся хутка вярнуцца ў Беларусь. Мой пераезд нельга назваць эміграцыяй, гэта часовае.
Самы вялікі ў свеце сцяг схаваны ў надзейным месцы і чакае свайго моманту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.