КДБ афіцыйна “прыпыніў” справу супраць журналіста Аляксандра Алесіна
Камітэт дзяржбяспекі прыпыніў крымінальную справу супраць журналіста Аляксандра Алесіна. Пра гэта журналісту паведамілі на мінулым тыдні.
“Справа мая афіцыйна прыпыненая ў адпаведнасці з артыкулам 246, частка 1, пункт 5 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — у сувязі з немагчымасцю правядзення следчых дзеянняў. Я цяпер нават выязны: па гэтым артыкуле я магу нават выязджаць з Беларусі за мяжу”, — кажа Алесін.
На думку журналіста, падставай для такога рашэння магло стаць тое, што “існуюць тэрміны даўнасці”. Наступным этапам, кажа Алесін, павіннае стаць поўнае спыненне яго крымінальнай справы.
Нагадаем, год таму, 10 снежня 2014 года, Аляксандр Алесін быў вызвалены са следчага ізалятара КДБ, дзе адбыў у “адзіночцы” 21 дзень. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы і пачалі на яго крымінальную справу. 9 снежня прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі звярнуліся да ўладаў з заклікам спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы да шэрагу грамадзян краіны. Першым у спісе было прозвішча былога журналіста газеты “Белорусы и рынок”, вядомага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.
Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук напрыканцы снежня 2015 года пацікавіўся ў старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, калі справа на Аляксандра Алесіна будзе канчаткова закрытая.
“Па-мойму, там ужо пытанне закрытае. Я чытаю артыкулы яго, ён публікуецца і, па-мойму, ніякіх праблем у яго няма”, — адказаў на пытанне журналіста старшыня КДБ.