КДБ пачаў справу на беларуса, які ваяваў за "ДНР"-"ЛНР"
Камітэт дзяржаўнай бяспекі пачаў крымінальную справу на беларуса, які ваяваў ва Украіне на баку так званых "ДНР" і "ЛНР". Асновай для крымінальнай справы сталі матэрыялы Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Пра гэта ў інтэрв'ю "Советской Белоруссии" паведаміў начальнік ГУБАЗіК палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Па яго словах, ГУБАЗіК дзейнічае сумесна з КДБ у дачыненні да грамадзянаў Беларусі, якія ваююць ва Украіне. "Распачатыя некалькі крымінальных спраў. Пакуль самая значная і рэзанансная — у дачыненні да віцябляніна Ганчарова, які ваяваў у "Азове". Суд надаў яму па заслугах. Таксама па нашых матэрыялах КДБ распачаў крымінальную справу ў дачыненні да беларускага грамадзяніна, які прымаў удзел у баявых дзеяннях на баку ДНР-ЛНР".
Згодна з цяперашнім беларускім заканадаўствам наёмнікам лічыцца беларускі грамадзянін, які прымае ўдзел у ваенных дзеяннях у чужой дзяржаве, нават калі ён адправіўся туды добраахвотнікам.