КДБ заклапочаны непаўналетнімі, якія "спрабуюць здзяйсняць выбухі"
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык лічыць, што пытанні барацьбы з праявамі тэрарызму з'яўляюцца актуальнымі для Беларусі.
Вакульчык падкрэсліў, што прыняццё зменаў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія увядуць адказнасць за распаўсюд інфармацыі пра спосабы вырабу выбухоўкі, стане "сур'ёзным крокам па прафілактыцы праяваў тэрарызму". Хаця і не вырашыць усіх праблемаў барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам.
Старшыня КДБ нагадаў пра шэраг гучных справаў, у тым ліку пра выбух у мінскім метро ў красавіку 2011-га, пра спробу здзейсніць тэракт супраць міліцыянтаў у Жлобіне, пра падрыхтоўку тэрарыстычнага акту супраць "Польскага дома" ў Лідзе.
Вакульчык адзначыў, што інфармацыя пра спосабы вырабу выбуховых рэчываў "практычна ў неабмежаваным доступе знаходзіцца ў інтэрнэце". Рэгулярна выяўляюцца выпадкі яе захоўвання "некаторымі грамадзянамі на электронных носьбітах".
"Асаблівую заклапочанасць у праваахоўных органаў у гэтай сувязі выклікаюць непаўналетнія, якія спрабуюць здзяйсняць выбухі", — цытуе словы Валерыя Вакульчыка "Интерфакс-Запад".
Фота — bymedia.net