Старшыня КДБ: Старшыня антыкарупцыйнай камісіі браў хабар пельменямі і марозівам

Старшыня КДБ: Старшыня антыкарупцыйнай камісіі браў хабар пельменямі і марозівам

Разнастайныя факты карупцыі сярод мінскіх чыноўнікаў агучыў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з актывам Мінска, інфармуе БЕЛТА.

Па яго словах, кіраўніцтва горада стварыла добрае асяроддзе для карупцыі. Ён згадаў затрыманне аднаго за адным кіраўнікоў галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, у тым ліку былога намесніка мэра Дамарацкага. Яны, як заявіў Вакульчык, выбудавалі сістэму пабораў з камбінатаў школьнага харчавання і гандлёвых прадпрыемстваў сталіцы. У прыватнасці, са школьных сталовак бралі цвёрдую штомесячную таксу. 

"Для гэтага дзецям змяншалі порцыі, перапрацоўвалі няз'едзеныя рэшткі ці проста мянялі рэцэптуру. У злачынную дзейнасць уцягнулі дзясяткі службовых асоб рознага ўзроўню", — распавёў ён падрабязнасці. 

Згадаў старшыня КДБ і іншыя прыклады карупцыі. Напрыклад, аднаму з камерсантаў прадалі быццам бы незапатрабаваныя 64 кватэры. І замест мінчукоў, якія мелі патрэбу ў жыллі, недарагія кватэры на фармальна законных падставах куплялі набліжаныя работнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцта Мінгарвыканкама ды іх знаёмыя. "Прычым у большасці выпадкаў не для сябе, а для наступнага перапродажу з добрай маржой", — дадаў Вакульчык.

Дзеянні некаторых з чыноўнікаў ён назваў дробязнасцю і элементарным нахабствам. "Тыя ж кіраўнікі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку рэгулярна наведваліся ў сталічны ЦУМ па тавары, не плацячы за іх. І ладзілі банкеты ў мінскіх рэстаранах за кошт падпарадкаваных прадпрыемстваў", — працягнуў пералічваць старшыня КДБ.

Прывёў ён і такі факт: адзін кіраўнікоў раённай адміністрацыі сталіцы, які ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, кожны тыдзень па чацвяргах бясплатна атрымліваў прадуктовыя наборы з пэўнай сеткавай крамы. "Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Звычайныя рыба, курыца, алей, пельмені і нават марозіва — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка", — абурыўся Вакульчык. Прычым заказы на тавары паступалі не толькі ад самога чыноўніка, але і ад яго жонкі, і ад іншых сваякоў.

Ён перасцярог кіраўніцтва "Мінскводаканала" ад магчымай карупцыі ў сувязі з праектам замены пакватэрных лічыльнікаў вады на новае абсталяванне дыстанцыйнага кіравання. Старшыня КДБ падкрэсліў, што новыя прыборы шмат каштуюць і не вырабляюцца ў Беларусі. Пры гэтым яны працуюць праз інтэрнэт, які ў Беларусі ёсць не паўсюль. 

"Цана пытання замены лічыльнікаў па Мінску па самых сціплых прыкідках складае ад 75 млн рублёў да 250 млн рублёў. І гэта без уліку кошту адпаведнага праграмнага забеспячэння і наступнай апрацоўкі даных. Пры гэтым эканамічны эфект не пралічаны і, як прызнаюць спецыялісты, наогул не зразумела, ці будзе ён. Але кіраўніцтва водаканала поўнае рашучасці ўскласці на насельніцтва, прадпрыемствы і бюджэт у цэлым новыя выдаткі. І гэта на фоне патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб жорсткай эканоміі", — заявіў Вакульчык. На яго думку, у сталіцы ёсць больш надзённыя задачы.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 20.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі