"Кідае і сваіх": настроі дзяржапарату могуць змяніцца не на карысць Лукашэнкі
Дом урада ў Мінску / Еўрарадыё
Настроі цяперашняга дзяржапарату, а за імі і сітуацыя ў Беларусі могуць змяніцца праз тое, што Лукашэнка не збіраецца пакідаць уладу да смерці. Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што ў гэтым намеры Лукашэнка ўмацаваўся пасля падзей у Казахстане. Хоць пасля выбараў 2020 года рыторыка была іншая.
Еўрарадыё сабрала самае цікавае са стрыму з экспертам.
"Старэнькія ўсвядомілі, што трэба сядзець да смерці"
— Цяпер вельмі складана даваць прагнозы. Сапраўды новая сітуацыя — гэта ўсведамленне старэнькіх, што сядзець трэба да апошняга, да смерці, ніякіх транзітаў.
Назарбаеў знік, і яго ўжо нават па імені не называюць. Выступаў 11 студзеня ў парламенце Такаеў. Гаварыў пра Назарбаева, ні разу не назваўшы яго ні па імені, ні па прозвішчы.
Гэта новая сітуацыя ў тым ліку для Беларусі. Мы ж выдатна разумеем, што Лукашэнка не толькі "вонкі" абяцаў свой сыход. Ён абяцаў і ўнутры краіны вялікай колькасці людзей, якія вымушаныя яшчэ заставацца на сваіх працоўных месцах. Гэта і быў сэнс здзелкі з д'яблам: "Ну пацярпіце яшчэ мяне крыху". "Гэты тэрмін дакладна апошні", — расказваў нам кругластольны дэмакрат, тлумачачы новую Канстытуцыю.
Мы бачым, што не. Яна пра іншае. Пра тое, што "я хачу быць вечным". І ў гэтым праблема. Залатая рыбка можа выконваць жаданні да пэўнага толькі моманту. І як усведамленне таго, што Лукашэнка кідае не толькі чужых, але і сваіх, паўплывае на настроі розумаў унутры апарату — гэта вельмі цікавае пытанне.
"Пакуты палітвязняў — жахлівая сітуацыя, але не галоўная"
Дэмакратычным сілам на гэтым фоне не варта арыентавацца на нейкія тэрміны, лічыць Сяргей Чалы.
— Тое, што ён сказаў, што хоча даседзець да 2025 года, не азначае, што ён можа даседзець да 2025 года. Лукашэнка заклінае рэальнасць.
Стратэгічная мэта [ў дэмакратычных сіл. — Еўрарадыё] адна. І яна значна больш глыбокая, чым змяніць Лукашэнку на кагосьці іншага. Мне кажуць: "Яны ж [у Казахстане. — Еўрарадыё] дамагліся адстаўкі ўрада". І што? Крылоўскі квартэт, і зноў граюць тую самую мелодыю.
Мэта папраўдзе — дэмакратызацыя. Стварэнне нармальнай сістэмы, у якой права працуе, змяняльнасць улады, законы працуюць для ўсіх аднолькава. Тут няма дэдлайна. Кожны тактычны крок варта вывяраць, арыентуючыся на гэта.
Апошнім часам ёсць адчуванне, што прыцэл збіваецца. Таму з'яўляюцца такія ідэі: галоўнае — вызваленне палітвязняў. Не, галоўная мэта — дэмакратызацыя краіны.
Зразумела, што пакуты гэтых людзей [палітвязняў. — Еўрарадыё] — жахлівая сітуацыя. Але ці хочуць яны выйсці цаной перагортвання старонкі, працягу сітуацыі, калі на іх месцы з лёгкасцю можа апынуцца такая самая колькасць людзей? Можа, хтосьці пагодзіцца. Я так разумею, ім задавалі гэтае пытанне кругластольныя дэмакраты. Нешта мы не бачым вялікай колькасці ахвотных пісаць прашэнні аб памілаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.