“Кіеў рэальна ацэньвае ўплыў Пазняка”: што дае візіт палітыка ва Украіну
Шчыгельскі, Пазняк і Усаў у Бахмуце з байцамі палка Каліноўскага / t.me/belwarriors
Візіт Зянона Пазняка ў Бахмут дадае “палітычнаму гуру Беларусі” значнасці, але прадстаўляць Беларусь ва Украіне ён усё адно не зможа.
Чаму так, калі ідэалагічна Пазняк вельмі блізкі Украіне, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман распавядае ў эфіры Еўрарадыё.
— Гэта, безумоўна, вельмі моцны крок з боку Шчыгельскага, Усава і Пазняка [якія ездзілі разам. — Еўрарадыё]. Гэта гістарычны крок — трэба вось што разумець. І гэта мяня не здзіўляе, паколькі Усаў і Пазняк — гэта асобы, якія прафесійна займаюцца гісторыяй, ведаюць яе, разумеюць гісторыю і палітыку.
Калі ў будучым гэтую гісторыю будуць вывучаць, момант, што гэтая дэлегацыя з’явілася ў Бахмуце, што яны былі прынятыя каліноўцамі — будзе падкрэслівацца. Так што яны напісалі гісторыю. Гэта такое пытанне на будучыню.
Калі казаць пра сённяшні дзень, візіт узняў палітычную вагу Зянона Пазняка. Яны прыехалі ў Львоў, потым накіраваліся ў Кіеў. Калі б Кіевам усё і скончылася, то можна было б сказаць “прыехала дэлегацыя і прыехала”. Прадстаўнікі Ціханоўскай таксама былі ў Кіеве, там у іх былі сустрэчы. Нічога надзвычайнага. Але яны былі ў Бахмуце, паказалі, што супрацоўнічаюць з каліноўцамі, што каліноўцы гатовыя іх прыняць, размаўляць з імі. І цяпер Пазняк і яго атачэнне будуць успрымацца як людзі, якія цесна звязаныя з палком Каліноўскага, — кажа эксперт.
Разам з тым візіт не азначае, што цяпер Пазняк будзе прадстаўляць беларусаў ва Украіне.
— У Кіеве досыць рэальна ацэньваюць уплыў Зянона Пазняка на палітычнае жыццё Беларусі і ведаюць ягоную біяграфію. Тое, што Зянон Пазняк будзе тым прадстаўніком Беларусі, з якім Кіеў будзе супрацоўнічаць, падаецца малаверагодным. Не таму, што Пазняк не падабаецца Украіне. З пункту гледжання Украіны тое, што кажа і робіць Пазняк, яго негатыўнае стаўненне да Расіі — вельмі-вельмі падабаецца і пасуе да сённяшніх украінскіх наратываў.
Тое, што украінскі бок візіту спрыяў — гэта відавочна. Справа не толькі ў тым, што ім гэты візіт дазволілі. Яшчэ яны былі прынятыя каліноўцамі. Каліноўцы відавочна прыхільна ставяцца да Пазняка. І тут, канешне, узнікае пытанне: паспрыяў украінскі бок гэтаму візіту таму, што яму падабаецца Зянон Пазьняк, або гэта было зроблена як жэст у дачыненні да беларусаў, якія ваююць на украінскім баку? Вось прыязжае чалавек, якога вы паважаеце, які вам падабаецца, з якім вы жадаеце сустрэцца — мы нічога супраць не маем. Тым больш, што нам ён ідэалагічна падыходзіць. Магчыма, гэта і тое, і тое, — рэзюмуе Фрыдман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.