Кікбаксёр Іван Ганін расказаў пра "калідор здзекаў" у жодзінскай турме

Іван Ганін, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка / Еўрарадыё
Іван Ганін, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка / Еўрарадыё

Шматразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе Андрэй Ганін выйшаў пасля 10 сутак арышту і расказаў пра ўмовы ўтрымання ў жодзінскай турме.

"Там нам зладзілі калідор здзекаў, дзе, каб дайсці да камеры — а гэта метраў 400 — трэба было то ў поўным прыседзе ісці, то выскокваць з прыседу, то стаяць, каб таз быў на ўзроўні каленяў", расказаў Ганін "Нашай Ніве".

Па яго словах, такая нагрузка занадта вялікая нават для падрыхтаванага чалавека. Акрамя таго, "гэта пагражала праблемамі з каленямі ўсім удзельнікам".

Ганіна яшчэ і білі. У нейкі момант насупраць яго спыніўся наглядчык, стаў глядзець, як ён выконвае прысяданні.

"А ў мяне з'явілася ўсмешка на твары, ну што яшчэ. Тады ён ударыў мяне ў жывот, здавалася, што цэліўся ў сонечнае спляценне, але прамазаў, ударыў ніжэй і лявей", — кажа спартовец. Прызнаецца, што яму стала смешна.

"Я нават не падумаў біць у адказ, хоць і маю баксёрскія рэфлексы, а накіраваў усю энергію на тое, каб не зарагатаць на ўсю моц. Адзінае што апусціў локці ўніз на выпадак, калі б ён захацеў ударыць", — успамінае спартовец. Наглядчык адрэагаваў фразай "Што лыбішся, байцуха?".

Ганіна і лёгкаатлета, алімпійскага прызёра Андрэя Краўчанку затрымалі 8 лістапада на аўтастаянцы каля Нацыянальнай школы прыгажосці. Абодвум далі 10 сутак. Раней Ганін і Краўчанка асудзілі гвалт з боку сілавікоў і выступілі за новыя сумленныя прэзідэнцкія выбары. Яны таксама ўваходзяць у свабоднае аб'яднанне спартсменаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі