Кіраўніцтва БАТЭ не можа ўплываць на продаж сваіх квіткоў

Замест кіраўніцтва БАТЭ гэтым пытаннем займаецца Беларуская федэрацыя футбола. Але сённяшняя схема продажу квіткоў развязала рукі спекулянтам. І многія заўзятары БАТЭ з-за гэтага не могуць трапіць на футбол. 
Нагадаем, што пасля матчу БАТЭ-"Зеніт" успыхнуў скандал. Піцерскія балельшчыкі перакрычалі беларусаў на іх родным стадыёне. Высветлілася, што квіткі на матч піцерцам перапрадалі беларускія спекулянты. Сам клуб БАТЭ цалкам паўплываць на продаж квіткоў не можа: гэтым пытаннем займаецца федэрацыя футбола.  

“Ёсць балельшчыкі, якія нейкім чынам набылі білеты і спіхнулі іх піцерцам, - канстатуе прэс-сакратар БАТЭ Дзяніс Сарокін. - Гэта дакладны факт. Але, згодна з кантрактам, распаўсюдам білетаў наш клуб не займаецца. Гэта ў кампетэнцыі арганізацыі АБФФ “Путешествие”, структурнага падраздзялення федэрацыі футбола. Таму паўплываць на распаўсюд білетаў мы ніяк не можам. Можам толькі хадайнічаць аб колькасці білетаў, якія могуць прадавацца ў Барысаве.”

У той жа час недасканалая схема распаўсюду білетаў пачала нерваваць не толькі фэнаў БАТЭ, але і саму федэрацыю футбола. Тое самае АБФФ “Путешествие”, па ўсім відаць, не цалкам задавальняе спартыўных чыноўнікаў. У прэс-сакратара беларускай федэрацыі футбола Юліі Зяньковіч Еўрарадыё спыталася, ці будзе АБФФ «Путешествие» займацца распаўсюдам квіткоў на матч з "Зенітам".  

Юлія Зяньковіч: “На гэты матч займацца будуць не яны”

Еўрарадыё: Выходзіць, яны праштрафіліся…

Юлія Зяньковіч: “Не магу сказаць, па якой прычыне гэта адбылося. Як толькі нешта даведаюся, гэтая інфармацыя адразу ж з’явіцца”.

Праўда, на вечар панядзелку 10 лістапада БФФ на сваім сайце афіцыйна пацвердзіла, што схема распаўсюду квіткоў застаецца ранейшай. АБФФ «Путешествие» застаецца пры справе. Слухаўку кіраўніцтва гэтай арганізацыі не здымае. Відаць, спекулянтаў і на гэты раз менш не стане.  

Натуральна, што іспанцаў на матч БАТЭ-"Рэал" прыедзе не так шмат, як піцерцаў на дэрбі БАТЭ-"Зеніт". Але ігракі беларускай каманды не зусім упэўненыя, што беларусы забяспечаць ім падтрымку еўрапейскага ўзроўню.

“Вы не думаеце, што большая частка людзей прыходзіць у нас не за БАТЭ пахварэць, а паглядзець на "Рэал", на "Ювентус", - абураецца Дзяніс Сарокін. - Вось вам сітуацыя з "Зенітам". Стадыён і так не шумеў, а як БАТЭ пачало прайграваць, дык увогуле ўсе сціхлі. Пяць тысяч фанатаў "Зеніта" перакрычалі 25 тысяч беларусаў. Культура хварэць на стадыёнах у нас не развітая зусім. У Барысаве хлопцы за свае грошы набывалі каляровую паперу, сцяжкі, клалі на сядзенні. Прыходзіць балельшчык: “О! Ліст! Добра!” І паклаў пад зад, каб штаны не запэцкаць. Вось у чым праблема”.

Тым часам заўзятары БАТЭ падлічваюць армію прыхільнікаў свайго клубу. Аказваецца, і ў Беларусі з’явіліся фанаты, якія за гонар роднага клуба гатовыя ісці ўрукапашную.   

“У Барысаве на футбол прыходзіць каля 3000 чалавек. Што тычыцца адданых фанатаў, то ў БАТЭ іх каля 150 чалавек, - лічыць прадстаўнік барысаўскай фан-групы “Пяты сектар” Віктар.

Еўрарадыё: “Ці ёсць сярод вас радыкальныя фанаты, якія ў выпадку чаго могуць і пабіцца за родны клуб?”

“Так, гэта так званыя ультрас. Іх 60-70 чалавек”.

Паглядзім, ці змогуць беларусы варта падтрымаць свайго чэмпіёна ў матчы з іспанскім "Рэалам", які адбудзецца  25 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі